Высокае напружанне перамогі

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Каманда Стаўбцоўскіх электрычных сетак вярнулася прызёрам з XIII Міжнародных спаборніцтваў прафесійнага майстэрства сярод брыгад краін СНД па рамонце і абслугоўванні абсталявання падстанцый 110 кВ і вышэй. Сёлета па рашэнні Энергетычнага савета краін СНД яны праходзілі ў Казахстане (г. Макінск).

Другое месца на спаборніцтвах такога ўзроўню для стаўбцоўскіх энергетыкаў – не ўпершыню, аднак дастойнае выступленне чарговы раз пацвердзіла высокі ўзровень прафесійнага майстэрства іх асабіста і ўсіх энергетыкаў Беларусі, якіх яны прадстаўлялі.

Нязменным кіраўніком каманды з’яўляецца намеснік дырэктара прадпрыемства па рабоце з персаналам і ідэалогіі Віктар Крупа. Яму мы ў першую чаргу адрасуем віншаванні з перамогай.

3-04-5z

– Дзякуй. Мы стараліся, хоць барацьба была вельмі напружанай і складанай. Прыехалі мацнейшыя каманды з пяці краін, дадаткова былі назіральнікі з Украіны, Кіргізіі, Таджыкістана, – заўважае Віктар Крупа. – Штогод мы бяром удзел у спаборніцтвах прафесійнага майстэрства на ўзроўні Мінскай вобласці, рэспублікі і, безумоўна, краін СНД, калі перамагаем у маштабах рэспублікі. У гэтым годзе добра падрыхтаваліся і атрымалі права ўдзелу ў спаборніцтвах на ўзроўні краін СНД. Занялі другое месца (першае – у гаспадароў, энергетыкаў Казахстана). Гэта вынік вялікай працы. Этапы спаборніцтваў уключалі ў сябе тое, чым займаемся паўсядзённа, але трэба было зрабіць гэта хутка, якасна і бяспечна. Адрозненне толькі ў тым, што прымяняліся новыя прыёмы і абсталяванне для выканання работ.

– Віктар Андрэевіч, раскажыце пра членаў каманды. Ім прыйшлося вытрымаць напружанне на этапах. Ведаю, што сярод іх былі і новыя члены каманды.

– Так, я ўжо ўдзельнічаю ў спаборніцтвах сярод краін СНД трынаццаты раз. Але былі і навічкі ў камандзе, як, напрыклад, майстар Аляксандр Жыбуль. Касцяк каманды – вопытныя электраслесары Іван Шыдлоўскі, Віталь Кажамяка, Сяргей Блажко, Сяргей Турко. Яны ўдзельнічаюць у спаборніцтвах на ўзроўні краін СНД чацвёрты раз, і з імі, дарэчы, мы ўжо другі раз у Макінску. Сёлета разам з камандай былі таксама начальнік службы падстанцыі Мікалай Канкаловіч і галоўны інжынер Валерый Шышло.

– Як сустракалі вас калегі на казахскай зямлі?

– Прыём быў вельмі сардэчны на працягу ўсіх дзён з 15 па 23 верасня. Створаны камфортныя ўмовы. На спаборніцтвах ішла бескампрамісная барацьба, а пасля іх усе мы – сябры. Спаборніцтвы – гэта не толькі абмен вопытам пры вывучэнні новых прыёмаў, але і станоўчыя эмоцыі ад сустрэчы з калегамі з розных краін.

– І, напэўна, прызавы фонд для прызёраў быў прадугледжаны салідны?

– Мы перамаглі не толькі ў агульным заліку, а і на многіх этапах. У нас на двух этапах – вызваленне пацярпелага ад дзеяння электрычнага току, а таксама цеплавізійны кантроль абсталявання – першыя месцы. Другое месца на двух этапах – рамонт раз’яднальніка і адбор пробаў масла. Заваявалі не толькі прызавы Кубак, а і каля дзясятка грамат. Галіновы прафсаюз РФ узнагародзіў нашу каманду сваім прызам – за лепшы вынік пры выратаванні пацярпелага. Каманда атрымала сертыфікат на набыццё аўтамабіля-лабараторыі для падстанцыі. Кожнаму члену каманды ўручаны персанальны падарунак – планшэт.

– Любыя спаборніцтвы – гэта не толькі прызы, а і пэўныя высновы, урокі, – звяртаемся да начальніка службы падстанцыі Мікалая Канкаловіча, які таксама знаходзіўся на спаборніцтвах у Макінску.

– Высновы такія: больш увагі трэба ўдзяляць тэарэтычнай падрыхтоўцы каманды. Тым больш, што каманда паказвае багаж ведаў менавіта па тых правілах, якія дзейнічаюць у яе краіне. Для гэтага на нашым прадпрыемстве ёсць усе ўмовы – створаны камп’ютарызаваны вучэбны клас, дзейнічае сістэмны падыход да пытання праверкі ведаў і павышэння кваліфікацыі персаналу.

– Вы ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у якасці суддзі. Якія вашы ўражанні? – задаём пытанне галоўнаму інжынеру Валерыю Шышло.

– На кожным этапе спаборніцтваў было па тры суддзі, мне даручылі працаваць на першым этапе, дзе ішла праверка ведаў. Можна сказаць, што ацэнку тут даваў камп’ютар. Наша каманда адказала на ўсе пытанні – 200 з 200. Была ўстаноўка – не спяшацца, таму што галоўны вынік – усё-такі атрымаць правільныя адказы і, адпаведна, 200 балаў за іх. Каманда наша выступала першай… Хваляванне ў мяне адступіла толькі тады, калі ўсе нашы прайшлі гэты этап. Па 200 балаў набралі і яшчэ дзве каманды – з Казахстана і Расійскай Федэрацыі, таму вынік вызначаўся з улікам часу, затрачанага на адказы. Розніца паміж трыма камандамі аказалася невялікай (18-25 мінут), аднак у нас – трэцяе месца. У цэлым мы задаволены: уступілі толькі па часе, але маем тыя ж 200 балаў. Уменне будзем адточваць.

У Стаўбцоўскіх электрасетках штогод распрацоўваецца план работы з персаналам, які ўключае ў сябе інструктажы, вучобу, павышэнне кваліфікацыі і т. п. Адзін з пунктаў – гэта спаборніцтвы прафесійнага майстэрства. Спачатку яны праходзяць у РЭСах, потым – на прадпрыемстве электрасетак і т. п.

Адносна міжнародных спаборніцтваў у Казахстане хачу сказаць, што ўсё вырашалі секунды і да апошняга дня спаборніцтваў не было вядома, хто будзе першы. Усе каманды моцныя. Адзінае, што камандам з Узбекістана і Грузіі перашкаджаў моўны бар’ер: афіцыйная мова спаборніцтваў – руская. Наша ж каманда на этапах рабіла ўсё хутчэй, чым прадугледжвалася, за што і атрымлівала прызавыя балы.

У наступным годзе міжнародныя спаборніцтвы энергетыкаў будуць праходзіць сярод персаналу, які абслугоўвае размеркавальныя сеткі 0,4-10 кВ, і, папярэдне, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *