Аб допуску да кіравання транспартнымі сродкамі

Ахова правапарадку Нумары

У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь ад 19.07.2016 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» у санкцыі частак 1 і 2 артыкула 18.25 КоАП Рэспублікі Беларусь («Допуск да кіравання транспартным сродкам вадзіцеля, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення або не мае права кіравання транспартным сродкам, або асобы, якая не прайшла агляд у выпадках, калі гэта абавязкова») унесены змены.

Так, санкцыя часткі 1 згаданага артыкула прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у адносінах да службовай асобы, адказнай за тэхнічны стан або эксплуатацыю транспарных сродкаў, у выглядзе штрафу ў памеры ад васьмі да 45 базавых велічынь (168 – 945 дэнамінаваных рублёў) – раней было ад дзвюх да васьмі базавых велічынь (42 – 168 дэнамінаваных рублёў).

Санкцыя часткі 2 згаданага артыкула (учыненне паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне) прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 15 да 50 базавых велічынь (315 – 1050 рублёў) – раней было ад васьмі да 20 базавых велічынь (168 – 420 рублёў)

Указаныя змяненні ўступілі ў сілу з 23.08.2016.

Іван МАМАЙКА, начальнік райаддзела міліцыі

 

НЕАБХОДНЫЯ ПРАФІЛАКТЫЧНЫЯ АКЦЫІ

30 верасня г. г. праходзіў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам: «Обозначить – значит обезопасить!». У перыяд з 19 па 25 верасня праведзена прафілактычная акцыя «Пешаход», а з 27 па 30 верасня – акцыя «Хуткасць». Мерапрыемствы, якія праводзіліся і праводзяцца Дзяржаўтаінспекцыяй, накіраваны на забеспячэнне руху без дарожна-транспартных здарэнняў.

На рашучасць прафілактычных дзеянняў нацэльвае і трывожная статыстыка. Па стане на 26.09.2016 на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна адбылося 16 ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінулі, 16 – атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. З агульнай колькасці ДТЗ 7 адбылося з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў.

Што датычыць адказнасці пешаходаў, згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, то яна наступная. У адносінах да пешахода, які ў цёмны час сутак рухаецца па праезджай частцы, не абазначыўшы сябе флікерам, прымяняюцца штрафныя санкцыі ў памеры ад адной да трох базавых велічынь ці папярэджанне. Калі парушэнне ім Правілаў дарожнага руху выклікала стварэнне аварыйнай сітуацыі, то памер штрафу складае ад 3 да 8 базавых велічынь. На суму ад трох да пяці базавых велічынь штрафуецца пешаход, калі ён знаходзіцца на дарозе ў стане алкагольнага ап’янення. У выпадку, калі парушэнне Правілаў дарожнага руху выклікала прычыненне пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання або пашкоджанне транспартнага сродку, грузу, дарожнага пакрыцця, іншай маёмасці, вінаваты падвяргаецца штрафу на суму ад пяці да 20 базавых велічынь.

Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе вадзіцелям не перавышаць хуткасць, захоўваць дыстанцыю, быць вельмі ўважлівымі, асабліва паблізу населеных пунктаў, дзе ў любы час на дарозе можа апынуцца пешаход.

Пешаходам неабходна праяўляць асцярожнасць і ўважлівасць у дарожным руху, асабліва на нерэгулюемых пешаходных пераходах. І такім важным элементам бяспекі ў цёмны час сутак, як флікер, не варта грэбаваць! Звяртаем асаблівую ўвагу бацькоў на неабходнасць абазначэння святлоадбівальнымі элементамі юных удзельнікаў дарожнага руху. Флікеры павінны быць як на адзенні, так і на школьнай сумцы дзіцяці. Не будзе лішнім абазначыць дзіця як спераду, так і ззаду. У такім варыянце непаўналетні пешаход будзе ў бяспецы.

Але гэта толькі дэталь, да якой яшчэ, безумоўна, неабходна веданне Правілаў дарожнага руху.

УДАІ УУС Мінаблвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *