Прафесію перадаць пакаленням

Адукацыя Нумары

Таццяна Гаўрыленка прысвяціла сваё жыццё адной з самых важных на зямлі прафесій – яна настаўніца. Пасля заканчэння БДУ малады філолаг прыехала працаваць у сваю родную Залужскую школу. Выкладала рускую мову і літаратуру. Энергічнага педагога, наватара, добрага арганізатара адразу ж прыкмецілі і назначылі на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце.

Для сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, куды перайшла працаваць з цягам часу Таццяна Уладзіміраўна, прыняць у штат такога граматнага спецыяліста, вопытнага настаўніка было шанцункам. Педагог мае першую кваліфікацыйную катэгорыю.

1x-3009

Апошнія сем гадоў Таццяна Гаўрыленка працуе ў гэтай навучальнай установе. Яе дзейнасць адметная тым, што настаўніца ўзяла на сябе клопат за вучняў, якія рыхтуюць сябе да прафесіі педагога. Яна з’яўляецца класным кіраўніком у 11 педагагічным класе. З вялікай любоўю гаворыць пра сваіх вучняў. Сярэдні бал у класе з 27 вучнямі – восем. Восем чалавек з’яўляюцца выдатнікамі вучобы. Свой інтэлектуальны ўзровень, інтэлігентнасць, камунікатыўныя здольнасці вучні ярка раскрылі ў прэзентацыйнай праграме, якая была прадстаўлена на конкурс візітак педкласаў рэспублікі, аб’яўлены Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка.

Вучні гэтага класа з’яўляюцца самымі актыўнымі ўдзельнікамі школьных і раённых акцый, валанцёрскага руху, сумесна з БРСМ і іншымі структурамі ўдзельнічалі ў многіх раённых мерапрыемствах. Іх грамадская дзейнасць не абмяжоўваецца толькі гэтым. У працоўных дэсантах – яны таксама першыя.

 І да прафесійнага свята педагогаў праявілі знаходлівасць, арыгінальнасць, сур’ёзны падыход, інтэлектуальныя здольнасці, каб паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў. Для іх гэта важна, займаючыся ў спецыялізаваным класе.

Таццяна Гаўрыленка гаворыць, што для яе, як класнага кіраўніка, педагога, першачарговае значэнне маюць выхаваўчая работа, імкненне падрыхтаваць вучняў да паступлення ў педагагічныя навучальныя ўстановы, дапамагчы ім адчуць прыгажосць прафесіі, да якой сябе рыхтуюць, яе важнасць у грамадстве і вялікую адказнасць. Факультатыўны курс «Увядзенне ў педагагічную прафесію», які вядзе псіхолаг Вольга Варачкіна, таксама дапамагае вучням адаптавацца да свайго прафесійнага выбару, асэнсавана зрабіць яго. Важнасць прафесіі педагога акрэсліваецца і тым, што з дзецьмі звязваецца будучае краіны, і ад настаўнікаў многае залежыць, якімі выйдуць юнакі і дзяўчаты за парог школы ў самастойнае жыццё. Асабісты прыклад Таццяны Гаўрыленка, яе любоў да сваёй прафесіі, талент працаваць з дзецьмі даюць добры плён у навучанні і выхаванні вучняў выпускнога класа.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *