Аб чысціні дарог і «ўраджаі» бескультур’я

Добраўпарадкаванне Нумары

Журналіст газеты разам з прадстаўніком санітарнай службы праехалі па тэрыторыі раёна і ўбачылі, як выглядаюць нашы дарогі і прыпыначныя пункты на іх.

Дарогі, як справядліва зазначаюць, – наша агульнае багацце, і яго неабходна берагчы ўсім разам. Самае простае, што можа зрабіць для гэтага кожны, не зважаючы на род заняткаў, – быць культурным карыстальнікам. Да прыкладу, не выкідваць смецце з акна аўтамабіля і забіраць з сабою тое, што застаецца ад спантаннага прыдарожнага «абеду». А з гэтым, на жаль, вялікая праблема. Паперы, бутэлькі і розная іншая непатрэбшчына валяюцца амаль паўсюдна па абочынах, «выглядваюць» з лесапасадак уздоўж дарог і ў лясных масівах.

8-28e

Свежы і яскравы прыклад, які не мог не шакіраваць, – становішча дарогі Засулле–Бярозаўка–Коласава (яна служыць пад’ездам да Коласава з аўтамагістралі). Дарога гэтая ажыўленая, хоць і не адносіцца да ліку асноўных, і дарожнікі не паспяваюць ачышчаць абочыны ад бытавога смецця. І лясная дарога на электрычку таксама моцна засмечана. Аб «свінстве» некаторых карыстальнікаў дарог прыходзіцца разважаць нават там, дзе смецця не павінна быць увогуле. Варта прыгадаць карціну, якую давялося ўбачыць на прыпынку грамадскага транспарту ў Пятрылавічах: нехта апусціў смецце не ў напаўпустую сметніцу, а побач з ёю. Напэўна, правільна кімсьці падмечана: пакуль за чалавекам прыбіраюць, ён, не задумваючыся, працягвае смяціць…

У гэтым кантэксце неацэнную ролю іграюць суботнікі, іншыя масавыя і лакальныя працоўныя акцыі, закліканыя не толькі наводзіць парадак на канкрэтных аб’ектах, а і змяняць свядомасць людзей. Вясна, восень багатыя на суботнікі. Бліжэйшы з іх намечаны ў раёне на 1-га кастрычніка.

– У коласаўцаў ёсць цудоўны шанц – самім навесці парадак на тых сцежках-дарожках, па якіх ходзяць і ездзяць. Тады і цана ў гэтага парадку будзе зусім іншай, – заўважае ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Рык.

Патрульная ўборка па меры неабходнасці

У дарожнікаў жа клопат аб утрыманні дарог уваходзіць у службовыя абавязкі. Ім прыходзіцца збіраць «ураджай» нашага агульнага бескультур’я. Справа гэтая адно што карпатлівая, дык яшчэ патрабуе і немалых выдаткаў.

– Паспрабуй на 100 км дарогі сабраць кожную паперу… Колькі трэба зрабіць на аўтамабілі МАЗ прыпынкаў і колькі зрасходаваць матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў? – задае рытарычнае пытанне начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык. – Гэта падчас суботніка ці месячніка па навядзенні парадку мы выходзім усе – ад інжынерна-тэхнічных работнікаў да дарожных рабочых, і ідзём уздоўж абочын суцэльным ланцугом. У паўсядзённай дзейнасці выконваем у першую чаргу тыя работы, якія ўплываюць на бяспеку руху – рамонты, асвятленне дарог і т. п.

Згодна з зацверджаным графікам, участак аўтамагістралі, які пралягае праз наш раён, работнікі ДЭУ № 62 убіраюць ад засмечанасці штодзённа, дарогі рэспубліканскага значэння – праз дзень, пры неабходнасці – часцей.

Работнікі ДРБУ № 135 праводзяць патрульную ўборку сваіх дарог раз на тыдзень, другарадных дарог – па меры неабходнасці. На абслугоўванні гэтай арганізацыі знаходзяцца мясцовыя дарогі. Як высвятляецца падчас рэйду, неабходнасць сапраўды ёсць у больш частай патрульнай уборцы, як і ў абкошванні дарог як рэспубліканскага, так і мясцовага значэння.

Так, на момант рэйду былі не абкошаны з’езды з дарогі Стоўбцы–Івацэвічы–Кобрын у населеныя пункты. Далёка не ўсюды парадак на міні-рынках, размешчаных уздоўж гэтай дарогі, – неабходна і касіць, і прыбіраць смецце (заўвага наконт смецця ў першую чаргу датычыць людзей, якія гандлююць тут). На абочыне перад Тулёнкай, на дарозе Пяршай–Івянец–Нясвіж, праглядаецца дробнае смецце.

На 50-м км гэтай дарогі сустрэлі механізатара ДЭУ № 62 Казіміра Лысага, які наладжваў да трактара касілку. Адкос зарос пустазеллем, і яно паспела пачарнець ад асенніх туманоў.

– Заданняў шмат, галоўнае – каб вытрымала тэхніка. Сёння апробую касілку пасля рамонту, – патлумачыў механізатар сваю задачу.

Што датычыць ДРБУ № 135, то не ўсюды дакошаны абочыны і з’езды ў населеныя пункты з дарогі Літва–Куль–Пятрылавічы. Недаробкі асабліва кідаюцца ў вочы на фоне таго станоўчага, што зроблена на адным з участкаў дарогі, а гэта новае асфальтавае пакрыццё з адбойнікамі, два абсалютна новыя прыпынкі. Пры дарозе Івянец–Рубяжэвічы–Стоўбцы, у раёне Дзяўгоў, застаецца куча сухіх галін ад зламанай бярозы.

Смецце заўважана на прыпыначных пунктах у Тулёнцы, Шашках, Мешычах, Цеснавой, Ячонцы і т. п. Бадай, самым брудным аказаўся прыпынак у Зарэччы, у суседнім Засуллі – самым зарослым. І ўвогуле, дарога ад Засулля да Стоўбцаў мае дастаткова засмечаны выгляд. Зарасла травою развязка на скрыжаванні з аўтадарогай М 1. Агульная для прыпынкаў праблема – трава прарасла скрозь бардзюры, каля бардзюраў трэба прыбіраць і вулічны змёт.

– Кантэйнеры на прыпынках паўсюдна чыстыя, – адзначае станоўчы момант Наталля Рык, і ён скіраваны ў адрас аб’яднання камунальных службаў. Засмечанай аказалася тэрыторыя каля адной кантэйнернай пляцоўкі – у Заямным (ля магазіна). Побач з ёю вяскоўцы наскідалі адходаў з агародаў. Іх выкідваць у кантэйнеры забаронена і лепш за ўсё ўтылізоўваць у сябе дома ў кампоставай яме і мець потым арганічнае ўгнаенне.

Праехаўшы не адзін дзясятак кіламетраў па Стаўбцоўшчыне, склалася ўражанне, што чысцей там, дзе на дарогах меншая інтэнсіўнасць руху, а менавіта ў аддаленні ад райцэнтра, на ўскраіне раёна. Ад дарожнікаў жа патрабуюцца намаганні, каб напярэдадні зімы прывесці ў парадак усе дарогі, а таксама прылеглыя і замацаваныя тэрыторыі.

НА ЗДЫМКАХ: заўсёды дагледжана прыдарожная зона адпачынку непадалёку ад музея-сядзібы «Дзяржынава»; на абкошванні адкосаў аўтадарогі Пяршай–Івянец–Нясвіж працуе тэхніка ДЭУ № 62; смецце чамусьці не ў сметніцы, а вакол яе; зарос травою прыпынак у Засуллі; прыдарожны «ўраджай» бескультур’я…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

УКЛАД ЧЫСТАГА ЧАЦВЯРГА

Раённая камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аб’яднання камунальных службаў і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, праводзіць маніторынг санітарнага стану горада.

Як вядома, кожны другі і чацвёрты чацвер месяца ў Стоўбцах аб’яўлены адзіны санітарны дзень, калі прадпрыемствам і арганізацыям неабходна прыводзіць у парадак замацаваныя за імі, згодна з распараджэннем райвыканкама, вуліцы і тэрыторыі. Паводле апошніх даных маніторынгу большасць іх чамусьці «забылася» пра правядзенне так званага чыстага чацвярга. Але ёсць і тыя, хто добрасумленна ўносіць уклад у чысціню і дагледжанасць райцэнтра. Гэта калектывы ДБТ № 7, мясакансервавага камбіната, лясгаса, Стаўбцоўскай ПМК.

Неабходнасць правядзення ўборкі і падтрымання парадку датычыць не толькі прадпрыемстваў і арганізацый, а і домаўладальнікаў горада і раёна, жыльцоў дамоў жыллёва-будаўнічых кааператываў. Не трэба чакаць, а неабходна самім наводзіць парадак вакол сябе.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *