Наша моладзь

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print


molodye-17-08ФОРМУЛА АДКАЗНАСЦІ

Прадстаўнікі моладзі Стаўбцоўшчыны прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага праекта БРСМ «Адкрыты дыялог», тэма якога, з улікам нядаўніх выбараў у парламент краіны, так і называлася – «Моладзь і выбары: формула адказнасці».

Дыялог праходзіў на базе санаторыя «Юнацтва» на Мінскім моры з удзелам старшыні Мінскага абласнога савета дэпутатаў Івана Ліпніцкага, прадстаўнікоў Мінскага аблвыканкама і абласнога савета ветэранаў, а таксама вядомых людзей, такіх як, напрыклад, прызёр Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, спявачка Ірына Дарафеева і інш. Падчас абмеркавання гучалі розныя думкі і погляды – усе яны сведчаць пра імкненне сучаснай моладзі быць актыўнымі ўдзельнікамі палітычных і грамадскіх працэсаў, стваральнікамі цяперашняга і будучага дня сваёй краіны.

Сустрэча прадугледжвала так бы мовіць і практычную частку, вельмі пазнавальную і прыцягальную. Удзельнікі дыялогу пабывалі на экскурсіі па Заслаўі, адным з самых старажытных куточкаў нашага краю, адметным найперш сваім гісторыка-культурным запаведнікам з аднайменнай назвай. У ходзе экскурсіі быў ажыццёўлены запуск новага праекта «QR-горад». Як, дарэчы, стартавала і новая акцыя – «БРСМ – разам!», прысвечаная чарговаму, 14-му, дню нараджэння самай масавай і аўтарытэтнай маладзёжнай грамадскай арганізацыі рэспублікі. Ідучы насустрач юбілейнаму, 15-му, дню нараджэння, саюзная моладзь кожнай раённай арганізацыі Мінскай вобласці падрыхтуе свой арыгінальны «фотапартрэт». Ён стане часцінкай і, адначасова, упрыгажэннем агульнага фотапалатна, прысвечанага Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАРТРЭТ РАЁННАЙ АРГАНІЗАЦЫІ БРСМ

6-га верасня БРСМ адзначыў сваё 14-годдзе. Узрост, скажам так, падлеткавы, аднак дае падставы азірнуцца і ўзважыць, з чым раённая арганізацыя ідзе далей, у «юнацтва». На пытанні адказвае яе першы сакратар Анастасія Калодзінская.

– Раённая арганізацыя БРСМ – гэта…

– 1193 члены арганізацыі, аб’яднаныя ў 80 пярвічных арганізацый, прыкладна 450 з іх працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Найбольш актыўныя пярвічкі – у Стаўбцоўскіх электрасетках, цэнтральнай раённай бальніцы, Цэнтры банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк», Стоўбцыгаз, у гарадскіх школах, Дзераўнянскай школе. Па выніках работы за мінулы год раённай арганізацыі прысуджана трэцяе месца ў Мінскай вобласці.

– Сярод цікавых праектаў, якія рэалізуюцца, значацца…

– Валанцёрства (яго вынікі заўважаны і на ўзроўні рэспублікі), «100 ідэй для Беларусі», «Музей-бус «Кветкі Вялікай Перамогі», прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, «Уладар сяла», турзлёт для працоўнай моладзі і т. п.

– Сярод значных перамог на рахунку арганізацыі…

– Выступленні каманды вясёлых і знаходлівых «Кароткае замыканне», а таксама харэаграфічнага калектыву «Гарошынка» на «Славянскім базары ў Віцебску-2016», дзе прызавыя месцы заваяваны адразу ў дзвюх намінацыях конкурсу «Агонь танца».

– Што ў бліжэйшай перспектыве?

– 1-га кастрычніка, да Дня пажылых людзей, плануем рэалізаваць у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў абласны сацыяльны праект «Рэтра-кіназала». Ён уключае сумесны прагляд старэйшым і маладым пакаленнямі кінафільма з наступным яго абмеркаваннем, абменам думкамі. У гэтыя дні школьнікі будуць не толькі наведваць пажылых людзей, а і дапамагаць ім на прысядзібных участках, у дварах. Больш праектаў і мерапрыемстваў намераны адрасаваць працоўнай моладзі раёна.

Пр

 

ЯК Я СТАЛА ВАДЗІЦЕЛЕМ

Здаецца, зусім нядаўна я, дзяўчынка, садзілася побач з татам, і мы ехалі падарожнічаць. Я з цікавасцю назірала, як ён упэўнена вядзе аўтамабіль, манеўрыруе на дарозе і «замірае» перад чырвоным святлом святлафора. Тата ў мяне прафесіянал – яго вадзіцельскі стаж складае не адзін дзясятак гадоў! Аднойчы дзесьці ў глыбіні душы варухнулася жаданне: а што, каб і самой паспрабаваць сесці на яго месца, за руль?..

І вось не так даўно, пасля трох месяцаў вучобы ў аўташколе, я атрымала вадзіцельскае пасведчанне на сваё імя. Цяпер я ў аўтамабілі не на пасажырскім сядзенні, а за рулём, замест таты, і лаўлю на сабе позіркі прахожых. І сапраўды, што яны пра мяне думаюць? Стараюся рухацца плаўна, акуратна, у адпаведнасці з Правіламі дарожнага руху, і не даваць «ежы» скептыкам, якія лічаць дзяўчат і жанчын за рулём «бомбай». Разважаю пра тое, чым запоўніць вячэрні час, які раптам вызваліўся пасля здачы экзаменаў у ДАІ…

Канец заняткам у аўташколе! Шчыра кажучы, прыступаць да іх было страшнавата. Не пакідалі сумненні – спраўлюся ці не. Магчыма, з-за гэтага і пайшла вучыцца не ў Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарча (па-простаму – вучэбны цэнтр), дзе, ведаю, даўно займаюцца падрыхтоўкай вадзіцеляў розных катэгорый, а выбрала альтэрнатыўную аўташколу, якая належыць прыватнаму прадпрыемству «СлаўАўтаЛюкс». Гэтая аўташкола акурат суседнічае з маёй гімназіяй. Мне яна падалася знаёмай, блізкай…

Калі была яшчэ школьніцай, з акна свайго класа часта назірала за курсантамі аўташколы, якіх тут збіралася шмат. Калі стала студэнткай, зразумела, што прыйшоў мой час папоўніць шырокія рады курсантаў і аўтааматараў. Па той самай дарозе, што вяла мяне ў гімназію, прыйшла ў аўташколу. Запомнілася першая сустрэча з аднагрупнікамі, людзьмі рознага ўзросту і сацыяльнага статусу. Аднак мэта ва ўсіх нас была адна, таму хутка «згрупіраваліся» і нават пасябравалі.

Падрыхтоўка ў аўташколе пачалася з вывучэння тэорыі. Заняткі ў аўдыторыі, мноства сухой інфармацыі… А мне «пашанцавала» больш чым каму, таму што паралельна здавала экзамены і ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

Падчас перапынкаў мы размаўлялі толькі аб адным – калі ўжо пачнецца ваджэнне аўтамабіля, і з нецярпеннем чакалі таго моманту, калі зможам прымяніць свае тэарэтычныя веды на практыцы.

Маім інструктарам па ваджэнні быў прызначаны Вячаслаў Альбертавіч Шакаль. Літаральна з першага знаёмства з гэтым чалавекам я зразумела, што трапіла «па адрасе». Сур’ёзны, але з тонкім пачуццём гумару, які асабліва падкупляе курсантаў. «Паспрабуй паехаць!» – прапанаваў ён на аўтадроме пасля падрабязных тлумачэнняў. Ды я так расхвалявалася, што ўсё вылецела з галавы. Вячаслаў Альбертавіч глянуў на мяне з усмешкай, яшчэ раз паўтарыў… А з падтрымкай настаўніка прыйшла і ўпэўненасць у сабе. Далей усё пайшло сваім парадкам: мяне і хвалілі, мне і заўвагі рабілі. На іх старалася не крыўдзіцца, а хутчэй выправіцца.

Напрыканцы вучобы ў аўташколе я адчувала сябе тэарэтычна і практычна падкаванай. Вось толькі б, марыла я, МРЭА ДАІ яшчэ ў гэтым пераканаць… Ад сваіх папярэднікаў наслухалася розных «страшылак» аб шматразовых «хаджэннях» у гэтую арганізацыю… Кагосьці тэорыя падводзіць, камусьці – абстаноўка на дарозе не «паспрыяе», а ў інспектара, між іншым, не застаецца незаўважанай ніводная дробязь, ды і відэарэгістратар усё фіксуе. На гэтым імкнулася не зацыклівацца, але цудоўна ўсведамляла, што атрымаць вадзіцельскае пасведчанне не так і лёгка…

Ужо ў мінулым засталіся хваляванні, звязаныя са здачай экзаменаў у МРЭА ДАІ. Тэарэтычны экзамен скарыўся мне з першай спробы. Было адчуванне шчасця. Экзамен па ваджэнні аказаўся з больш цяжкім «пад’ёмам», але і ён быў пераадолены. Інспектары – экзаменатары строгія, прынцыповыя, таму што на іх ляжыць адказнасць за якасць падрыхтоўкі тых, хто заўтра выедзе на дарогу.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *