Велапрабег

Нумары Паездкі, экскурсіі Факты, падзеi, людзi

7-04-5m

А НАСТУПНЫ РАЗ – З ВЕЛАТРЫЯЛАМ

Добраахвотнікаў, якіх вы бачыце на здымку, сабраў разам велапрабег, аб’яўлены на Стаўбцоўшчыне ў гонар Сусветнага дня турызму. І хоць маршрут яго – Стоўбцы–Апечкі–Жукаў Барок–Стоўбцы – не выходзіў за межы нашага раёна і абмяжоўваўся 30-кіламетровым кальцом, аднак эфект ад такой велапрагулкі перасягнуў усе чаканні.

Самаму юнаму ўдзельніку было 14 гадоў, самаму старэйшаму – 58. Некаторыя захацелі паўдзельнічаць сем’ямі, некаторыя – камандамі, як, напрыклад, вучні Заямнаўскай, Залужскай і Старасвержанскай школ. Разам з імі селі на веласіпеды і іх настаўнікі фізкультуры Анатоль Галаўко і Мікалай Кухарчык. Добры асабісты прыклад паказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мазур, які на некалькі гадзін таксама стаў веласіпедыстам.

Усе ўдзельнікі, незалежна ад узросту і падрыхтоўкі, паспяхова фінішыравалі, і фініш іх быў з пазітыўным настроем і спадзяваннем на новыя веласіпедныя маршруты. Больш таго, вырашана ў наступным годзе расшырыць праграму.

– Прагучала пажаданне дапоўніць прабег велатрыялам сярод удзельнікаў і, адпаведна, разнастаіць яго начоўкай на прыродзе, – выказалася ад імя ўсіх арганізатараў велапрабегу (сярод іх – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму, раённы камітэт БРСМ) галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская.

Веласіпедысты-турысты ў суправаджэнні ДАІ, машыны хуткай дапамогі рухаліся па асфальтаванай і лясной дарогах, у невялікай вёсачцы Лапкі іх маршрут пралягаў па брукаванцы. У Жукавым Барку адзін з удзельнікаў велапрабегу, гісторык Міхаіл Міхно, зрабіў экскурс у мінулае. Пасля гэтага на беразе Нёмана быў зроблены прывал. Запомніцца ён пачастункам на свежым паветры, за які шчыры дзякуй варта сказаць дырэкцыі птушкафабрыкі «Колас» і дырэкцыі сельскагаспадарчага філіяла «Аталезь-агра».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СЛОВА – УДЗЕЛЬНІКУ. НЕ ПЕРАШКОДЗІЎ ДОЖДЖ

Мы прынялі ўдзел у другім велапрабегу, прысвечаным Сусветнаму дню турызму.

 І вось старт. На трасе выстраілася калона веласіпедыстаў. І хоць гэта было не спаборніцтва і не патрабавалася намаганняў змагацца за высокія вынікі, усё ж, зразумела, прысутнічаў дух спартыўнай барацьбы. Роўнае палатно дарогі чаргавалася з пад’ёмамі і спускамі. Будынкі змяняліся прыгожым восеньскім лесам, прасторнымі палямі. Прадугледжаны быў прыпынак у ваколіцах Жукава Барка, на беразе маляўнічага Нёмана, дзе нас пачаставалі гарачым чаем і бутэрбродамі. Далей была невялікая экскурсія па вёсцы, мы ўбачылі мемарыяльны млын, дзе ў гады вайны былі спалены мірныя жыхары.

Ізноў мы адправіліся ў дарогу. У Аталезі прыпыніліся ля помніка Авакуму Мамантаву – аднаму з арганізатараў і кіраўнікоў маладзёжнага падполля і партызанскага руху на тэрыторыі Мінскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Каля 30 кіламетраў было пераадолена намі на веласіпедах. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, мы не гублялі аптымізму. Зарад бадзёрасці і энтузіязму атрымалі ўсе ўдзельнікі спартыўнага свята.

 Ангеліна ЛАПКО, вучаніца Заямнаўскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *