Свята настаўнікаў

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

1v3009

КАЛІ Б ЗНОЎ ПАЧАЦЬ, СТАЛА Б НАСТАЎНІЦАЙ

Каля 50-ці гадоў працуе ў школе Рэгіна Высоцкая. Выпускніца педінстытута, Рэгіна Аляксандраўна атрымала спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў. І ўсё жыццё працуе з малымі дзецьмі – непасрэднымі, чыстымі, дапытлівамі. Як важна захаваць у іх гэтыя якасці, дапамагчы ім раскрыцца і застацца індывідуальнасцямі. Рэгіна Аляксандраўна гаворыць, што вельмі любіць сваю работу, у чым ніхто з калег і бацькоў не сумняваецца, і калі б прыйшлося рабіць яшчэ раз выбар, не памяняла б яго.

Вопыт Рэгіны Высоцкай, педагога з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, быў запатрабаваны ў свой час на пасадзе намесніка дырэктара, якая курыравала работу пачатковых класаў Стаўбцоўскай гімназіі № 1, дзе яна многія гады працуе. Для Рэгіны Аляксандраўны вельмі важная акалічнасць, што сама яна – выпускніца сярэдняй школы № 1 г. Стоўбцы, якая мае цяпер статус гімназіі. Навучальную ўстанову і славяць такія кадры, якія ў залатым фондзе сферы адукацыі раёна.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

З ПРАФЕСІЙНАЙ АРЫЕНТАЦЫЯЙ

Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама праводзіць сістэмную работу па прафесійнай арыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці вучняў школ раёна. Кожны год выпускнікам прадастаўляецца магчымасць паступіць у педагагічныя ВНУ і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі на ўмовах дагавору аб мэтавай падрыхтоўцы кадраў. Напрыклад, з 29 маладых спецыялістаў, якія заступілі на працу ў новым навучальным годзе, шэсць навучаліся па мэтавых накіраваннях.

З мэтай вырашэння абазначанай праблемы ў рамках профільнага навучання па дагаворы з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка на базе СШ № 2 г. Стоўбцы працуе педагагічны клас.

Задача падрыхтоўкі кадраў актуальная для сферы адукацыі раёна. На сучасны момант у навучальных установах працуюць 160 настаўнікаў пенсійнага ўзросту, што складае 18 працэнтаў у штаце кадраў.

 

УДЗЯЧНЫЯ СЛОВЫ ВУЧНЯЎ

Напярэдадні Дня настаўніка рэдакцыя атрымала пісьмы вучняў, дзе выказваюцца словы ўдзячнасці педагогам.

Члены гуртка «Юны журналіст» СШ № 3, які не адзін ужо год вядзе філолаг Алена Буднік, палічылі сваім абавязкам сагрэць настаўнікаў цёплымі словамі прызнанняў. Альбіна Пяткевіч выказвае словы падзякі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Фёдараўне Петачэнка, настаўніцы гісторыі Кацярыне Мікалаеўне Бець: «Наталля Фёдараўна справядлівая, заўсёды зразумее, дапаможа. Дзякуючы ёй мы пазнаём бязмежны сусвет паэзіі і мастацкай літаратуры. Кацярына Мікалаеўна – наш класны кіраўнік. У яе надзвычай цікавыя ўрокі гісторыі, мы нібы на машыне часу перамяшчаемся ў іншыя стагоддзі, падарожнічаючы па ўсім свеце».

Дзіяна Шуцько разважае: «Настаўнікі – вельмі важныя людзі ў нашым жыцці. Яны вучаць нас многаму таму, што спатрэбіцца нам у будучым. Хачу расказаць пра сваю любімую настаўніцу беларускай мовы – Інесу Вітольдаўну Мішкевіч. Гэта чалавек шырокай душы, вясёлая і пазітыўная. Да кожнага ўрока яна рыхтуе нам тэксты, розныя цікавыя заданні. Яна вельмі вопытны педагог і ведае, як неабходна адносіцца да дзяцей, як зрабіць так, каб вучням не было сумна на ўроках. А самае галоўнае – Інеса Вітольдаўна вучыць нас любіць сваю родную мову».

 Вікторыя Міс пасвячае свае радкі першай настаўніцы: «Зараз я ўжо ў пятым класе. Чатыры гады мяне вучыла Алена Львоўна Бець. Я вельмі па ёй сумую. Мне хацелася б, каб яна прыходзіла і зараз да нас на кожны ўрок. Яна вельмі добры і цікавы чалавек. А колькі ў нас было экскурсій, колькі гарадоў, музеяў, заводаў і фабрык мы наведалі! Вялікі Вам дзякуй!»

Дар’я Сушко таксама піша пра вучобу ў пачатковай школе: «Вялікі след у маім жыцці пакінула мая настаўніца пачатковых класаў Ганна Міхайлаўна Бутрымовіч. Яна не толькі вучыла, але і клапацілася пра нас, яна столькі сваіх сіл уклала ў нас. Час, праведзены ў пачатковай школе, будзе для нас незабыўным».

У пісьме Валерыі Кудзін чытаем: «Кацярына Мікалаеўна Мартынеўская – мая настаўніца матэматыкі. Дзякуючы яе таленту і старанням нават самыя складаныя тэмы здаюцца нам лёгкімі і даступнымі».

Актыўна адклікнуліся на прафесіянальнае свята педагогаў і члены гуртка «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ, які вядзе ў гэтым навучальным годзе Леакадзія Кароткая. Надзея Трасцянка расказвае пра традыцыі, якія склаліся ў навучальнай установе: «Кожны год першая нядзеля кастрычніка вельмі адметная ў нашай школе – уся краіна святкуе Дзень настаўніка. У нас ёсць такая традыцыя: адзінаццацікласнікі напярэдадні ў суботу праводзяць дзень самакіравання, самі выконваюць ролю настаўнікаў. А дзесяцікласнікі рыхтуюць віншавальную праграму. Запрашаюцца на свята і ветэраны педагагічнай працы, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Сваім любімым настаўнікам мы выкажам словы падзякі за іх нялёгкую працу і выканаем для іх канцэртныя нумары».

Няхай гэтыя шчырыя словы вучняў сагрэюць педагогаў у дзень іх свята.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *