Новы сезон – новыя клопаты

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

3-23-09

ЗАЛАЦІСТАЕ ПОЛЕ ЦЫБУЛІ

У ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» выбрана ўжо 30 гектараў цыбулі з 80 пасаджаных. Гаспадарка не першы год спецыялізуецца на вырошчванні гэтай агародніннай культуры. Таму набыта спецыяльная тэхніка, падрыхтаваны кадры. Цыбулевае поле даверана аграному Ігару Баброву. А механізатар Мікалай Лошкін, якога вы бачыце на здымку, выконвае свае штодзённыя абавязкі за рулём тэхнікі. Складзены ў роўныя рады ўраджай падсушваецца, затым цыбуля будзе закладзена ў сховішча. Яна рэалізуецца ў гандлёвыя сеткі краіны, аблспажыўтаварыствам, закрытым сацыяльным установам.

На палетках ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» вырошчваецца і часнок. Ён ужо сабраны з усёй васьмігектарнай плошчы і будзе выкарыстаны на насенне. Ужо прынята рашэнне пашырыць пасяўныя плошчы пад гэтую культуру.

Варта дадаць, што ў нашым раёне гэта адзіная гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні каштоўных агароднінных культур.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ВЕТЭРАНАМ – АД «СУЛЫ»

Па добрай традыцыі сялянская фермерская гаспадарка «Сула», з якой у раённай ветэранскай арганізацыі заключаны дагавор аб спонсарскай дапамозе, і сёлета дапамагла з забеспячэннем ветэранаў вайны, якія пражываюць у горадзе, бульбай на зіму.

– «Сулой», яе кіраўніком Уладзімірам Радзевічам, 22-м ветэранам, у тым ліку двум воінам-інтэрнацыяналістам з інваліднасцю, выдзелена бясплатна па 100 кг бульбы. Бульба ўжо завезена ім на падворкі, – зазначыў старшыня раённага савета ветэранаў Іосіф Язвінскі.

З арганізацыяй дастаўкі другога хлеба аказалі дапамогу тэрытарыяльны цэнтр, а таксама прыватнае прадпрыемства Станіслава Чарняца. Вадзіцель гэтай сацыяльнай установы Сяргей Лапко і вадзіцель прыватнага прадпрыемства Віктар Маркевіч зрабілі ўсё вельмі зладжана і аператыўна.

Ветэранаў вайны сельскай мясцовасці (іх 33), згодна з распараджэннем райвыканкама, забяспечыць бульбай ААТ «Рубяжэвічы». Старшыням сельвыканкамаў і сельгаставарыстваў, на чыёй тэрыторыі пражываюць гэтыя людзі, даручана арганізаваць дастаўку бульбы адрасатам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У ЛЯСГАС – ПА МЁД

У гэтым годзе ў Стаўбцоўскім лясгасе вялікі попыт на мёд. Людміла Бычынская, якая займаецца рэалізацыяй яго на тэрыторыі лясгаса, гаворыць, што ён раскупляецца ўслед, як толькі разлілі па слоіках. Новыя партыі дастаўляюцца з пасек Старынскага, Акінчыцкага, Кляцішчанскага лясніцтваў. Адну тону семсот кілаграмаў прадалі майскага мёду, услед раскупляецца і восеньскі.

Мёдам лясгаса гандлюе і ведамасны магазін Стаўбцоўскага вузла паштовай сувязі. І таксама на прылаўках ён бывае толькі некалькі дзён пасля прывозу. Гэта сведчыць аб тым, што пакупнікі ведаюць ужо яго якасць і беспамылкова робяць свой выбар.

 

ЗАКЛАДВАЕЦЦА СТАБІЛІЗАЦЫЙНЫ ФОНД

Нарыхтоўчы аддзел райспажыўтаварыства прыступае да закладкі стабілізацыйнага фонду.

У камеры для агародніны з сучасным праграмным кіраваннем будуць закладзены морква, капуста, сталовыя буракі, цыбуля. У патрэбным аб’ёме нарыхтоўваецца бульба. Актыўна запаўняецца камера для захоўвання яблыкаў.

У зімовы перыяд і вясною агароднінная прадукцыя будзе пастаўляцца для продажу. Працаўнікі арганізацыі на працягу года актыўна ўдзельнічаюць у кірмашах у сталіцы. Дзякуючы новым камерам прадукцыя выдатна захоўваецца, мае добрыя якасныя характарыстыкі і прэзентабельны выгляд.

 

ЯК І НАЛЕЖЫЦЬ

нову калектыву складаюць маладыя ігракі. Пэўна, спартыўнае кіраўніцтва разлічвае, што ў гэтым сезоне юніёры набяруцца вопыту, а далей усё пойдзе як і належыць. Толькі гэта іхнія праблемы. Нашы ж, як запэўніў трэнер Андрэй Мікалаевіч, імкнуцца трапіць у першую пяцёрку камандаў. Зразумела, перавыкананню праграмы і месцу сярод прызёраў аматары каманды стаўбчан будуць толькі задаволены. Ды для гэтага трэба адольваць не толькі слабейшых, але і больш спрактыкаваных.

Пра гэтую ж гульню на стадыёне «Юнацтва» можна сказаць коратка. Гледачы ўбачылі шэсць галоў, усе – у варотах гасцей.

Іх аўтарамі сталі: двойчы – Віктар Лагуцін, а таксама – Сяргей Каток, Сяргей Маліноўскі, Дзмітрый Даўбейка і Павел Сёмкін. На рахунку каманды «Нёман-Агра» цяпер 26 ачкоў і пакуль сёмае месца ў турнірнай табліцы.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

РЫХТУЕЦЦА ІНТЭРНАТ ДЛЯ МЕДЫКАЎ

Згодна з планамі, напрыканцы бягучага года ў Стоўбцах з’явіцца свой ведамасны інтэрнат у медыцынскіх работнікаў.

Пад ведамасны інтэрнат на 27 месцаў рэканструюецца будынак былога стаматалагічнага аддзялення, размешчаны па вуліцы Вечаркевіча. Гэты будынак пасля пераезду стаматолагаў пад дах новай паліклінікі доўгі час пуставаў.

– Пакуль бурым сцены, каб зрабіць унутры адпаведную перапланіроўку пад жыллё, працуем на даху, – зазначае дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мармузевіч і пры гэтым тлумачыць: – Заказчыкам па распрацоўцы праектнай дакументацыі выступіла цэнтральная раённая бальніца, якая на перыяд будаўніцтва перадала свае функцыі заказчыка нам, упраўленню капітальнага будаўніцтва.

На аб’екце задзейнічаны будаўнікі ПМК-233. Фінансаванне работ ажыццяўляецца з мясцовага бюджэту. Для здачы аб’екта ў эксплуатацыю спатрэбіцца выдаткаваць 580 тысяч дэнамінаваных рублёў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НА МЕСЦЫ ДТЗ ПРАЦУЕ КАМІСІЯ

У бліжэйшы час супрацоўнікі ДАІ правядуць пазапланавае абследаванне дзвюх арганізацый раёна – аўтапарка № 17 і райаграсэрвіса. У яго рамках прадугледжаны мерапрыемствы кантрольнага характару, звязаныя з выкананнем транспартнай і іншай дысцыпліны, а таксама прафілактычная работа ў працоўных калектывах.

Прычынай павышанай увагі да аўтапарка і райаграсэрвіса стала нядаўняе дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам вадзіцеляў двух грузавых аўтамабіляў, якія належаць гэтым арганізацыям.

12 верасня каля 18.30 на скрыжаванні аўтадарогі Р2 Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын і пад’езду да дзіцячага аздараўленчага лагера «Нёман» ад гэтай аўтадарогі, паблізу Драздоў, адбылося сутыкненне аўтамабіля ГАЗ-5312, якім кіраваў вадзіцель райаграсэрвіса, і аўтамабіля МАЗ-5516, якім кіраваў вадзіцель аўтапарка № 17. Рухаючыся па другараднай дарозе, вадзіцель аўтамабіля МАЗ не аддаў перавагу ў руху аўтамабілю ГАЗ, які знаходзіўся на галоўнай аўтадарозе Р2 і кіраваўся ў бок Стоўбцаў.

У выніку ДТЗ вадзіцель аўтамабіля ГАЗ-5312, 1960 года нараджэння, атрымаў цялесныя пашкоджанні. 16 верасня пацярпелы, змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, памёр…

Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа. Вядзецца следства.

Гэтае дарожна-транспартнае здарэнне патрабуе падрабязнага аналізу. Па-першае, загінуў чалавек, вадзіцель з вялікім стажам работы. І адбылася аварыя не з-за «навічка» на дарозе – таксама з удзелам вадзіцеля-прафесіянала.

На месцы ДТЗ працуе камісія, каб устанавіць усе дэталі гэтай дарожнай аварыі.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *