Калі падыход фармальны

Нумары Пракурорскі нагляд

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання Заямнаўскім і Навасвержанскім выканаўчымі камітэтамі Закона Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2014 «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», а таксама заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Устаноўлена, што ў дзейнасці саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку гэтых сельвыканкамаў дапускаюцца ўпушчэнні і недахопы ў правядзенні прафілактычнай работы.

 Аналіз паказаў, што на падведамаснай Заямнаўскаму сельвыканкаму тэрыторыі за 2015 год зарэгістравана 52 злачынствы, ці 8,9 працэнта ад агульнай колькасці злачынстваў, адзначаных у раёне, – найбольшы паказчык сярод сельсаветаў. Росту злачыннасці садзейнічала павелічэнне з 13 да 29 колькасці зарэгістраваных на тэрыторыі сельсавета крадзяжоў.

Такая негатыўная тэндэнцыя на тэрыторыі Заямнаўскага сельсавета працягвалася і ў першым паўгоддзі 2016 года. За гэты перыяд зарэгістравана 28 злачынстваў, на 13 больш, чым у аналагічным перыядзе папярэдняга года.

У ходзе вывучэння мерапрыемстваў, запланаваных саветам АПАП Заямнаўскага сельвыканкама, устаноўлена, што пры іх распрацоўцы не ўдзелена належная ўвага негатыўным тэндэнцыям у структуры злачыннасці на падведамаснай тэрыторыі, у тым ліку пытанням забеспячэння маёмаснай бяспекі грамадзян і папярэджання злачыннасці супраць уласнасці. Так, у плане работы савета АПАП на 2016 год канкрэтныя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на спыненне крадзяжоў, не прадугледжаны, не ўказана, якая работа ў гэтым напрамку павінна быць праведзена. Не аналізуюцца прычыны і ўмовы, што садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў, і ў пратаколах пасяджэнняў савета. І, адпаведна, не прымаюцца эфектыўныя меры, накіраваныя на прафілактыку правапарушэнняў.

Нягледзячы на праблему папярэджання злачынстваў, звязаных з крадзяжом маёмасці, на пасяджэннях савета АПАП на працягу 2015 года і першага паўгоддзя 2016-га гэтае пытанне асобным блокам не было разгледжана, канкрэтныя рашэнні, накіраваныя на скарачэнне колькасці злачынстваў указанай катэгорыі, не прыняты. А між тым, колькасць злачынстваў указанай катэгорыі вырасла з 10 у першым паўгоддзі летась да 15 сёлета.

Не меншую актуальнасць на тэрыторыі Заямнаўскага сельсавета набыла праблема значнага росту злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама тымі, хто мае судзімасць. Так, за першы квартал гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015-га павялічылася з двух да 16 колькасць «п’янай» злачыннасці, а рэцыдыўнай – з аднаго да 11.

Аднак жа на пасяджэнні савета АПАП, якое было праведзена 20.04.2016, аналіз злачынстваў такой катэгорыі не быў зроблены. І ў другім квартале гэтае пытанне асобным блокам не было разгледжана. А вынік сумны.

Вывучэнне пратаколаў пасяджэнняў савета АПАП паказала, што ў большасці сваёй яны з’яўляюцца малазмястоўнымі, крымінагенная абстаноўка на замацаванай тэрыторыі належным чынам не аналізуецца, не ўстанаўліваюцца прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў і правапарушэнняў. Рашэнні па выніках пасяджэнняў прымаюцца не заўсёды, а прынятыя рашэнні фармальныя.

У ходзе праверкі дзейнасці Навасвержанскага сельвыканкама выяўлены факты непрыняцця саветам АПАП мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў. І гэта садзейнічала ўчыненню злачынстваў асобамі, паводзіны якіх у грамадскіх месцах давалі падставы меркаваць аб магчымасці з іх боку грамадсканебяспечнага дзеяння.

Д. С. Галімскі сумесна з Ю. В. Борысам 13.03.2015 у перыяд часу з 18.00 да 22.00, шляхам узлому ўваходных дзвярэй, праніклі ў дом па вуліцы Чыгуначнай у вёсцы Новы Свержань, адкуль укралі сістэмны блок і маніторы ВКІ, тым самым нанеслі пацярпеламу значныя матэрыяльныя страты. Па гэтым факце Стаўбцоўскім РАСК у адносінах да ўказаных асоб узбуджана крымінальная справа.

У ходзе вывучэння асоб Д. С. Галімскага і Ю. В. Борыса устаноўлена, што гэтыя жыхары Новага Свержаня злоўжываюць спіртнымі напіткамі, іх раней неаднаразова прыцягвалі як да адміністрацыйнай, так і да крымінальнай адказнасці. Паводзіны Д. С. Галімскага 20.11.2014 разглядалі на пасяджэнні савета АПАП Навасвержанскага сельвыканкама, у той жа дзень з ім праведзена гутарка аб недапушчальнасці паўторнага ўчынення правапарушэнняў. Пасля гэтага двойчы – 30.12.2014 і 24.02.2015 – Д. С. Галімскі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення паўторна, на працягу года пасля такога ж правапарушэння. Аднак яго антыграмадскія паводзіны на пасяджэннях АПАП у студзені–сакавіку 2015 г. не былі абмеркаваны, удзелу ў іх правядзенні ён не прымаў. Адпаведныя рэкамендацыі суб’ектам прафілактыкі правапарушэнняў аб прыняцці ў адносінах да Д. С. Галімскага неадкладных прафілактычных мер саветам АПАП не ўнесены, што таксама паспрыяла ўчыненню ім крадзяжу 13.03.2015. Пасля гэтага, 05.04.2015, Д. С. Галімскі зноў учыніў адміністрацыйнае правапарушэнне, а ўчыненае ім 16.05.2015 – кваліфікавана як злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 205 КК. Разам з Д. С.Галімскім адміністрацыйнае правапарушэнне 05.04.2015 учыніў Ю. В. Борыс, а ў маі – злачынства.

У ходзе праверкі Заямнаўскага і Навасвержанскага сельвыканкамаў выяўлены парушэнні і недахопы пры разглядзе службовымі асобамі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама па вядзенні справаводства ў даным накірунку.

Так, у Заямнаўскі сельвыканкам паступіў пісьмовы зварот В. Н. Ненадаўца па пытанні парушэння яго суседам Н. А. Жуком правілаў утрымання дамашніх жывёлін, а таксама патрабаванняў тэхнічнага кодэкса пры пасадцы дрэў і кустоў і ўстаноўцы туалета каля сумежнага з заяўнікам участка. У адказе сельвыканкама В. Н. Ненадаўцу было ўказана, што сусед папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасці за дапушчаныя парушэнні. Аднак вывучэнне матэрыялаў па гэтым звароце паказала, што няма ніякіх дакументаў, якія пацвярджаюць указаныя дзеянні з боку сельвыканкама, у тым ліку факт выезду па месцы жыхарства Н. А. Жука. Старшынёй сельвыканкама адміністрацыйны працэс пачаты не быў, а зварот проста спісалі «ў справу». Выпадкі нясвоечасовага разгляду зваротаў фізічных асоб дапускаюцца ў дзейнасці Навасвержанскага сельвыканкама. У прыватнасці, гэта датычыць звароту А. Н. Снежкі аб неналежным утрыманні зямельнага ўчастка з боку яго ўладальнікаў.

Па выніках праверкі пракуратурай раёна ўнесены прадстаўленні старшыні райвыканкама аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у дзейнасці Заямнаўскага і Навасвержанскага сельвыканкамаў, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць. Старшыні і кіраўнікі спраў гэтых сельвыканкамаў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *