Пасвячэнне ў прафесію

Медыцына Нумары

6-07-108u

АДКАЗНАСЦЬ БЫЦЬ НАШЧАДКАМІ ГІПАКРАТА

Н ашчадкі Гіпакрата – так самі сябе назвалі маладыя спецыялісты, якіх запрасілі на прыгожую ўрачыстасць кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт цэнтральнай раённай бальніцы. Гэтае свята – традыцыйнае ў медыцынскай установе. Аднак у гэтым годзе яно было незвычайнае тым, што прайшло не ў актавай зале райпаліклінікі, а ў раённым Цэнтры культуры. Сучасная сцэнічная апаратура дала магчымасць ва ўсёй красе паказаць таленавіты калектыў райбальніцы. А адкрыў праграму відэафільм. Ён прафесійна падрыхтаваны з тытрамі на англійскай мове. Гэты фільм мае важную задачу – расказаць аб сучасных метадах дыягностыкі і лячэння ў стаўбцоўскай бальніцы для пашырэння геаграфіі аказання медыцынскіх паслуг за межамі нашага раёна, і нават рэспублікі. Фільм можна паглядзець на сайце стаўбцоўскай раённай бальніцы. Пры дапамозе сучаснай медыяпраекцыйнай сістэмы быў цудоўна прадстаўлены змест фільма.

Не буду казаць за іншых прысутных у зале, аднак у мяне асабіста склалася ўражанне, што самыя таленавітыя маладыя медыкі прыходзяць у стаўбцоўскую раённую бальніцу. І тут трэба аддаць належнае арганізатарам традыцыйнага свята пасвячэння ў прафесію, якім за некалькі месяцаў удаецца выявіць у маладых спецыялістаў таленты, арганізаваць іх выйсці на сцэну і таленавіта выканаць канцэртныя нумары. Пастаўлены вакал, кемлівасць, тонкі гумар, арыгінальнасць у сцэнках на тэму медыцынскіх будняў, выкананне песень пад уласны акампанемент на музычных інструментах – гэта ўспрымаецца на «біс».

33 маладыя спецыялісты заступілі на працу ў бягучым годзе ў цэнтральную раённую бальніцу і лячэбна-прафілактычныя ўстановы нашага раёна. У ліку іх – 11 урачоў і 23 спецыялісты сярэдняга медыцынскага персаналу.

Гасцінна прывітаць іх на нашай стаўбцоўскай зямлі падняўся на сцэну намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шэсцель. Ён адзначыў, што ім пашанцавала трапіць на першае месца работы ў райбальніцу, якая трымае лідарства ў Мінскай вобласці. Такі рэйтынг райбальніцы пацвярджае правільнасць выбранай стратэгіі развіцця галіны аховы здароўя. Сяргей Шэсцель выказаў надзею, што маладыя спецыялісты дадуць новы імульс сістэме аховы здароўя, унясуць свежыя падыходы ў работу, у засваенне новых медыцынскіх тэхналогій.

Па-мацярынску цёплым, даверлівым было слова да маладых спецыялістаў галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Святланы Глебка. Святлана Здзіславаўна паабяцала ім, што старэйшыя калегі, кіраўніцтва райбальніцы з любоўю дапамогуць прайсці перыяд адаптацыі. За маладымі кадрамі замацаваны куратары з ліку намеснікаў галоўнага ўрача, загадчыкаў аддзяленняў, вопытных медыцынскіх работнікаў. Кіраўнік сферы аховы здароўя раёна пажадала маладым спецыялістам, каб медыцынская ўстанова стала ім родным домам, каб яны маглі знайсці сябе не толькі ў прафесіі, але і ў асабістым жыцці, каб Стаўбцоўшчына стала для іх пастаянным месцам прапіскі. У дваіх маладых спецыялістаў ужо адбыліся такія шчаслівыя падзеі ў іх жыцці – ва ўрача-педыятра Дар’і Цераховіч і ўрача-тэрапеўта Ірыны Чэмка. З пачаткам сямейнага жыцця іх павіншавалі на свяце і ўручылі падарункі ад прафсаюзнага камітэта. Старшыня прафкама Флюза Анушкевіч павіншавала маладых спецыялістаў з уступленнем у самастойнае прафесіянальнае жыццё і выказала надзею, што яны стануць добрымі медыкамі і вернымі надзейнымі калегамі. Усім маладым спецыялістам былі ўручаны кветкі і падарункі ад прафсаюзнага камітэта.

На працягу ўсёй урачыстасці маладыя спецыялісты радавалі залу канцэртнымі нумарамі. Іх выканалі: акушэркі акушэрска-гінекалагічнага аддзялення Ірына Родак і Анастасія Таболіч, фельчар Дзераўнянскай участковай бальніцы Яўген Андросік, фельчары аддзялення хуткай дапамогі Рэнат Драбушэвіч, Раман Целеш, Алеся Гуліцкая, урач-стаматолаг Уладзіслаў Куель, медсястра неўралагічнага кабінета Вольга Жалнерчык. А ўрач-хірург Мікалай Ланкевіч не толькі прыгожа выканаў сольны нумар пад гітару, але і бліскуча справіўся з роляю вядучага праграмы. Разам з ім была вядучая Кацярына Панедзька, дарэчы, – малады спецыяліст раённага Цэнтра культуры, якая ў бягучым годзе заступіла на пасаду рэжысёра. І што адметна і вельмі прыгожа – усю канцэртную праграму пасвячэння ў прафесію медыкаў падрыхтавалі маладыя спецыялісты раённага Цэнтра культуры – зрэжысавалі яе, напісалі сцэнарый. Гэтая каманда складаецца, акрамя Кацярыны, з рэжысёраў Лізаветы Собар, Крысціны Паплаўскай, спецыяліста па акадэмічным вакале Вікторыі Хлябовіч і спецыяліста па эстрадным вакале Вольгі Дземеш. Можна толькі парадавацца за моладзь, якая дастойна заступае на змену старэйшым, і пажадаць як маладым спецыялістам у медыцыне, так і маладым спецыялістам у культуры, шчаслівага прафесіянальнага шляху.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: маладых спецыялістаў віншуе галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка; моладзь у прафесію пасвячае галоўная медсястра Святлана Высоцкая; ва ўсёй красе – маладыя спецыялісты; вядучы праграмы – урач-хірург Мікалай Ланкевіч; старшыня прафсаюзнага камітэта Флюза Анушкевіч віншуе ўрача-терапеўта Ірыну Чэмка.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БЕЗ ДОБРАГА СЛОВА НЕ ЛЕЧАЦЬ

Я чалавек пажылога ўзросту, шмат людзей сустракалася на маім шляху, і па дактарах давялося пахадзіць. Кожны пражыты год не прыбаўляе здароўя. Я быў прыемна ўражаны пасля прыёму ў паліклініцы Стаўбцоўскай ЦРБ ва ўрача Ігара Пупыніна. Гэтага доктара раней не было там. Я даведаўся, што ён малады спецыяліст. Такі ўважлівы, прыемны чалавек. Ад яго дабрыні, павагі ў мяне на душы стала цёпла, спакойна. Хацелася абняць яго, я сказаў, што ён урач ад Бога. Уважлівыя, адказныя адносіны да работы даюць вынік: пасля назначэнняў і прыёму лекаў стан майго здароўя палепшыўся.

Як жа я быў рады, калі і ад іншых людзей пачуў добрыя водгукі пра гэтага доктара. Цяпер толькі прасіць Бога, каб такія спецыялісты не пакідалі наш раён, заставаліся працаваць. Кожны з пацыентаў хоча даверыцца ўрачу, бо сам у медыцыне нічога не разумее. І як добра, калі гэты давер апраўдваецца, калі хочацца выказваць удзячнасць медыцынскім работнікам.

Са словамі шчырай павагі хочацца пажадаць Ігару Пупыніну не згубіць на хібах жыцця выдатныя хрысціянскія якасці спагады, дабрыні, любові да бліжняга, Божай дапамогі ў авалоданні прафесіяй урача, такой неабходнай і патрэбнай людзям.

Леанід ПЯТКЕВІЧ, г. Стоўбцы

 

АНОНС. ТАТАЎ ДЗЕНЬ

Усе, хто жадае, могуць стаць удзельнікамі сямейнага свята «Татаў дзень», якое пройдзе ў цэнтральнай раённай бальніцы.

Урачыстасць адбудзецца на раённым Тыдні маці. 12 кастрычніка, у сераду, з 11 гадзін у фае райпаліклінікі будзе працаваць фотавыстава «Мой тата – самы лепшы!». У гэты ж дзень пройдзе пасяджэнне за «круглым сталом» з удзелам уролага, гінеколага, педыятра, нарколага. Гэтыя спецыялісты дадуць кансультацыі.

Калі ласка, на свята!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *