Гэта наш стаўбцоўскі кірмаш

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

2-28r

Гэтая нядзельная раніца на Цэнтральным, ці як яго яшчэ называюць Калгасным, рынку райцэнтра была асабліва ажыўленай. Восеньскі кірмаш – выдатная магчымасць усім, хто мае патрэбу, забяспечыць сябе неабходнымі прадуктамі харчавання, найперш дарамі палеткаў, садоў і агародаў. І хто крыху прыпазніўся, таму няпроста было знайсці месца для паркоўкі свайго легкавіка. Іншыя скарыстоўвалі прасцейшы транспарт – веласіпеды, каляскі.

Выбар жа быў багатым. Як весела імправізавалі мясцовыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці: «Наварыце густа – буракі, капуста…» А самы галоўны клопат гэтай парой, вядома, пра бульбу. Хоць што за клопат – выбірай гатунак, які падабаецца. Амаль усе гаспадаркі, якія прывезлі тавар на кірмаш, прапаноўвалі сеткі з «другім хлебам». І цэны памяркоўныя: прыкладна па 25 капеек за кілаграм. Збожжа – таксама ў межах 20-25 капеек. Цыбуля, морква, агуркі, памідоры, яблыкі і грушы, свежы мядок. Вочы разбягаюцца, цэны не кусаюцца. Так што наўрад ці хто, завітаўшы на кірмаш, вяртаўся дамоў без пакупак.

Святочны настрой стваралі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Так, нельга было не прыпыніцца каля машыны з ААТ «Рубяжэвічы», дзе хораша ўслаўлялі працу хлебаробаў мясцовыя артысты (на здымку ўверсе). Мастацкія праграмы падрыхтавалі «Коласавы землякі», калектывы з ААТ «Агранёманскі», «Вішнявецкі-агра». Раённая камісія адзначыла выдатнае афармленне, багаты асартымент і ўмелае прадстаўленне прадукцыі ААТ «Дзераўное».

Адзвінеў восеньскі кірмаш, а ў бліжэйшую нядзелю чакаецца наступны. Насельніцтву будзе прадстаўлены шырокі асартымент сельскагаспадарчай прадукцыі, іншых тавараў. Адзначым, што акрамя сельгаставарыстваў у восеньскіх кірмашах прымаюць удзел арганізацыі гандлю, грамадскага харчавання, прамысловасці, бытавога абслугоўвання.

Ф. ФЯДОТАЎ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *