Лясніцтва прыцягвае і турыстаў

Нумары Паездкі, экскурсіі У калектывах Стаўбцоўшчыны

Кульское лясніцтва адметнае тым, што на яго плошчу, амаль дзевяць тысяч гектараў, прыходзяцца прыродныя тэрыторыі і помнікі прыроды, якія асабліва ахоўваюцца. Найбольш значныя і добра вядомыя сярод іх – музей-сядзіба «Дзяржынава» і ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Налібацкі». Мяркуе заваяваць папулярнасць у хуткім часе і экалагічная веласцяжына працягласцю 25 км, якая ў гэтым годзе была адкрыта Стаўбцоўскім лясгасам усцяж тэрыторый двух лясніцтваў – Кульскога і Хатаўскога. Новы аб’ект парадуе велатурыстаў шмат якімі адкрыццямі. У першую чаргу, захапленне выкліча крыніца Чырвоная, старадаўні млын, брукаванка, ручай Казелец і каскад трох азёр з абсталяванымі месцамі адпачынку сярод цудоўнай прыроды.

Мяркуючы па гэтым і іншых рэалізаваных праектах, у Кульскога лясніцтва апошнім часам з’явілася больш функцый, дадалося клопатаў па добраўпарадкаванні. Нельга не сказаць, што аб’ёмаў работ істотна дабавіла і ліпеньская стыхія. На Стаўбцоўшчыне яна закранула пераважна тэрыторыю Рубяжэвіцкага лясніцтва, аднак на дапамогу прыйшлі ўсе.

– Які імідж у сучаснага лясніцтва? – цікавімся ў ляснічага Кульскога лясніцтва Сцяпана ЯВІДА.

– Ён вельмі разнапланавы, але, адназначна, пазітыўны, дзейсны, з прывабнай дагледжанасцю тэрыторыі. Кульское лясніцтва было ўтворана да вайны, у 1939 годзе, таму амаль палова лясоў адносіцца да сярэднеўзроставых (якім падбіраецца пад 60 гадоў). У нас арганізаваны два майстарскія ўчасткі, якія падзелены на 13 лясных абходаў. Вядзём нарыхтоўку драўніны. Садзім новыя культуры. У гэтым годзе яны занялі 14 га. На 86 га ачысцілі лес ад захламленасці. Дзякуючы лясной ахове спакойна прайшоў пажаранебяспечны перыяд. А з асобнымі дзёрзкімі лесапарушальнікамі змагаемся з дапамогай Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Штодзённа ў работнікаў лясніцтва – карпатлівая і напружаная праца. Яна нярэдка выходзіць за рамкі рабочага дня, закранае выхадныя дні. Варта прыгадаць кампанію па ліквідацыі бураломаў, дзяжурствы ў пажаранебяспечны перыяд… Свае асноўныя задачы выконваем і цесна супрацоўнічаем па навядзенні парадку ў сельскіх населеных пунктах з Літвенскім сельвыканкамам. Неабходную дапамогу ў добраўпарадкаванні, рамонце аказваем музею-сядзібе «Дзяржынава». З сельгаспрадпрыемствамі ААТ «Рочавічы» і ААТ «Радзіма Дзяржынскага» ў нас плённыя стасункі. Карацей, з суседзямі жывём мірна і дружна, стараемся дапамагаць адзін аднаму.

– Недалёка ад адміністрацыйнага будынка лясніцтва пасецца конік. Памочнік леснікам? І свежыя насаджэнні адразу кідаюцца ў вочы…

– Касметычны рамонт лясніцтва быў зроблены ў мінулым годзе. У бягучым годзе лясгас набыў у лясніцтва мэблю. Зразумела, і мы пастараліся добраўпарадкаваць сваю тэрыторыю. Заклалі дзве кампазіцыі з дэкаратыўна-хваёвых насаджэнняў. Дапамагла нам спецыяліст садова-паркавага будаўніцтва, мая жонка Юлія. Яна цяпер у дэкрэтным адпачынку, займаецца выхаваннем нашых дваіх дзяцей, таму адносна свабодная. Побач з лясніцтвам расце наша гордасць – міні-дэндрапарк, бадай, адзін са старэйшых у лясгасе. Ён утрымлівае каля чатырох дзясяткаў відаў парод дрэў. Сёння гэта ўжо векавыя насаджэнні, якія стваралі многія пакаленні кульскіх лесаводаў.

Увогуле тэрыторыя вакол адміністрацыйнага будынка лясніцтва набліжаецца да двух гектараў, таму вялікая нагрузка ўскладзена на прыбіральшчыцу Ірыну Жвырбля. Яна ж і коней даглядае. У лясніцтва свой моцны тэхнічны парк (яго асноўнае абнаўленне прайшло тры гады таму), аднак у падсобнай гаспадарцы ўтрымліваем і трох коней. Нарыхтоўваем для іх сена. У зімовы перыяд яны служаць для падвозу работнікаў на дзялянкі, у вясенне-асенні сезон – для апрацоўкі прысядзібных участкаў.

ГутарылаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *