Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

14-10-15t

ШЧЫРЫЯ ПРАЦАЎНІЦЫ І ПЯШЧОТНЫЯ МАЦІ

У жывёлагадоўчай галіне ААТ «Вялікі Двор» шчыруюць увішныя і руплівыя жанчыны, якія дабіваюцца высокіх паказчыкаў у працы. У іх ліку аператары машыннага даення Ірына Гудзь, яна працуе на МТФ «Асіпаўшчына», і дзве Наталлі – Мяшок і Хмель, якія завіхаюцца ў даільнай зале на новай ферме ў Вялікім Двары. Руплівіцы ўжо перасягнулі шасцітысячныя надоі малака ад каровы. Пры гэтым у Ірыны Гудзь у параўнанні з мінулагоднім паказчыкам прыбаўка па надоях склала больш за паўтоны. За высокія паказчыкі і добрасумленныя адносіны да работы гэтыя жанчыны прымалі сёлета ўдзел у пятым злёце аператараў машыннага даення сельгаспрадпрыемстваў раёна. У складзе квартэта была і аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Наталля Жылко. Стараннямі і нястомнымі рукамі гэтых жанчын, якія па-сапраўднаму любяць сваю справу і аддалі ёй практычна па два дзясяткі гадоў кожная, прымнажаюцца здабыткі гаспадаркі і раёна. Па заслугах ацэньвае працу жывёлаводаў і дырэкцыя таварыства.

Усе вышэйназваныя жанчыны не толькі працаўніцы, але і ласкавыя і пяшчотныя жанчыны-маці. У Наталлі Хмель трое дзяцей – два сыны і дачка. Усе паслухмяныя і, як бацькі, працавітыя. Сярэдні Іван, якога назвалі ў гонар абодвух дзядуляў, сёлетнім летам працаваў памочнікам камбайнера. Наталля Іванаўна сціплая і нешматслоўная, і на рабоце паказавае клас, і дома ўпраўляецца.

Наталля Мяшок з сям’і патомных жывёлаводаў, яна заўжды на перадавых пазіцыях. Яе маці Тамара Васільеўна вядомая ў раёне жанчына, даярка-дзесяцітысячніца. Брат Андрэй працуе брыгадзірам комплексу. У Наталлі Мікалаеўны растуць сын і дачка. Пакуль што школьнікі-старшакласнікі, матчыны памагатыя.

Не займаць вопыту і старання Ірыне Гудзь. У адрозненне ад сваіх каляжанак яна рупіцца на старой ферме, але паказвае прыклад у рабоце і не саступае ім па надоях малака. Ірына Андрэеўна выхавала дваіх дзяцей. Яны ўжо дарослыя. Сын працуе, а дачка вучыцца.

Яўген – адзіны сын у Наталлі Жылко. І прывучаны да работы з маленства. Яшчэ вучыцца ў школе, але летам падпрацоўвае на комплексе. Добра ведае, як нялёгка дастаюцца грошы. Наталля Міхайлаўна гаспадыня хоць куды. Разам з мужам Валерыем, таксама перадавым жывёлаводам, трымаюць вялікую хатнюю гаспадарку. Пабудавалі цяпліцы і вырошчваюць гародніну. Жанчына з тэхнікай на «ты». Яна і на аўтамашыне, і на скутары, і на мотаблоку сама ездзіць.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Ірына Гудзь і тры Наталлі – Хмель, Мяшок і Жылко.

 

ПЕРАМОЖЦЫ

Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшую жывёлагадоўчую ферму і лепшую рамонтную майстэрню, які быў арганізаваны ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, з мэтай далейшага навядзення парадку на гэтых вытворчых аб’ектах.

Лепшай прызнана малочнатаварная ферма «Засулле» ААТ «Каганец». Брыгадзір Тамара Тарасевіч атрымала прэмію. Дружны і згуртаваны калектыў жывёлаводаў адзначаны дыпломам і падарункамі, якія ўручыла кіраўніку падраздзялення старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч. Выказала людзям словы ўдзячнасці за шчыраванне на рабочых месцах і аздабленне тэрыторыі прыгожымі клумбамі і рознымі цікавымі экспанатамі начальнік аддзела жывёлагадоўлі Галіна Шуранкова. Для жывёлаводаў быў арганізаваны салодкі стол.

Сярод рамонтных майстэрняў першынствавала адпаведнае вытворчае падраздзяленне ААТ «Жацерава». Працаўнікі стараюцца падтрымліваць заваяваны імі ў мінулых гадах імідж неаднаразовых прызёраў. Павіншаваў жацераўскіх рамонтнікаў з перамогай, у асобе галоўнага інжынера Дзяніса Скачко, намеснік начальніка райсельгасхарча па механізацыі Сяргей Ермаковіч. Калектыў таксама ўзнагароджаны дыпломам і падарункамі.

 

НА ФЕРМАХ ПАЧАЛАСЯ ЗІМОЎКА

За тры кварталы бягучага года на малочнатаварных фермах гаспадарак раёна надоена 66342,7 тоны малака. Самымі буйнымі пастаўшчыкамі сыравіны для перапрацоўшчыкаў па-ранейшаму застаюцца ААТ «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа» і ТАА «СЖК «Налібакі», якія паступова нарошчваюць вытворчасць прадукцыі.

– З пачатку года прыбаўка па валавой вытворчасці малака склала 5,2 працэнта, або 3298,2 тоны, за верасень – 8,8 працэнта, ці 572,7 тоны, – расказвае начальнік аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галіна Шуранкова. – Аднак паказчыкі маглі быць вышэйшымі. Спрацавалі з мінусам і не выйшлі на мінулагодні ўзровень жывёлаводы ААТ «Вялікі Двор» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». У апошняй гаспадарцы ўзніклі вялікія праблемы з ўзнаўленнем статка, адсюль пачынаюцца і ўсе астатнія, у прыватнасці, упала таварнасць. Увогуле ж па раёне яна неблагая, рэалізавана спажыўцам за дзевяць месяцаў 60207,1 тоны малака.

Горш ідуць справы з вырошчваннем буйной рагатай жывёлы. Прыбаўка склала толькі два працэнты. У верасні не выйшлі на аб’ёмы адпаведнага леташняга перыяду ААТ «Вялікі Двор», «Дзераўное», «Каганец», «Шашкі», СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Прычына ў непрытрымліванні тэхналогіі кармлення і ўтрымання маладняку. І менавіта адсутнасць спецыялізаваных камбікармоў КР-2 і КР-3, якія цяпер гаспадаркамі практычна не закупляюцца.

Пагалоўе кароў павялічылася і склала 16 265 галоў, што на 285 больш, чым у мінулым годзе.

– Галіна Аляксандраўна, на фермах пачаўся зімова-стойлавы перыяд. Як падрыхтаваліся да яго гаспадаркі раёна?

– У цэлым няблага. Сельгаспрадпрыемствы працягваюць папаўняць запасы кармоў, убіраецца кукуруза на сілас. Жывёла пераведзена на зімовыя рацыёны. Зараз асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць тэхналогіі кармлення дойнага статка: ад сухастойных кароў да навацельных і дойных. І іменна навацельныя каровы павінны атрымліваць камбікорм КР-61 з 18-працэнтным утрыманнем у ім пратэіну для таго, каб рагулі раздаіліся і ў далейшым давалі малако. Што тычыцца падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў, то яна завяршаецца – устаўляюцца полікарбанатныя вокны, навешваюцца дзверы. Практычна пабудаваны «клюшачнікі» ў ААТ «Вішнявецкі-агра», «Дзераўное» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

 

ВЫЗНАЧЫЛІСЯ НА ЎБОРЦЫ САЛОМЫ

Падведзены вынікі работы механізатараў і вадзіцеляў сельгаспрадпрыемстваў раёна на ўборцы саломы. Як адзначыла старшыня галіновага прафсаюза Тамара Калошыч, у данай намінацыі падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі былі ўручаны сёлета ўпершыню. На прасаванні саломы вызначыліся Пётр Краўчанка з ААТ «Жацерава», Васілій Лучык з ААТ «Вялікі Двор» і Дзмітрый Трацяк з ААТ «Каганец»; на адвозцы – Мікалай Ланкевіч з ААТ «Радзіма Якуба Коласа», Сяргей Стаяновіч з ААТ «Вішнявецкі-агра» і Аляксандр Пухоўскі з ААТ «Агранёманскі»; на пагрузцы – Зянон Бурдзілоўскі з ААТ «Агранёманскі», Генадзій Недзень з ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і Мікалай Руцкі з ААТ «Вішнявецкі-агра».

 

ПРАВЕРЫЛІ ВЕДЫ

Асноўны прынцып і галоўная задача аховы працы – захаванне самага каштоўнага, што ёсць на зямлі, – жыцця і здароўя людзей. На папярэджанне вытворчага траўматызму накіраваны розныя прафілактычныя мерапрыемствы. Паспяховае іх вырашэнне і недапушчэнне няшчасных выпадкаў залежаць ад кампетэнтнасці ў пытаннях аховы працы кіраўнікоў, іх намеснікаў, галоўных спецыялістаў. Неабходна пастаянна павышаць узровень ведаў, што занатавана адпаведнай пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь.

– Мы працуем згодна з Інструкцыяй аб парадку навучання, стажыравання, інструктажу і праверкі ведаў працаўнікоў па пытаннях аховы працы, – расказвае галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Людміла Магер. – З пачатку года на базе цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў райсельгасхарча прайшлі абавязковую праверку ведаў 46 з прынятых на працу кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *