Добрыя прыклады і традыцыі

На сувязі - рэдакцыя Нумары Соцыум

pisma3009Словы класіка аб тым, што прыгажосць выратуе свет, добра вядомы. Магчыма, таму ў наш час і пытанні аб культурнай спадчыне набываюць шырокі рэзананс. Што з’яўляецца найбольш яркай прыкметай нашага сучасніка? На мой погляд, адназначна адказаць на гэтае пытанне зусім няпроста. Яго трэба разглядаць у спалучэнні з такімі фактарамі, як сумленне, адносіны да людзей у калектыве, шчырасць, паводзіны ў сям’і. Гэтыя асаблівасці чалавечай натуры неабходна выхоўваць з дзяцінства. Сямейныя ўзаемаадносіны мужа і жонкі – гэта той падмурак, на якім грунтуецца фарміраванне сталасці і культуры сына ці дачкі.

Мне давялося прысутнічаць на мерапрыемстве ў Велікадворскай сельскай бібліятэцы, дзе з удзелам супрацоўніка часопіса «Качели» з дзецьмі-пачаткоўцамі праходзілі гутарка і розныя захапляльныя конкурсы. Падлеткі расказвалі, якую дапамогу яны аказваюць тату і матулі па гаспадарцы, якіх жывёлін любяць, якія кветкі вырошчваюць у сваіх кватэрах і на падворках. Мовай дарослых – як сям’я ўплывае на іх творчае і культурнае развіццё.

Запомнілася мне і праграма творчай справаздачы «Год культуры Беларусі», якая праходзіла ў гэтай жа ўстанове. Тут вучні мясцовай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Іны Муравейка выконвалі творчую работу аб матылях. Умелыя рукі дзяцей справіліся з заданнем цікава, з выдумкамі. А загадчыца клуба Валянціна Лабкова пазнаёміла прысутных з выставай-рэкламай «2016 год – Год культуры». Духоўнае здароўе дэманстравалася на прыкладзе вітрыны лекавых траў і харчовых прадуктаў. На завяршэнне справаздачы гаспадыня падрыхтавала дэгустацыю клёцак, мачанкі і іншых страў пад назвай «Вясковая кухня па даўнейшых рэцэптах нашых продкаў», цытуючы пры гэтым адпаведныя радкі Якуба Коласа.

Цікава адзначыць яшчэ адну дэталь з практыкі работы загадчыцы клуба – як культура абуджае ў чалавеку патрыятычныя пачуцці. Валянціна Канстанцінаўна гэты напрамак сваёй дзейнасці спалучае з наведваннем вучнямі ветэранаў у дамашніх умовах. Дзеці выступаюць перад імі з песнямі, танцуюць, чытаюць вершы аб мужнасці і гераізме. Былыя ўдзельнікі баёў і мірнага аднаўлення са слязамі сустракаюць рабят, адчуваючы іх павагу да таго, што перажылі ветэраны ў гады ліхалецця, частуюць дзяцей цукеркамі і іншымі прысмакамі. А хлопчыкі і дзяўчынкі ў асобе ветэрана з узнагародамі на грудзях бачаць тых патрыётаў, з каго трэба браць прыклад служэння сваёй Айчыне. Гэта і ёсць канкрэтныя факты выхавання моладзі ў сучасных жыццёвых умовах.

Нельга не адзначыць і тыя культурныя традыцыі, якія трывала і з гонарам усталёўваюцца ў нашы будні. Я маю на ўвазе падрыхтоўку і правядзенне такіх урачыстасцяў, як свята вёскі. У канцы мая бягучага года велікадворцы наладзілі сапраўдны дэманстрацыйны праект, які яны ўпершыню заслужылі сваімі працоўнымі справамі. Гаспадарка не першы год займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. Ганарыцца сапраўды ёсць чым. У вёсцы жывуць механізатары і жывёлаводы, настаўнікі і медыцынскія работнікі, вядомыя ў раёне спецыялісты аграпрамысловага профілю. Віктар Стэльмах за мужнасць падчас воінскай службы ў Афганістане ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Хлопец з Чарнобыльскай зоны Сяргей Канапліцкі карыстаецца аўтарытэтам як выдатны механізатар, якому падуладна любая тэхніка. У Вялікім Двары адзначаны і ардэнаносцы. Кацярына Вежнавец атрымала ордэн Леніна за ўдарную працу ў галіне жывёлагадоўлі. Тамара Абламейка ўзнагароджана ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені за лепшыя прывагі цялят. Першым Героем Сацыялістычнай Працы ў Стаўбцоўскім раёне стала Анісся Гецман – звеннявая па вырошчванні льнопрадукцыі.

Калі ўважліва прыгледзецца да вясковых двароў, амаль паўсюдна заўважыш мноства кветак, узорна аздобленыя агароджы, з густам аформленыя альтанкі. Усё гэта сведчыць не толькі аб матэрыяльным дабрабыце, але і падкрэслівае высокі культурны ўзровень сельскіх жыхароў.

Значна вырас і ўзбагаціўся стан духоўнай культуры велікадворцаў. Чытачамі мясцовай бібліятэкі з’яўляюцца не толькі дарослыя працаўнікі і школьнікі. Мастацкай літаратурай цікавяцца многія пенсіянеры і нават тыя, хто прыязджае ў вёску са сталіцы на свае дачныя ўчасткі. На бібліятэчных паліцах можна знайсці акуратна аформленыя папкі на самыя розныя тэмы – краязнаўчыя матэрыялы, мясцовы фальклор. Прыцягваюць увагу альбомы «Коласаўская крынічка», «Нашы вядомыя землякі – ветэраны вайны і перадавікі сельскай гаспадаркі».

Асобнае месца займае ў гэтым плане і праваслаўная царква. Рэгулярна праводзяцца святочныя набажэнствы, маладыя сем’і прыводзяць на хрышчэнне малалетніх дзетак. Вера людзей у Бога дапамагае многім далучацца да вечных святыняў і царкоўнай маралі, каб свядома выконваць свае абавязкі ў сям’і і перад землякамі, дарыць міласэрнасць тым, хто ў ёй адчувае патрэбу. Духоўная спадчына – гэта наш абавязак перад моладдзю, якую трэба выхоўваць на канкрэтных прыкладах і культурных традыцыях нашага часу. Лад жыцця кожнага чалавека значна ўзбагачаецца, калі матэрыяльныя даброты падмацоўваюцца малітвай і верай.

Адам ГРЫНКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *