Дзяржзаказ сябе апраўдвае

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

3-07108o

Трэці год за бюджэтныя сродкі на Стаўбцоўшчыне арганізуецца аздараўленне дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва».

Як гэта было сёлетнім летам, расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Наталля МАКАВА:

– У чэрвені бягучага года ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праведзены конкурс на выкананне дзяржаўнага сацыяльнага заказу, прафінансаванага шляхам прадастаўлення недзяржаўным некамерцыйным арганізацыям субсідый на аздараўленне інвалідаў. Пераможцамі конкурсу сталі грамадская дабрачынная арганізацыя «Беларускі дзіцячы хоспіс» і Дыяканічны дом сацыяльнага служэння пры прыходзе храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы в. Тарасава (Мінскі раён). Са сродкаў раённага бюджэту на аздараўленне нашых дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў выдаткавана ў бягучым годзе 1 970 рублёў (дэнамінаваных).

– Што прапанаваў Беларускі дзіцячы хоспіс?

– У ліпені і жніўні ў летнім аздараўленчым цэнтры «Аист» ГДА «Беларускі дзіцячы хоспіс», які размешчаны ў вёсцы Падляскоўе на Стаўбцоўшчыне, паслугі па аздараўленні і сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі атрымалі пяць маладых інвалідаў і адно дзіця-інвалід. На працягу 14 дзён яны знаходзіліся ў цэнтры без бацькоў у суправаджэнні спецыялістаў хоспіса і персанальных валанцёраў з Беларусі і Германіі.

Акрамя таго, для кожнай змены была падрыхтавана спецыяльная праграма мерапрыемстваў і аздараўленчых працэдур, з запрашэннем гасцей і валанцёраў. Да прыкладу, 19 жніўня была зладжана сустрэча «Свята лета» для дзяцей і маладых людзей, якія знаходзіліся на аздараўленні ў цэнтры «Аист», а таксама і іншых рабят, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Перад імі выступалі клоўны-валанцёры з Мінска.

– Пра праекты Беларускага дзіцячага хоспіса, які мае на тэрыторыі нашага раёна аздараўленчы цэнтр, мы ўжо чулі. Раскажыце аб праграме аздараўлення інвалідаў, прадастаўленую іншым пераможцам конкурсу.

– Дыяканічны дом сацыяльнага служэння прыняў на аздараўленне з 22 па 26 жніўня групу дзяўчат (пяць чалавек), наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Для іх спецыялісты Дыяканічнага дома праводзілі заняткі па развіцці творчага патэнцыялу і сацыяльна-бытавой кампетэнцыі, быў арганізаваны шэраг экскурсій па адметных мясцінах Мінска. Дзяўчаты атрымалі ўнікальны вопыт самастойнага пражывання і сацыяльнага ўзаемадзеяння, таму што іх група перамяшчалася па Мінску на грамадскім транспарце. Яшчэ наведалі мемарыяльны комплекс «Востраў слёз», музей прыроды і экалогіі, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, а таксама Цэнтральны батанічны сад, планетарый, дзіцячую чыгунку імя К. С. Заслонава.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *