З размеркаваннем пашанцавала

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

4-23-09

Пасля заканчэння Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе атрымала спецыяльнасць эканаміста-менеджара, Кацярына Шмат была накіравана на працу ў ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Гэта быў год, калі ў таварыства прыйшла цэлая група маладых спецыялістаў. Літаральна ўсе яны сёння працягваюць працаваць. Нават паспелі ўжо кар’еру зрабіць. І Кацярына таксама. Яна прызначана нядаўна галоўным бухгалтарам. Дырэктар Сяргей Мельнік робіць стаўку на моладзь і дае магчымасць кожнаму маладому спецыялісту самарэалізавацца. Кіраўнік задаволены, што Кацярына Шмат вярнулася на прадпрыемства пасля дэкрэтнага водпуску.

 – Яна праявіла сябе ведаючым спецыялістам і заслужыла пасаду галоўнага фінансіста, – гаворыць Сяргей Мікалаевіч. – Спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. І ўвогуле мы сёлета правялі аптымізацыю адміністрацыйна-кіраўніцкага персаналу. Ключавыя пасады занялі маладыя.

Кацярына Аляксандраўна расказвае, што мяняць месца працы і не думала, бо сёння знайсці работу па спецыяльнасці нялёгка. А ў Лунінцы, адкуль родам, і тым больш. Ды і ўражанні ад калектыву засталіся ў яе самымі станоўчымі.

– Дагэтуль памятаецца той самы першы дзень працы, – працягвае размову галоўны спецыяліст. – Сустрэлі ветліва. Вопытныя работнікі дапамаглі ўвайсці ў курс спраў. Мне пашанцавала, што размеркаванне атрымала менавіта ў гэтую арганізацыю і воляю лёсу апынулася на Стаўбцоўшчыне. Райцэнтр невялікі, кампактны. Вельмі зручна, што ходзіць электрычка. Жыву з сынам, якому споўнілася чатыры гады, у інтэрнаце маторнага завода. Муж працаваў у Пінску, зараз служыць у арміі. З нецярпеннем чакаем яго дадому. Знойдзецца месца працы, бо прафесіі, якімі валодае (зваршчыка і вадзіцеля), запатрабаваныя.

У Кацярыны Шмат задум нямала, і яна будзе старацца іх увасабляць. Лічыць, што трэба спадзявацца толькі на сябе і старацца абавязкова дабівацца пастаўленай мэты. Самае галоўнае, каб сям’я была разам і жылі дружна. Зразумела, жыллё сваё набыць. А астатняе прыкладзецца.

Дарэчы, Кацярыне Аляксандраўне работа падабаецца. Яна лічыць яе вельмі важнай. Так на самай справе і ёсць, бо ніводная эканоміка свету не можа абысціся без бухгалтарскага ўліку. Галоўны бухгалтар трымае ў руках фінансы і ад таго, як граматна ён будзе весці справу, як распарадзіцца капіталам, будзе залежаць і дабрабыт прадпрыемства.

 Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *