Прыём старшынёй райвыканкама. З любоўю, пяшчотай, павагай

Нумары Раённыя навіны

2-18-10-19c

У рамках раённага Тыдня маці адбыўся ўрачысты прыём жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці, старшынёю раённага выканаўчага камітэта Юрыем Горлавым.

Гэта адно з самых прыгожых і адметных мерапрыемстваў, якое праводзіцца ў гэтыя светлыя дні. Яно традыцыйнае, і кожны год праходзіць з сардэчнай цеплынёй і на высокай ноце. Юрый Горлаў абазначаў велічнасць і святасць важнейшай місіі жанчыны, звязанай з нараджэннем і выхаваннем дзяцей, выказаў прызнанне жанчынам за іх высакародны, значны для грамадства і дзяржавы клопат па выхаванні дзяцей, прызнанне іх вялікай ролі ў захаванні і ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў, маральных ідэалаў, і перш за ўсё сямейных, без чаго немагчыма духоўнае адраджэнне грамадства і паўнацэннае развіццё дзяржавы. Дамашняя ўтульная атмасфера сустрэчы дала магчымасць і жанчынам выказаць свае меркаванні аб неабходнасці аб’яднаць намаганні ўсяго грамадства ў справе павышэння прэстыжу мацярынства, гаварылася аб значэнні маці ў жыцці кожнага чалавека.

У гэтым годзе запрашэнне прыняць удзел ва ўрачыстасці атрымалі Кацярына Васільева, Алена Філіповіч са Стоўбцаў, Яніна Шашко са Старога Свержаня, Вольга Пракаповіч, Алена Якоўчык з Дзераўной, Яніна Навіцкая з Янкавіч, Вікторыя Калкоўская з Драздоў, Вера Чарнец з Тонава, Марына Маліноўская з Шашкоў, Ганна Анфалава з Новага Свержаня. Старшыня раённага аб’яднання Беларускага саюза жанчын Наталля Лапко прадставіла кожную жанчыну. Некаторыя з іх ужо знаёмыя паміж сабою, так як сустракаліся на такім жа ўрачыстым прыёме ў папярэднія гады. Быў зроблены акцэнт на тым, што жанчыны, святочны ўбор якіх упрыгожвае ордэн Маці, асабістым прыкладам падаюць сваім дзецям дастойны ўзор для пераймання.

Кацярына Васільева прадстаўляе дзіцячы дом сямейнага тыпу, першы і пакуль адзіны ў нашым раёне, які быў адкрыты два гады назад. У сям’і выхоўваюцца сем прыёмных дзяцей. У Аляксандра і Кацярыны Васільевых шэсць сваіх дзяцей і адзін усыноўлены. Да Кацярыны Рыгораўны была прыкавана ўвага усіх прысутных на ўрачыстым прыёме. Шматдзетныя маці ведаюць, якія высілкі патрабуюцца, каб гадаваць дзяцей. А тут яшчэ сумелі ўмясціць у сваім сэрцы і доме сем дзяцей-сірот. Кроўныя дзеці Васільевых ужо дарослыя, некаторыя маюць свае сем’і, радуюць нараджэннем унукаў. Кацярына Рыгораўна падзялілася сваім вопытам сямейнага выхавання, расказала аб поспехах дзяцей. Усе яны добра вучацца. Было закранута вельмі важнае пытанне працоўнага выхавання дзяцей. Кацярыну Васільеву падтрымалі ўсе маці, што працоўнаму выхаванню павінна надавацца ў сям’і першачарговая ўвага, без гэтага немагчыма падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця.

У Марыны Маліноўскай шасцёра дзяцей – тры сыны і тры дачкі. Яна працуе аператарам машыннага даення ў ААТ «Шашкі». Пяцёра дзяцей у яе – школьнікі, старэйшая дачка Маргарыта – юрыст на торфабрыкетным заводзе «Нёман».

Шасцёра дзяцей і ў Яніны Навіцкай – пяць сыноў і дачка. Яна працуе сацыяльным работнікам, нясе клопат пра састарэлых людзей у сваёй мясцовасці. Пяцёра яе дзяцей ужо паўналетнія, маюць свае сем’і. Малодшы сын Сяргей з’яўляецца студэнтам вышэйшай навучальнай установы.

Вольга Пракаповіч выдзяляецца сярод маці тым, што ў яе пяць дачок. Ёй не адзін раз даводзіцца чуць у свой адрас – якая шчаслівая мама!

Абаяльная Алена Філіповіч са Стоўбцаў мае такое багацце – тры сыны і дзве дачушкі і надзейнага, адказнага мужа, які ёй падтрымка і апора. Алена Францаўна актыўна падтрымала размову аб сваім вопыце выхавання дзяцей. Вельмі прыемна назіраць, што ўсе жанчыны нераўнадушныя да будучага нашай краіны, да стану грамадства, да выхавання маладога пакалення.

Па тры сыны і дзве дачушкі і ў Яніны Шашко і Веры Чарнец. Яніна Вацлаваўна працуе прадаўцом у старасвержанскім магазіне. Яна мае ўжо дзвюх унучак ад старэйшай дачкі. Старэйшы сын праходзіць тэрміновую службу, трое малодшых – яшчэ школьнікі. Вера Іванаўна ўзначальвае малочнатаварную ферму «Тонава» ААТ «Рубяжэвічы». Усе яе дзеці ўжо дарослыя, атрымалі спецыяльнасці і працуюць. У Веры Чарнец 10 унукаў. І гэта вялікая радасць для жанчыны – убачыць працяг свайго роду ў новых пакаленнях.

Вікторыя Калкоўская нарадзіла і выхоўвае чатыры дачкі і сына. Яна – выхавацель Старасвержанскага дзіцячага сада. Вельмі актыўная, нераўнадушная. З любоўю гаварыла пра сваю работу, пра працу выхавацеля, якая патрабуе прыкладання свайго сэрца. У іх сям’і тры школьнікі і два дашкольнікі.

Такія ж дзеці – чатыры дачкі і сын – і ў Алены Якоўчык. Алена Мікалаеўна працуе ва ўчастковай Дзераўнянскай бальніцы. Старэйшая дачка яе – студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, чацвёра малодшых – школьнікі. Усе дзеці паспяваюць не толькі добра вучыцца, але і наведваць аб’яднанні дадатковай адукацыі.

Ганна Анфалава адметная сярод жанчын тым, што ў гэтым годзе падчас рэспубліканскага Тыдня маці яна была запрошана на ўрачыстасць у Мінскі абласны выканаўчы камітэт для ўручэння ордэна Маці. У яе сям’і выхоўваюцца пяцёра дзяцей – тры сыны і дзве дачкі, тры школьнікі і двое маленькіх дзетак. Размова за салодкім сталом насіла вельмі даверлівы характар. Ганна Аляксандраўна доўгі час жыла ў Азербайджане. З вялікай цікавасцю ўсе паслухалі пра парадкі ў азербайджанскіх сем’ях, пра традыцыі спраўлення вяселляў.

Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў зрабіў акцэнты на тым, што вёска чакае маладых людзей, адукаваных, патрыётаў сваёй зямлі, і можа прадаставіць усе магчымасці для раскрыцця талентаў, задаткаў, ініцыятыў, для кар’ернага росту. Ёсць у беларускай вёскі і такі «козыр» – чыстая прырода, маляўнічае наваколле, несапсаваная экалогія, што так прыцягвае ў сучасны момант усіх, хто наталіўся цывілізацыяй вялікіх гарадоў.

Пасля такой прыемнай сустрэчы святочны вечар для жанчын працягнуўся ў канцэртнай зале раённага Цэнтра культуры, дзе з нагоды Дня маці адбылася цудоўная святочная праграма ў падарунак усім жанчынам нашага горада і райцэнтра.

Гэтай святочнай праграмай быў і завершаны раённы Тыдзень маці, які ўмясціў шмат мерапрыемстваў як у маштабе раёна, так і на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах адукацыі і культуры.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *