У прафесіі – лепшая

Нумары Сельская гаспадарка

4-04-5v

Вось на такіх простых працаўніках і трымаецца беларуская вёска. Выпускніца Заямнаўскай СШ Таццяна Рубін у свой час засталася працаваць у мясцовым калгасе. Яе працоўныя будні звязаны з жывёлагадоўляй – больш за 30 гадоў жыцця. За гэты час з мужам яны вырасцілі і адправілі ў самастойнае жыццё дзяцей, дачакаліся чатырох унукаў. Заямнаўская ферма знаходзіцца недалёка ад іх дома. Па знаёмай дарозе многія гады Таццяна Міхайлаўна адпраўляецца на сваё месца працы. За гэтыя дзесяцігоддзі не адзін раз мянялася назва гаспадаркі, цяпер гэта прыватнае прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр». Аднак у Таццяны Рубін заставаліся адныя і тыя ж абавязкі, якія яна выконвае з вялікай адказнасцю. За гэтыя гады яна сумела адбыцца настолькі граматным, высокай кваліфікацыі спецыялістам, што з’яўляецца прызнаным тэхнікам-асемянатарам не толькі ў нашым раёне, але і ў Мінскай вобласці. Аб гэтым сведчаць узнагароды, перамогі ў конкурсах прафесіянальнага майстэрства. Таццяну Рубін прызнавалі лепшым тэхнікам-асемянатарам года ў раёне. І сёлета на нядаўнім атэстацыйным конкурсе прафесіянальнага майстэрства, які прайшоў у верасні, Таццяна Рубін атрымала спецыяльны прыз за волю да перамогі: у ліку 48 удзельнікаў яна набрала столькі балаў, што была блізкая да трэцяга прызавога месца і атрымала чацвёртае.

Калі ж гаварыць аб паказчыках яе асабістай работы на жывёлагадоўчай ферме «Заямнае», то ў мінулым годзе на 100 матак выхад цялят склаў 95 працэнтаў. На ферме ўтрымліваюцца 333 каровы, а былі гады, што мелі і больш за 500, а яшчэ і жывёла ва ўласных гаспадарках вяскоўцаў. Не раз даводзілася Таццяне Рубін прымяняць абавязкі тэхніка-асемянатара і на іншых фермах гаспадаркі. Таццяну Міхайлаўну вясковыя людзі любяць за прастату, аптымістычны жыццёвы настрой, уменне захоўваць вышыню духу з хрысціянскай пакорлівасцю перад абставінамі, за дар заўсёды заставацца пазітыўнай.

На сучасны момант акрамя сваіх асноўных абавязкаў тэхніка штучнага асемянення кароў Таццяна Рубін у ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» выконвае і работу лабаранта, адпраўляе на перапрацоўчыя прадпрыемствы малако. Гэтая работа таксама патрабуе адказнасці, добрасумленнасці, і, безумоўна, прафесіяналізму. І той факт, што гэты ўчастак давераны Таццяне Рубін, у першую чаргу гаворыць аб яе аўтарытэце ў калектыве сельскагаспадарчага прадпрыемства.

Хочацца сказаць: жыві, вёска, дбайнасцю і вернасцю сваіх рупліўцаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *