Няўхільна выконваць рашэнні Усебеларускага народнага сходу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе няўхільнага выканання прынятых на Усебеларускім народным сходзе рашэнняў. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу ў ходзе даклада ўрада аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2016 года, праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год.

«Традыцыйна ў другой палавіне года мы абмяркоўваем задачы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі на перспектыву, перш за ўсё бліжэйшую. Гэты год асаблівы, з яго пачынаецца новая пяцігодка. Роўна тры месяцы таму на пятым Усебеларускім народным сходзе мы прынялі рашэнне па самых важных пытаннях развіцця дзяржавы, зацвердзілі Асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Неабходна, каб наступныя крокі – гадавыя планы і прагнозы, накіраваныя на рэалізацыю прыярытэтаў праграмы пяцігодкі, – поўнасцю адпавядалі таму, што абяцана народу на з’ездзе і адобрана яго дэлегатамі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на асобныя моманты, якія яго насцярожваюць: «Урад дакладвае, што ў цэлым стабільнасць захавана, у поўным аб’ёме і ў тэрмін разлічваемся па ўсіх дзяржаўных абавязацельствах, валютных даўгах, ствараюцца ўмовы для якаснага паляпшэння макраэканамічных параметраў. Тым не менш сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што намецілася адмоўная дынаміка і ў сельскай гаспадарцы, істотна недабірае будаўнічая галіна. Скарачаецца экспарт, зніжаюцца інвестыцыі. «У выніку няма галоўнага – росту эканомікі, нават таго, які мы запланавалі, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым Прэзідэнт адразу папярэдзіў – спасылкі на знешнія ўмовы не прымаюцца. «Калі мы адстойваем незалежнасць сваёй дзяржавы, то павінны зарабляць уласнай працай, робячы стаўку на ўнутраныя рэзервы, больш таго – усялякія спасылкі, праблемы і цяжкасці, плануючы бягучы год, мы прадугледжвалі, і не адзін раз, яны ўжо закладзены ў нашы паказчыкі», – запатрабаваў беларускі лідар. Паводле яго слоў, унутраныя рэзервы слаба выкарыстоўваюцца як у зніжэнні сабекошту прадукцыі, укараненні новых тэхналогій, так і ў кіраванні прадпрыемствамі. «Іншымі словамі, у ведах і тэхналогіях – ключ да вырашэння праблем і руху наперад. Аб гэтым мы гаварылі на Усебеларускім народным сходзе», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

БелТА