Да Дня маці. Самыя прыгожыя бабулі

На сувязі - рэдакцыя Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

11-10-12g

Бабуля. Якое прыгожае, ласкавае і пяшчотнае слова! Спакой, утульнасць і цяпло прыносіць яно ў хату. Вось менавіта такіх бабуль, добрых і ласкавых, чулых і пяшчотных, у Дзень пажылых людзей запрасілі работнікі Шашкоўскага СДК на конкурсную праграму «Ану, бабулі!»

У гэтым конкурсе прынялі ўдзел Л. Ф. Юнцавіч, С. П. Саўчанка, Г. С. Лысая, В. С. Фенька. Пад гукі песні «Ану, бабулі! Ану, мілыя! Няхай спявае пра вас сям’я!.. » падымаліся яны ўсхваляваныя на сцэну. Для таго каб бліжэй пазнаёміцца з удзельніцамі конкурсу, на сцэну былі запрошаныя іх унукі. Яны расказвалі гледачам пра сваіх бабуль, віншавалі іх са святам і ўручалі ім букеты кветак. А самая маленькая трохгадовая праўнучка Лера, дачка ўнучкі Людмілы Юнцавіч, прачытала цікавы жартоўны верш пра тое, што яна пойдзе і знойдзе для бабулі яе маладыя гады. Кожная ўдзельніца прадставіла на суд журы і гледачоў любімыя стравы сям’і: торты, запечаныя ў кляры яблыкі, двухслойнае жэле, трубачкі з крэмам, бліны і многае іншае. Журы прапанавала гледачам паспытаць гэтыя кулінарныя шэдэўры. У наступным конкурсе нашы ўдзельніцы паказвалі свае тэарэтычныя веды ў кулінарыі. Нялёгка было бабулям заплесці косы без грэбня, яны спавівалі немаўля-ляльку. Усе ўбачылі, які вясёлы, жыццярадасны народ, душа любой кампаніі – бабулі. Яны ведаюць шмат старадаўніх і сучасных песень. На гэты раз бабулям прыйшлося паспаборнічаць у майстэрстве выканання прыпевак. Вельмі хваляваліся гледачы за удзельніц, калі тым давялося адгадваць мелодыі. Яны дапамагалі ім выконваць песні і падтрымлівалі апладысментамі. І вось вядучая абвясціла апошні конкурс пад назвай «Я танцаваць хачу!». Першай выйшла з ўнукамі выконваць кракавяк Л. Ф. Юнцавіч, закруцілася ў віхуры вальса разам з дачкой В. С. Фенька. А Г. С. Лысая запрасіла на польку свайго калегу, па-маладзецку ўзляцеў на сцэну муж С. П. Саўчанка, каб станцаваць разам з ёю цыганачку. Іх падтрымала і дачка Алёна. Зал трыумфаваў!

Хочацца адзначыць, што ўдзельнікам конкурсу і гледачам дарылі ў гэты вечар свае песні і жарты самадзейныя артысты: сёстры Дар’я і Валерыя Малахавы, Вераніка Юрашчык, Яўген Кавалеўскі, Ігар Рослік, Сяргей Лысы, Уладзіслаў Юрашчык, Марыя Анісавец, Валянціна Данілавіч, вакальны гурт «Родныя напевы», салістка вакальнай студыі «Ветразь» з горада Мінска Ангеліна Грышчанка – унучка Г. С. Лысай. Усім удзельніцам конкурсу былі ўручаны медалі і дыпломы, а таксама памятныя сувеніры ад калектыву ДУК «Шашкоўскі СДК». Пасля конкурснай праграмы ўдзельнікі аматарскага аб’яднання «Гаспадынька» запрасілі ўсіх на чаяванне.

Лідзія КІРЫЛЕНКА,мастацкі кіраўнік Шашкоўскага дома культуры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *