Юныя стаўбчане – на вяршыні «Капыльскіх пагоркаў»

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Рэспубліканскія спаборніцтвы па эстафетным бегу «Капыльскія пагоркі», як і штогод восенню, сабралі і вядомых лёгкаатлетаў, і маладых спартсменаў. І вельмі прыемна, што ў разрадзе дзіцячых і юнацкіх камандаў, якія заваявалі ганаровыя прызы, былі і прадстаўнікі Стаўбцоўшчыны.

Эстафета, дзе патрабуюцца і хуткасць бегу, і імклівасць рэакцыі пры перадачы эстафетнай палачкі, – камандны від спорту. Поспех жа складаецца з майстэрства, намаганняў кожнага спартсмена. І тут нашы юныя лёгкаатлеты праявілі сябе дастойна.

Шасцёра спартсменаў у кожнай камандзе дзевяці-адзінаццацігадовых адольвалі па 200 метраў з перадачай эстафеты таварышу. І тут зладжанасць нашых хлопцаў і дзяўчынак, належная падрыхтоўка прынеслі поспех. Калектыў Стаўбцоўшчыны паказаў найлепшы вынік. Вось яны, пераможцы эстафеты 6х200 метраў: Данііл Сінкевіч, Аліна Чэмка, Аляксандра Валадзько, Аляксей Мінееў, Настасся Пукала, Сяргей Глазкін. Узнагарода за перамогу – Кубак, ганаровыя граматы, медалі і прызы з алімпійскай сімволікай.

Такія ж трафеі пераможцаў прывезлі дамоў члены каманды юнакоў 1999–2000 гадоў нараджэння. Гэта Максім Верабей, Яўген Валадзько, Аляксей Міронаў, Арцём Пяткевіч. Хлопцы даказалі, што ім няма роўных сярод равеснікаў у эстафетным бегу 4х400 метраў.

Наступны забег на такой жа дыстанцыі. І зноў поспех. Другі вынік тут паказалі дзяўчаты, аднагодкі названых вышэй хлопцаў: Ксенія Цупа, Вера Бець, Ксенія Гацура, Аліна Навіцкая.

Сярэбраныя медалі заваявалі таксама хлопцы 2001–2002 і 2003–2004 гадоў нараджэння. З прызавымі дасягненнямі сябры віталі Дзяніса Дзямянку, Андрэя Ліпніцкага, Віталія Галубца, Улада Мілашэўскага, Мацвея Папуліна, Кірыла Ніканчука, Глеба Арлоўскага, Вадзіма Хмеля.

Поспех сам сабой не прыходзіць. І тут вялікая заслуга трэнераў, якія раскрываюць фізічныя здольнасці дзяцей, шліфуюць таленты юніёраў. Найперш трэба назваць Анатолія Турчановіча, выхаванцы якога вызначаюцца літаральна на ўсіх спаборніцтвах з удзелам юных лёгкаатлетаў. Плённа працуюць Вольга Арлоўская, Валерый Кузняцоў, Юрый Кручок, Іван Аляшкевіч, Міхаіл Мамайка. Гэта і паказалі згаданыя спаборніцтвы.

Варта сказаць, што ў Капылі зладзілі зноў адметнае спартыўнае свята. У райцэнтры арганізавалі канцэртныя выступленні, працавалі атракцыёны, можна было набыць арыгінальныя сувеніры. Спорт і культура побач крочаць.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *