Племянной справе – увага

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У жывёлаводаў раёна лічыцца падзеяй правядзенне штогадовага конкурсу тэхнікаў-асемянатараў. У гэтым годзе ён прайшоў 28-мы раз. Конкурс адметны тым, што з’яўляецца атэстацыйным, гэта свайго роду экзамен на адпаведнасць пасадзе і на кваліфікацыю. Таму ў ім прымаюць удзел усе тэхнікі-асемянатары жывёлагадоўчы фермаў раёна – іх 52 чалавекі.

Сярэдні ўзрост гэтых спецыялістаў у раёне складае 42 гады. Насколькі гэта сімпатычныя, простыя, культурныя і дастойныя людзі, паказала цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу і ўзнагароджання пераможцаў у Доме культуры вёскі Горкі, цэнтра адкрытага акцыянернага таварыства «Жацерава». Прыемна было паглядзець у залу – публіка выклікала сімпатыю. Адметна, што і гэтая прафесія ў сучасны момант мае жаночы твар – у ліку тэхнікаў-асемянатараў раёна толькі шэсць мужчын.

3-28q

Урачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў конкурсу папярэднічаў экзамен у райплемстанцыі. Сваімі меркаваннямі падзялілася дырэктар стаўбцоўскай райплемстанцыі Людміла Курыльчык:

–  У атэстацыйным конкурсе ў гэтым годзе прынялі ўдзел 48 тэхнікаў штучнага асемянення кароў, – расказвае Людміла Эдуардаўна. – Конкурс дае магчымасць замацаваць практычныя навыкі, садзейнічае ўдасканаленню прафесіяналізму, авалоданню новымі методыкамі і, безумоўна, стымулюе працу гэтых вельмі важных у сельскагаспадарчай галіне спецыялістаў. Іх работа значная ў тым плане, што ад іх прафесіяналізму, добрасумленных адносін да справы залежыць стан усёй жывёлагадоўчай галіны: будзе асемяненне – будуць ацёлы, цяляты, а значыць – будзе малако, таварная прадукцыя, ад якой залежаць эканамічны стан сельгаспрадпрыемстваў і дабрабыт нашай краіны.

–  Людміла Эдуардаўна, прыемна назіраць, з якой павагай кіраўніцтва раёна адносіцца да тэхнікаў штучнага асемянення кароў. Наколькі ўкамплектаваны штат аграрнага сектара раёна такімі спецыялістамі?

–  Калі гаварыць аб рабоце тэхніка-асемянатара, то яна вельмі няпростая. Сама я па спецыяльнасці ветэрынарны ўрач. Падчас вучобы ў Акадэміі ветэрынарнай медыцыны мы праходзілі адпаведны курс, і для мяне гэтая работа не складаная. Аднак займацца такой справай з дня ў дзень, на працягу многіх гадоў можа толькі той, у каго ёсць прызванне. Прывяду такі прыклад. Я пяць гадоў узначальваю племстанцыю нашага раёна. За гэты час на курсах у спецыялізаваным вучэбным цэнтры ў Сеніцы пад Мінскам прайшлі навучанне 23 чалавекі, і толькі шэсць засталіся працаваць на гэтай пасадзе. Так што мы вельмі беражліва адносімся да тых спецыялістаў, хто працуе многія гады, мае выдатныя вынікі, практыкуе настаўніцтва, дапамагае нам рыхтаваць маладыя кадры. Для нас знамянальным быў 2015 год. Тэхнік-асемянатар ААТ «Каганец», пераможца мінулагодняга конкурсу, Ганна Канатка ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – медаля «За працоўныя заслугі». Наша племстанцыя за высокія паказчыкі работы атрымала гонар удзельнічаць у абласных «Дажынках» у Лагойску. У 2015 годзе мы атрымалі на 100 матак выхад 100 цялят. У Мінскай вобласці ў табліцы вышэй за нас толькі Слуцкая райплемстанцыя з паказчыкам на 100 матак 101 цялё.

–   Людміла Эдуардаўна, як у гаспадарках раёна скарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі і абсталяванне для штучнага асемянення кароў?

– На кожнай малочнатаварнай ферме маюцца пункты штучнага асемянення кароў, набыта абсталяванне, створаны належны тэмпературны рэжым, праводзіцца пастаянны кантроль за ўмовамі работы на пункце. Мы імкнёмся стымуляваць добрасумленныя адносіны да працы тэхнікаў-асемянатараў, падтрымліваць іх і беражліва адносіцца да кадраў.

Шчыра і сардэчна звярнуўся да прысутных у зале на ўрачыстым уручэнні ўзнагарод першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень. Ён адзначыў, што на ўсіх узроўнях прыдаецца вялікае значэнне важнасці і значнасці ў жывёлагадоўчай галіне працы тэхнікаў-асемянатараў. Нельга пераацаніць уклад людзей гэтай прафесіі ў агульную справу. Дзяніс Сяргеевіч адзначыў, што на плечы тэхнікаў-асемянатараў, сярод якіх большасць жанчын, ускладзена нялёгкая ноша. Ён падзякаваў ім за добрасумленную працу, за вернасць прафесіі, за вялікі асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна. І запэўніў, што заўсёды будзе падтрымліваць іх, заклікаў звяртацца да яго ў любых жыццёвых сітуацыях.

Першае месца (набрала 99,5 бала) на конкурсе атэстацыі заняла малады тэхнік-асемянатар ААТ «Каганец» Аксана Галавач. Акрамя дыплома і прэміі ёй быў уручаны пераходны прыз, зацверджаны ў гэтым годзе. На наступных конкурсах ён будзе перадавацца новым пераможцам. Другое месца прысуджана  Святлане Даргевіч з ТАА «СЖК «Налібакі», трэцяе – Эрне Фішар з ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Аксана Галавач у лістападзе прыме ўдзел у абласным конкурсе прафесіянальнага майстэрства тэхнікаў штучнага асемянення кароў.

За настаўніцтва, вернасць прафесіі, высокія вынікі ў селекцыйна-племянной рабоце грашовымі прэміямі і граматамі былі адзначаны Галіна Канатка з ААТ «Каганец», раённае звяно па ўзнаўленні, якое ўзначальвае Антон Касцюкевіч, самы малады тэхнік-асемянатар раёна Наталля Кордан з СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і галоўны заатэхнік ТАА «СЖК «Налібакі», які выконвае абавязкі ветэрынарнага ўрача-гінеколага, Уладзімір Чарняўскі.

Падзякі і грашовыя прэміі лепшым тэхнікам-асемянатарам падрыхтаваў абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Яны былі ўручаны Кацярыне Кухарчык з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», Валянціне Паляшчук з ААТ «Каганец», Валянціне Адамовіч з ААТ «Агранёманскі», Алене Шапялевіч з ТАА «СЖК «Налібакі».

Сардэчна павіншавала ўдзельнікаў конкурсу, выказала ім словы ўдзячнасці за працу і прызнанне і старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў  аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. Яна ўручыла падзякі Таццяне Рубін з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», якая па выніках конкурсу заняла чацвёртае месца, Раісе Жук з ААТ «Каганец», Марыі Руч’ёвай з ААТ «Дзераўное».

Надзею на далейшую плённую і выніковую працу, дасягненне новых вышынь у дзейнасці выказала і начальнік жывёлагадоўчага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Галіна Шуранкова.

Усе ўдзельнікі атэстацыйнага конкурсу атрымалі заахвочвальныя прызы, прафінансаваныя райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Урачыстасць упрыгожыў канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Горкаўскага дома культуры.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: пераходны прыз уручаны пераможцы конкурсу Аксане Галавач з ААТ «Каганец»;прэмію Антону Касцюкевічу ўручае першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень; Валянціне Паляшчук з ААТ «Каганец» – віншаванне абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу; добры настрой пакінула ўрачыстасць у Эрны Фішар з ААТ «Радзіма Якуба Коласа»; прыемна парадавацца поспехам калег.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *