Уборачныя работы

Нумары Сельская гаспадарка

5-04-5b

АСЕННЯЯ КАСАВІЦА

Стаяць прыемныя восеньскія пагодлівыя дні, якія так патрэбны хлебаробам не толькі для своечасовай уборкі вырашчанага ўраджаю, але і для нарыхтоўкі сакавітых кармоў. Нельга ўпусціць час, патрэбна парупіцца нарыхтаваць якасны корм для грамадскага статка на зімовы перыяд.

Сваю тэхніку штодзень выводзіць на лугавіны і ААТ «Каганец». На пакос траў, уборку кукурузы адпраўляюцца вопытны механізатар таварыства Валерый Шахно і вадзіцель велікагрузнага МАЗа Вадзім Паляшчук.

 Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АДГРУЖАЮЦЦА ЦУКРОВЫЯ БУРАКІ

Дзевяць сельгаскааператываў раёна, якія спецыялізуюцца на вырошчванні цукровых буракоў, працягваюць уборку і адгрузку караняплодаў на Гарадзейскі цукровы камбінат.

Пад гэтую культуру ў раёне занята 3100 гектараў, убрана ўжо трэцяя частка гэтых плошчаў. На перапрацоўчае прадпрыемства рэалізавана 28 тысяч тон салодкай прадукцыі з 39 тысяч тон выкапаных, што вышэй аб’ёму мінулага года на адпаведны перыяд на 10 тысяч тон.

Самая высокая ўраджайнасць гэтай культуры ў ААТ «Вялікі Двор» – 530 цэнтнераў з гектара. Гэтая гаспадарка ўжо адправіла на перапрацоўчы камбінат больш за восем тысяч тон караняплодаў. 441 цэнтнер з гектара складае ўраджайнасць цукровых буракоў у ААТ «Агранёманскі», 400 – у ААТ «Жацерава».

– Для вырошчвання цукровых буракоў пагодныя ўмовы бягучага года былі не надта спрыяльнымі, калі не сказаць – складанымі, – расказвае начальнік аддзела раслінаводства райвыканкама Барыс Барысевіч. – Засушлівае надвор’е на пясчаных землях нашага раёна склала экстрэмальныя ўмовы для цукровых буракоў: перапады тэмператур, недастатковая вільготнасць. Таму ёсць розніца ва ўраджайнасці: лепшая ў гаспадарках, якія бліжэй да Нясвіжскага раёна, дзе больш высокі бал зямлі, і тых, што размешчаны ў супрацьлеглым баку – з лёгкімі па механічным складзе землямі. Ролю сыгралі і сарты насення гэтай культуры: шырока прымянялася насенне як айчыннай, так і замежнай селекцыі. Па гэтай прычыне і цукрыстасць, хоць яна і вышэй за базавую, магла б быць лепшай.

Уборка цукровых буракоў праводзіцца механізавана, задзейнічана шэсць высокапрадукцыйных буракаўборачных камбайнаў. Магутнасць кожнага з іх дазваляе ў сезон сабраць ураджай з тысячагектарнай плошчы. Аднак тэхніка так эфектыўна не выкарыстоўваецца. Праблемай становяцца непадрыхтаваныя як след палеткі для механізаванай уборкі: на іх шмат камення, з-за чаго здараецца паломка тэхнікі. Гэта яшчэ раз пацвярджае актуальнасць узятага курсу па актыўным зборы камення з палеткаў. Пры правільных агратэхнічных тэхналогіях каменне можа саслужыць добрую службу. Прыклад гэтага – дзейнасць фермерскай гаспадаркі «Сула», якая прымяняе такі аграпрыём – каменне закладваецца ў зямлю ніжэй ворыўнай праслойкі і выдатна выконвае ролю сепаратара глебы.

Уборка цукровых буракоў у раёне ў самым разгары. Наперадзе яшчэ вялікі аб’ём работы – сабраць караняплоды з больш чым палавіны пасаджанай плошчы. Ды і адгрузіць сабранае, каб вывозіць ураджай следам. Згодна з біялагічнай ураджайнасцю Гарадзейскі цукровы камбінат падлічыў, што валавы закуп прадукцыі складзе да 1,5 мільёна тон.

На вывазцы цукровых буракоў задзейнічана не толькі тэхніка сельгаспрадпрыемстваў, але і прамысловых, а таксама прыватнікаў. І што характэрна, якраз магутныя грузапад’ёмныя машыны прыватнікаў і складаюць каля 70 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых. Мала таго, што тэхніка іх новая, сучасная і ўмяшчальная, прыватнікі дэманструюць і такі яркі прыклад арганізацыі бізнесу: яны гатовы працаваць кругласутачна.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *