У рэабілітацыйнай праграме – уся сям’я

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Падчас правядзення сесіі раённага Савета, дзе абмяркоўвалася пытанне аб рэалізацыі Комплекснага плана мерапрыемстваў, накіраваных на прыняцце мер па супрацьдзеянні ўжыванню алкаголю, наркотыкаў і іншых згубных для арганізма чалавека рэчываў, перад дэпутатамі з інфармацыяй выступіла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка. Яна агучыла накірункі работы медустановы і праблемы, з якімі сутыкаюцца спецыялісты. Прысутныя маглі выказаць свае думкі, падзяліцца як сваім вопытам, так і сказаць аб праблемах, з якімі сутыкаюцца розныя ведамствы. Напрыклад, навучальныя ўстановы, здараецца, вымушаны працаваць з бацькамі, якія злоўжываюць алкаголем. Гэтую праблему падняла дырэктар СШ № 3 Жанна Лысая.

 Судаклад па ўзнятым пытанні зрабіў вопытны ўрач псіхіятр-нарколаг райбальніцы Сяргей Карэлін, які многія гады займаецца праблемай лячэння залежных людзей. Сяргей Мікалаевіч прывёў статыстыку па раёне, адзначыў моманты, якія патрабуюць каардынацыі дзеянняў многіх структур. Вынікам такога ўзаемадзеяння з’яўляюцца сумесныя прафілактычныя мерапрыемствы ў навучальных установах, урокі здароўя па супрацьдзеянні наркаманіі, правядзенне інфармацыйна-асветніцкіх кампаній. Ажыццяўляецца штогадовая акцыя «Стоп-спайс».

Урач-нарколаг пастаянна ўдзельнічае ў бацькоўскіх сходах у школах з мэтай інфармавання настаўнікаў і бацькоў аб негатыўных выніках ужывання наркотыкаў, а таксама адказнасці за ўчыненне правапарушэнняў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Наркалагічная і псіхалагічная службы медыцынскай установы падрыхтавалі праграму паўторнай прафілактыкі наркаманіі для падлеткаў, якія ўцягнуты ў наркаўжыванне, і іх бацькоў. Пастаянна праводзяцца гарачыя тэлефонныя лініі. Гэта праблема: на ўліку ў наркалагічным кабінеце райбальніцы знаходзяцца 33 непаўналетнія.

На інтэрнэт-сайце бальніцы змешчана інфармацыя аб праблемах наркаманіі. У бягучым радку на будынку райбальніцы – сацыяльная рэклама, так як і на маніторах у фае медыцынскай установы. Створана і размешчана пяць ролікаў рэкламнай прафілактыкі наркаманіі.

Гэта датычыць больш прафілактычнай работы сярод моладзі. Але і кожны, хто сутыкнуўся з гэтай праблемай, ведае, як няпроста скінуць з сябе цяжар залежнасці. Часам чалавеку самастойна не справіцца. Таму і існуюць наркалагічныя кабінеты, дзе лячэнне можа праводзіцца ананімна. Аднак, як прызнаюць і самі ўрачы, хоць на сучасны момант існуе нямала методык, ёсць мноства прэпаратаў, якія блакіруюць жаданне чалавека прыняць алкаголь, вылечваецца ад гэтай залежнасці няшмат людзей. І нават калі медыцына дапаможа справіцца з хваробай, чалавек сапраўды перастане піць, яму па-новаму прыйдзецца вяртацца да жыцця. І тут вельмі важная сацыяльная рэабілітацыя. Таму ў сучасны момант медыкі ўсё шырэй ідуць на кантакт са свяшчэннаслужыцелямі. У справаздачы Сяргея Карэліна адзначаецца, што для лячэння алкагольна- і нарказалежных наркалагічная служба райбальніцы наладжвае ўзаемадзеянне са Свята-Елісавецінскім манастыром пад Мінскам. Гэтая святая абіцель многія гады праводзіць вялікую сацыяльна-духоўную работу па акармленні залежных людзей і мае ўнікальныя вынікі.

Актуальна тут гаварыць аб вядомых, правераных практыкай рэабілітацыйных праграмах. У ліку іх эфектыўная маскоўская праграма пазбаўлення ад алкагольнай залежнасці «Метанойя», якую распрацавалі ўрач-практык і свяшчэннаслужыцель, паклаўшы ў яе аснову прынцып: аднымі таблеткамі душу не вылечыш, каб аднавіць чалавека, патрэбна дапамагчы людзям, якія хочуць кінуць піць, запоўніць пустату з’едзенай шкоднымі звычкамі душы святлом духоўнасці. У вытокаў гэтай праграмы стаяў вядомы ўрач-нарколаг практык Сяргей Долгі.

У наркалагічным дыспансеры, які ён узначальвае, афіцыйна і вельмі дзейсна выкарыстоўваецца царкоўная праграма рэабілітацыі залежных. У гэтую праграму ўключаны і сузалежныя – змучаныя хворым на алкагалізм членам сям’і родныя. Калі хворы адзін чалавек, хворая ўся сям’я, як адзіны арганізм. Родныя адчуваюць вялікі душэўны боль, што правакуе ў іх расстройства функцый арганізма. Такія духоўна-медыцынскія праграмы вучаць сузалежных, як адносіцца да хворых родных, каб не нашкодзіць сабе, не патураць іх немачы, а наадварот, сумець правільна накіраваць іх да спецыяліста ці свяшчэнніка. У рэабілітацыйную праграму, такім чынам, уключаецца ўся сям’я. І многія людзі гатовы выкарыстаць любы шанц.

У планах наркалагічнай службы цэнтральнай раённай бальніцы запісана, акрамя Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра, наладжванне супрацоўніцтва з рэабілітацыйным цэнтрам «Анастасіс», а таксама Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыром. Добра было б, каб гэтыя намеры сталі рэальнасцю і далі станоўчыя вынікі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ДАСТУПНАСЦЬ ТЭСЦІРАВАННЯ

У сучасны момант у Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку і ў Стаўбцоўскім раёне, адзначаецца рост захваральнасці на ВІЧ-інфекцыю. Па стане на 1верасня ў рэспубліцы зарэгістравана 21 336 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у тым ліку ў Мінскай вобласці – 3 068 выпадкаў. У нашым раёне зарэгістравана 33 выпадкі ВІЧ-інфекцыі (16 жанчын і 17 мужчын): 12 – у гарадскіх жыхароў, 21 – у сельскіх. За восем месяцаў бягучага года выяўлены шэсць інфіцыраваных. У Мінскай вобласці за аналагічны перыяд выяўлена 253 ВІЧ-пазітыўныя, у Рэспубліцы Беларусь – 1509.

Паводле кумулятыўных даных у нашым раёне 12 інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека заразіліся парэнтэральным шляхам (пры ўнутрывенным увядзенні наркатычных рэчываў), 21 – палавым шляхам. У інфіцыраванай маці нарадзілася дзіця. Дыягназ «ВІЧ-інфекцыя» сярод дзяцей ва ўзроставай групе да 14 гадоў не зарэгістраваны.

За ўвесь перыяд назірання з 1987 года сярод ВІЧ-інфіцыраваных жыхароў нашага раёна памерлі два чалавекі, у Мінскай вобласці – 566, у Рэспубліцы Беларусь – 4766 чалавек.

У аснове ранняга выяўлення ВІЧ-інфекцыі ляжыць усеагульны доступ да тэсціравання. Пры раннім выяўленні інфекцыі і своечасовым лячэнні працягласць жыцця ВІЧ-інфіцыраванага не адрозніваецца ад сярэднестатыстычнай у Рэспубліцы Беларусь.

У нашай краіне створана сістэма, якая забяспечвае максімальную даступнасць да кансультавання і тэсціравання на ВІЧ-інфекцыю. Прайсці тэсціраванне, у тым ліку ананімнае, можна ў працэдурным кабінеце райпаліклінікі.

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчыца аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *