Пашпарты гатоўнасці – не ва ўсіх

Ахова працы Нумары

image_pdfimage_print

1 кастрычніка завяршаецца тэрмін афармлення пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд 2016-2017 гадоў.

– Да 15 верасня павінны былі завяршыцца ўсе падрыхтоўчыя, прафілактычныя і рамонтныя работы да чарговага ацяпляльнага сезона, а да 25 верасня – забяспечана афармленне пашпартоў гатоўнасці, – падкрэсліваюць намеснік начальніка Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд» Анатоль ГЕРАСІМОВІЧ і інспектар Сяргей ХВАСЬКО. – Атрыманне пашпартоў гатоўнасці ўстановамі, арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці на тэрыторыі раёна прадугледжана адным з пунктаў рашэння раённага выканаўчага камітэта № 520 ад 22 красавіка 2016 года «Аб выніках работы прадпрыемстваў і арганізацый Стаўбцоўскага раёна ў ацяпляльны перыяд 2015-2016 гадоў і задачах па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду 2016-2017 гадоў». У сувязі з гэтым энерганаглядам быў распрацаваны і зацверджаны графік рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд 2016-2017 гадоў.

Пытанне падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона разгледжана ў верасні на пасяджэнні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях. Паводле апошніх даных, на Стаўбцоўшчыне са 136-ці спажыўцоў цеплавой энергіі атрымалі пашпарты гатоўнасці 111, ці 81,6 працэнта, з 94-х цеплакрыніц – 61, ці прыкладна 65 працэнтаў. У першы месяц восені некаторыя арганізацыі «ўскоквалі», што называецца, у апошні вагон, таму іх дакументы на даны момант знаходзяцца ў рабоце.

Большасць жа спажыўцоў праявіла адказнасць і дысцыплінаванасць, каб укласціся ў вызначаныя тэрміны ці нават зрабіць усё неабходнае датэрмінова. Так, яшчэ да 1 верасня былі «пашпартызаваны» ўсе ўстановы сацыяльнай сферы (ахова здароўя, адукацыя, культура), а таксама ўсе 24 шматпавярховыя дамы жыллёва-будаўнічых кааператываў. Аб’яднанне камунальных службаў таксама праводзіла гэтую работу ў ведамасным жыллёвым фондзе, аднак да канца яна яшчэ не даведзена.

Камунальнікамі раёна не ўсе пытанні вырашаны і адносна гатоўнасці да работы ў зімовых умовах цеплакрыніц, якія знаходзяцца на балансе іх прадпрыемства. Да прыкладу, да гэтай пары не ліквідавана працяканне на даху кацельні Навасвержанскай школы, хоць тэрмінамі прадугледжана зрабіць гэта на пачатку жніўня. Нездавальняючы тэхнічны стан кацельні Цясноўскай школы і, акрамя таго, там па-ранейшаму адсутнічае рэзервовая крыніца сілкавання. Кіраўніцтва АКС пісьмова паведаміла энерганагляду, што для забеспячэння тэхнічнай магчымасці падключэння мабільнага дызельнага агрэгата ў дзеючую схему электразабеспячэння будзе ўстаноўлена сілавая шафа. Пакуль не падпісаны пашпарт гатоўнасці кацельні цэнтральнай раённай бальніцы, дзе выяўлена працяканне ў пласціністых параводанагравальніках і выкарыстоўваюцца манометры, у якіх скончыўся тэрмін эксплуатацыі.

Акрамя вышэйназваных цеплакрыніц, камунальнікам неабходна тэрмінова заняцца і кацельнямі на сваім участку ў Дзераўной. На будынку цэнтральнай кацельні, якая знаходзіцца на вуліцы Набярэжнай, трэба рамантаваць дах. Неабходныя для гэтага матэрыялы, па словах работнікаў АКС, закуплены.

Не першы год узнікае пытанне адносна кацельні ААТ «Агранёманскі». Гаспадарка пакуль утрымлівае яе на сваім балансе і рыхтуецца да перадачы кацельні АКС. Сёлета вядуцца работы па замене гарэлак на катлах, каб дабіцца кантролю герметычнасці запорнай арматуры і, нарэшце, атрымаць заключэнне Дзяржпрамнагляду.

Супрацоўнікі энерганагляду нагадваюць, што з набліжэннем халадоў уключэнне сістэм ацяплення будзе ажыццяўляцца згодна з чарговасцю: у першую чаргу пры ўстанаўленні на вуліцы тэмпературы паветра на працягу пяці сутак +10о С і ніжэй – у медыцынскіх установах, установах сацыяльнага забеспячэння, школах, дзіцячых садках, музеях і т. п.; у другую чаргу пры ўстанаўленні тэмпературы паветра на вуліцы +8о С і ніжэй – у жыллёвым фондзе, інтэрнатах, гасцініцах і т. п.; у трэцюю чаргу – у адміністрацыйных будынках, на прамысловых прадпрыемствах і т. п.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *