Край наш родны

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

7-23-09

ЛЯСНАЯ ШЧОДРАСЦЬ

Я не пра багацце лясных дарункаў прыроды. Ягадны сезон быў шчодрым, ды ён закончыўся. А вось грыбнымі знаходкамі наўрад ці хто цяпер пахваліцца. Верасень зноў пакуль засушлівы. А «не пойдут дожди – грибов не жди».

Значыць, у чаканні хоць можа і позняга, але грыбнога раздолля, будзем прыгадваць мінулае. Заўважыў, што і на лясных сцяжынках людзі пераважна сустракаюцца ветлівыя. Хоць і незнаёмыя, добрага дня, удачы пажадаюць, часам і шанцункам баравіковым пахваляцца.

А вось неяк скіроўваю на сваю запаветную палянку. А там сабака не пускае. Ён можа і не такі злосны. Проста вартуе веласіпед, справу сумленна робіць, што яму гаспадар даручыў. Абышоў я таго «вахцёра» з тылу, чую крык з гушчару: «Ідзі сюды!» Чаго чалавек гэтак лямантуе: можа, яму недабрыцца ці якога звера злоснага ўбачыў, на дапамогу заве? Паспяшаўся, а ён: «Табе апенькі трэба? Во, бяры!»

Ажно разгубіўся ад такой шчодрасці. Усё ж пытаю асцярожна: «А вам яны непатрэбны?» «Паглядзі, колькі іх вакол, усе пні, ствалы ўсеяны. Ды я больш лісічкі збіраю».

Паказаў яму блізкія лісічкавыя схованкі – за дабро дабром плацяць. А сам толькі паспяваю зразаць карычневыя, з адмысловым малюнкам на шапцы, грыбочкі. Тут адной дружнай сямейкай можна пакет напоўніць, а побач – другая, і яшчэ, і яшчэ. Задаволены і мой без комплексаў, але добры ў душы, новы знаёмы. Якраз прайшлі дажджы – і на лісічкі ўраджай. Так вось і развіталіся на лясной дарозе.

А вось гэтая гісторыя – з расказу пенсіянеркі, настаўніцы (не скажу былой, бо настаўнікі былымі не бываюць). Папрасіла яна сына, каб завёз у лес. А лес цяпер далёка не той, пра які апавядаў Колас, калі «грыбы самі ў кошык скачуць». Тут і бываламу грыбніку трэба ногі збіць, каб дастойна дамоў вярнуцца.

Адным словам, тупала-хадзіла жанчына па ўзлеску, бо далей ісці нязвыкламу страх, каб не заблудзіцца. Нічога не трапляе. А тут да дарогі кіруе хлопец. «Добры дзень! – вітаецца. – У вас пакуль без знаходак? Давайце падзялюся!»

І высыпае ў карзіну жанчыны ўсё змесціва рукзака. Тая аж разгубілася ад нечаканасці: «А вам жа што застанецца?» «А мне не трэба, – усміхаецца хлопец, – бярыце, калі ласка!»

Можа і праўда не надта патрэбны яму грыбы. Задаволіўся, пахадзіў па лесе, падыхаў свежым паветрам. Знаходкамі палюбаваўся. А калі студэнт, то гэта ж не пельмені, трэба ўмець іх яшчэ прыгатаваць у інтэрнаце. Як бы ні было, але дабрыня – праява ўдзячная, радасная.

Вось і гэтая жанчына, якая атрымала ў лесе нечаканы дарунак, шчыра ўдзячная маладому чалавеку. Ды і ён адчувае гордасць. Адным словам, лес тым і прыцягальны, што, як бы ні стаміўся, а вяртаешся заўсёды задаволены.

Ф. ФЯДОТАЎ

 

З ГОРАДА ІМКНЁМСЯ НА ПРЫРОДУ

Жыццё вяскоўцаў праходзіць на ўлонні роднай прыроды. Але цяжка спазнаць узаемасувязь чалавека з прыродай гараджанам, асабліва тым пакаленням, што нарадзіліся ўжо ў гарадах.

Зразумела, я паважаю аматараў загарадных шпацыраў і здаровага ладу жыцця. Да таго ж, навукоўцы эксперыментальна давялі, што добрае самаадчуванне чалавека наўпрост залежыць ад колькасці часу, праведзенага на прыродзе. Менавіта пасля такога адпачынку чалавек становіцца больш энергічным і абароненым як фізічна, так і псіхалагічна: нам проста патрэбна як паветра бываць на прыродзе і сябраваць з ёй. Клапаціцца пра яе, абараняць!

Нам здаецца, што мы любім нашы лясы, палі, птушак і жывёл. Але ж любіць таксама трэба ўмець. Вось падбераце вы ў лесе птушаня, якое выпала з гнязда, і прынесяце дахаты – здаецца, з любові да яго. Але выгадаваць не здолееце, яно загіне. Чаму? Таму што яго трэба карміць лясной ежай – кузуркамі, лічынкамі – праз кожныя 15-17 мінут увесь дзень. А вось калі б вы пасадзілі яго на галінку, у яго быў бы шанц, што птушка-мама яго знойдзе і выкарміць…

Нават простая цікаўнасць чалавека да загадак птушынага ці жывёльнага свету можа прывесці да дрэнных наступстваў.

… Ішоў чалавек па лесе, убачыў птушачку, якая выпырхнула з гнязда, рассунуў галіны і траву, палюбаваўся пярэстымі яечкамі ці жаўтаротымі птушанятамі і пайшоў далей, але гняздо ўжо рассакрэчана, яго лёгка могуць выявіць крумкачы, тхары, лісіцы.

Вы любіце хадзіць у лес у грыбы, ягады. Вы ўмееце іх збіраць? Можа, вы здзівіцеся: «А што тут умець? Ірві, ламі – галоўнае, набраць кошык». Але пры такіх адносінах ягаднік на наступны год застанецца пустым, вы дарма прыйдзеце на гэтае месца, вы самі яго загубілі.

Не ўладкоўвайце прывалы на ягадных палянах. Глеба ад бясконцага вытоптвання хварэе, ушчыльняецца, прамярзае – і тады на змену ягаднікам прыходзіць пустазелле. Нельга абломваць галінкі каліны, рабіны, ляшчынніку – дрэвы будуць хварэць, стануць уразлівымі для шкоднікаў.

Мы цешымся ў лесе выдатнымі кветкамі, многія хочуць прынесці іх дахаты, як мага больш. Але лясныя кветкі прыгожыя толькі на сонечнай паляне. Не паспееце вы данесці іх дахаты, як яны звянуць, і вы выкінеце іх. А яны маглі застацца ў лесе і цешыць іншых. Таму не рвіце іх, дайце ім магчымасць адкрасаваць, рассеяць сваё насенне. І тады на наступны год вас сустрэне такая ж прыгожа-чароўная палянка.

Пры наведванні лесу, рэк, вадаёмаў мы проста абавязаны захоўваць там чысціню. Памятайце, што кінутая ў лесе папера не згнівае два гады, цэлафан – 200 гадоў, а шкло праляжыць 1000 гадоў. А разбіваць шкляны посуд у месцах адпачынку – гэта сапраўднае злачынства, якое выклікае сур’ёзныя траўмы ў людзей, што прыйдуць сюды ўслед за вамі.

Забруджанне прыроды – гэта бумеранг, які спрацуе супраць нас саміх. Таму, сыходзячы з лесу, паклапаціцеся пра тое, каб пасля вас не засталося смецця. На прыроду ездзяць, галоўным чынам, на аўтамашынах. Дык няўжо гэта цяжка – пакласці ў багажнік пустыя бутэлькі, упакоўкі ад напояў і абеду. Адзінае, што можна пакінуць у лесе, – гэта рэшткі хлеба і іншых прадуктаў, іх з’ядуць звяркі.

Здавалася б, нявінная рэч – у лесе ўключыць музыку на ўсю моц. Але многіх птушак досыць некалькі разоў спудзіць шумам з гнязда, каб наседжаныя яйкі загінулі. Рэзкія гукі шкодна ўплываюць таксама на казурак. Ад вібрацыі паветра, якую выклікае сучасная музычная апаратура, не могуць узняцца ў паветра чмялі, жукі; звяры пакідаюць месцы рассялення. Гучная музыка можа перашкодзіць адпачынку іншых людзей, вашы музычныя прыхільнасці могуць выклікаць у іх толькі раздражненне. Таму на прыродзе больш прывабна слухаць натуральны шум: шолах дрэў, цурчанне раўчука, спеў птушак. Усё гэта аказвае аздараўленчы ўплыў на фізічны і духоўны стан чалавека.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *