Повязь часу

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

6-04-5n

Калі крочыш па вуліцах нашага райцэнтра – родных Стоўбцаў, міжволі ахутвае думка, як непазнавальна, гмахамі новабудоўляў, мяняецца аблічча горада. Між тым не-не ды хочацца азірнуцца на гістарычную мінуўшчыну. Гэты здымак дае ўяўленне, якой была адна з гарадскіх вуліц у 20-я гады XX стагоддзя.

Фота з архіва Васіля ЗЯНЬКО

 

БЫЦЬ ВЕРНЫМ ДА КАНЦА

6 кастрычніка спаўняецца 108 гадоў з дня нараджэння Алеся Мілюця, беларускага пісьменніка.

Радзіма Алеся Мілюця – вёска Скорычы, хаты якой туляцца ў маляўнічай даліне ракі Уша, што крыху далей, ля Ярэмічаў, лучыцца з бацькам Нёманам. Менавіта гэтая ярэміцка-карэліцкая зямля падарыла цэлую кагорту літаратараў: Янка Брыль, Алесь Бажко, Уладзімір Калеснік, Пятро Ламан, Уладзімір Навумовіч. У гэтым радзе і Алесь Мілюць, якога землякі лічылі не толькі старэйшым, але і сталейшым сваім хрысціянскім духам.

Хлопцу з беднай сялянскай сям’і давялося рана працаваць. «Слоў беларускіх», як і Янка Купала, «вучыўся ад маці». Дапаўняла веды ад некалькіх класаў пачатковай школы самаадукацыя. Паэт-араты добра валодаў рускай, нямецкай, польскай мовамі.

Ужо з дваццаці гадоў Алесь Мілюць пачаў дасылаць свае вершы і артыкулы ў прагрэсіўныя выданні, якія хоць і няшмат, выходзілі ў Заходняй Беларусі. Іх ахвотна друкавалі ў часопісе «Шлях моладзі», газетах «За працу», «Сялянская ніва», «Народ». Цікава прасачыць лёс гэтых выданняў, папулярных у народзе, але ненавісных панам, якія шукалі «зачэпкі», каб іх закрыць. Ну хіба ж не адкрыта рэвалюцыйны падтэкст вось такога верша Алеся Мілюця:

Ты, брат, будзь верны да канца

Сваёй зямлі, свайму народу,

Што стогне з гора год ад году,

Ты будзь, брат, верны да канца.

Хоць мы спаткаем шмат нягодаў,–

Май дух адважнага байца!

Ты будзь, брат, верны да канца

Сваёй зямлі, свайму народу!

З радасцю сустрэў паэт падзеі вызвалення 1939 года. Менавіта з гэтага часу, практычна з пачатку выхаду раённай газеты ў Стоўбцах, пачаў супрацоўнічаць з ёй і Алесь Мілюць. Жыў ён ужо на Стаўбцоўшчыне. Гэтыя абставіны і аўтарства ў нашым «Голасе селяніна» і даюць падставу лічыць яго звязаным лёсам са Стаўбцоўшчынай і ганарыцца яшчэ адным знакамітым аўтарам раённай газеты.

Даводзілася бачыць асобныя нумары «Голаса селяніна» ваеннага часу, падрыхтаваныя ў партызанскай рэдакцыі і друкарні. Удзячным быў бы матэрыял для даследчыка напаткаць і выпускі «раёнкі» з першых яе нумароў. А пакуль спашлёмся на энцыклапедычныя звесткі, што паэт пасля 1939 года ўслаўляў у вершах і артыкулах новае сацыялістычнае жыццё. Яго пяру належаць і філасофскія рэфераты-разважанні «Кааператыўны ідэал», скіраваныя ў справу стварэння лепшай рэчаіснасці. Хораша гучаць і лірычныя вершы Мілюця, як, скажам, гэтыя радкі аб каханні: «Скажы, чаму твой мілы зрок маю душу навек урок?..»

Аднак жа неспакой у свеце ў пачатку саракавых, усё больш мацнеючае шаленства фашызму, вымагае яго трывожна пісаць: «Цяпер жа вучаць забіваць – ляжыць гарматаў, бомбаў стос…»

Грымоты вайны дакаціліся і да нашага наднёманскага краю. Алесь Мілюць ідзе на фронт, бараніць Айчыну. Адзін з баёў ва Усходняй Прусіі ў верасні 1944-га стаў для яго апошнім.

Горыч страты добрага сябра, таленавітага паэта кранула сэрца Янкі Брыля. Прывядзём урывак з ягонага нарыса «Успамін»: «Я не ведаю, як ён, Алесь, памёр – адразу, падбіты куляй або разарваны снарадам, або не адразу – ад ран. Пад гукі ягонага верша мне ўяўлялася, да слёз зразумела і востра, як ён бяжыць па асенняй нямецкай Прусіі, як ён – і тут, як заўсёды, з людзьмі – крычыць задыхана баявое «ўра!». Мой сардэчны, заўсёды не надта здаровы, а ціхі, любімы вясковы настаўнік. Як ён падае – я не бачу: гэты бег па раллі і гэты задыханы крык – апошняе, што мне ўяўляецца з яго апошніх момантаў.

…Кім ён быў бы: ці ўзяў бы сваё як літаратар, ці, можа, стаў бы, як мне ўяўляецца, добрым, любімым дзецьмі настаўнікам, выкладчыкам літаратуры. А можа, застаўся б, як быў да вайны, пасля верасня, сціплым сельпоўскім рахункаводам? Адно я ведаю цвёрда – у нашым свеце было б яшчэ на аднаго харошага чалавека больш. Як ён любіў бы родную справу, роднае паэтычнае слова…»

Пранікнёныя словы пра літаратара, змагара, які аддаў жыццё за свабоду Айчыны. Няхай жа імя Алеся Мілюця застанецца ў пантэоне імён слынных нашых землякоў.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

ПРАЦУЮЧЫ З АРХІВАМ. ЯК ВЁСКА ПАДАЗРЭННІ ВЫКЛІКАЛА

«Лабановіч перабрыў Нёман і хвілін праз сорак падыходзіў да Нейгертава, дзе жыў Янка. Вёсачка тулілася на ўзгорку, малапрыкметная і маленькая. У ёй была адна толькі вулачка. Сам жыхар вёскі, Янка, так азначаў даўжыню сваёй вуліцы: у пэўны час, на досвітку, з аднаго і з другога канца сяла выходзілі на двор, вылезшы з бярлогу, дзед Мацей і дзед Аўсей. І кожны гук аднаго дзеда зараз жа перадаваўся другому». Маленькая вёсачка, так трапна апісаная Якубам Коласам, знаходзілася на Стаўбцоўшчыне недалёка ад Кнотаўшчыны, Шахноўшчыны і Мікалаеўшчыны. У той час Нейгертава уваходзіла ў склад Свержанскай воласці Мінскага павета і, паводле даведачных даных, налічвала 12 двароў, жыхары якіх былі занятыя ў сельскай гаспадарцы і сплаве тавараў па рацэ. У розных крыніцах тапонім падаецца ў самых разнастайных варыянтах: Негертава, Нейгертава, Негельтава.

Янкам з Нейгертава ў трылогіі «На ростанях», добрым сябрам Лабановіча, быў Янка Тукала, прататыпам якога стаў настаўнік Сымон Самахвал – блізкі сябар Коласа, з якім ён разам вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Ці не яму іншы наш славуты зямляк, Язэп Лёсік, у сваім падручніку «Беларускі правапіс» за 1929 г. сярод практыкаванняў прысвяціў радок «Я радзіўся ў засьценку Няйгертаве» (арыгінальны правапіс). У паслярэвалюцыйны час настаўнік з Нейгертава жыў у Мінску і працаваў у школе № 4 імя С. М. Кірава (знаходзіцца недалёка ад Кастрычніцкай плошчы і з’яўляецца адной з самых старых у Мінску). На жаль, лёс Сымона Фёдаравіча склаўся трагічна, змрочны час сталінскіх рэпрэсій не абмінуў і яго. 6 лютага 1938 г. ён быў арыштаваны, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з польскай разведкай, ва ўдзеле ў тэрактах эсэраў і барацьбе з савецкай уладай. Прыгавор «тройкі» быў выкананы 10 лістапада 1938 г. І толькі 31 студзеня 1962 г. светлае імя настаўніка са Стаўбцоўшчыны, прататыпа Янкі Тукалы, было рэабілітавана.

Жыццё не стаяла на месцы і ў самім Нейгертаве, якое падчас Першай сусветнай вайны, калі фронт ушчыльную падышоў да сучасных тэрыторый нашай краіны (неўзабаве ён амаль на два з паловай гады падзяліў нашу краіну на дзве часткі па лініі Дзвінск – Браслаў – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск), выклікала падазрэнні ў царскіх уладаў з-за сваёй назвы. Справаздачу аб ходзе разбіральніцтва падае «Журналъ Минскаго Губернскаго Присутствія по распорядительному отделенію». Запіс ад 14 ліпеня 1915 г. сведчыць: «Канцылярыя Мінскага губернатара 28 мая 1915 г. за № 1281 паведаміла Губернскаму Праўленню, што, па наяўных у канцылярыі звестках, у Мінскай губерні носяць нямецкія назвы наступныя населеныя месцы: фальварак Малінберг і вёска Нейгертава Мінскага павета, станцыя Вітгенштэйнская і хутар Левенгоф Барысаўскага павета, маёнтак Каралін Мазырскага павета, калоніі Найдорф і Грынталь Рэчыцкага павета і фальварак Курляндыя Слуцкага павета. За выключэннем пасёлка пры маёнтку Каралін і калоній Найдорф і Грынталь, населеных немцамі-каланістамі, усе астатнія з пералічаных вышэй паселішчаў населеныя мясцовымі жыхарамі – беларусамі».

Няхай сярод пералічаных тапонімаў назва нашай вёскі і падаецца «найменш нямецкай», усё ж цалкам магчыма, што яна ўтварылася альбо ад нямецкага прозвішча Neugart, альбо ад назоўніка Neige – схіл, што вельмі пасуе да мясцовых ландшафтаў.

Рашэнне губернскага пасяджэння было наступным: «Выслухаўшы дакладзенае, Губернскае Праўленне вызначыла: запытаць уладальнікаў фальварка Малінберг, вёскі Нейгертава Мінскага павета, хутара Левенгоф Барысаўскага павета і фальварка Курляндыя Слуцкага павета ці жадаюць яны змяніць нямецкія назвы на рускія, а таксама запытаць начальніка Аляксандраўскай чыгункі аб перайменаванні станцыі Вітгенштэйн, замяніўшы назвай Смалявічы».

Нельга не ўзгадаць, што падобны лёс напаткаў і саму сталіцу Расійскай імперыі, калі 18 жніўня 1914 г. узамен нямецкай назвы «Пецярбург» была прынята больш патрыятычная – «Петраград». Мілагучная ж назва вёскі з коласаўскіх ваколіц не змянілася, аднак мінуў час і ў 1963 г. Нейгертава было далучана да суседняй Кнотаўшчыны. Нам жа застаецца ведаць і памятаць, што быў і такі тапонім, які і Янку Тукалу даў свету, і падазрэнні выклікаў.

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *