Прафесія без права на памылкі

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

5-28w

У верасні аднавіла работу стацыянарнае аддзяленне, якое называюць тэрапіяй-2, што месціцца ў асобным будынку, дзе і інфекцыйнае. На летні перыяд медыцынскі персанал пайшоў у адпачынак, у аддзяленні былі праведзены рамонт, дэзынфекцыя, іншыя неабходныя планавыя мерапрыемствы.

Пачатак восені суправаджаецца абвастрэннем хранічных захворванняў, прастудных, у паветры пачынаюц «гуляць» вострыя рэспіраторныя інфекцыі. І 25 ложкаў тэрапіі-2 заўсёды запатрабаваны.

Аддзяленне гэтае адметнае тым, што тут працуюць вопытныя медыцынскія кадры, як медыцынскія сёстры Лілія Раманейка, Марыя Хілюціч, працэдурная медсястра Жанна Рачок (яе вы бачыце на здымку злева). Старшая медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення Людміла Бараноўская характарызуе медыцынскіх работнікаў як граматных, адказных, верных сваёй прафесіі. Сама яна медыцыне аддала многія гады, мае ў калектыве цэнтральнай раённай бальніцы высокі аўтарытэт і павагу.

У бягучым годзе штат тэрапіі-2 абнавіўся, калектыў прыняў маладога спецыяліста – медыцынскую сястру Віталію Зуеву.

Прадстаўніком маладога пакалення медыцынскіх работнікаў можна лічыць і ўрача-ардынатара тэрапеўтычнага аддзялення Вольгу Каспяровіч (на здымку з Людмілай Бараноўскай), хоць стаж яе работы складае ўжо каля дзесяці гадоў. У штаце медустановы Вольга Мікалаеўна ў ліку тых, хто застаўся працаваць на роднай зямлі, у сваім раёне. Выпускніца Заямнаўскай сярэдняй школы закончыла спачатку Мінскае медыцынскае вучылішча і была размеркавана на працу ў дзіцячую кансультацыю стаўбцоўскай бальніцы. У яе саспела прадуманае рашэнне стаць урачом, і яна прыклала намаганні, каб паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Пасля паспяховага заканчэння яго пачала сваю ўрачэбную практыку ўчастковым урачом аднаго з тэрапеўтычных участкаў райцэнтра. Гаворыць, што работа ўчастковага тэрапеўта вельмі складаная. Гэта пастаянныя выклікі да хворых, асабліва падчас сезонных пад’ёмаў інфекцыйных захворванняў, грыпу. Урач бачыць чалавека 10-15 мінут. За гэты час патрэбна правільна зарыентавацца ў назначэннях, каб аблегчыць стан хворага. Сімптомы грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый прыкоўваюць чалавека да пасцелі.

У стацыянарным аддзяленні крыху іншы характар работы. Хоць і тут патрэбны высокі прафесіяналізм доктара, таму што на бальнічных ложках – людзі з абвастрэннем хранічных захворванняў. Вольга Мікалаеўна дзеліцца з намі станам сваёй душы, гаворыць, што для доктара няма большага суцяшэння, калі яшчэ ўчора ацёкшы, слабы хворы чалавек праз дзень сустракае ўрача ўдзячнымі словамі, што яму намнога лягчэй, лячэнне дае плён. Для ўрача – гэта найлепшы стымул для работы.

У цэнтральнай раённай бальніцы ўрача Вольгу Каспяровіч характарызуюць як граматнага спецыяліста, яна на асаблівым рахунку, так як з’яўляецца і спецыялістам у функцыянальнай дыягностыцы, мае адпаведны сертыфікат пасля праходжання спецыяльных курсаў. Толькі два ўрачы ў райбальніцы, у тым ліку і яна, праводзяць ультрагукавое даследаванне сэрца. Для яе, як для тэрапеўта-практыка, такія навыкі вельмі патрэбныя, бо важна ўбачыць, што адбываецца з органам унутры.

Для медыцынскай установы кадры з ліку мясцовых людзей – надзейныя, іх са Стоўбцамі звязваюць пастаянная рэгістрацыя, сям’я, уласнае жыллё. У сваю чаргу медыцынскія работнікі зацікаўлены захоўваць высокі аўтарытэт, добрую рэпутацыю ў насельніцтва, так як абслугоўваюць мясцовых людзей. А гэта з’яўляецца стымулам павышаць сваё прафесіянальнае майстэрства, адбыцца выдатным спецыялістам, таму што памылкі ўрачоў вельмі дорага абыходзяцца пацыентам.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *