Прафсаюзы, сям’я і школа

Нумары Соцыум

У ЦЭНТРЫ ЗАДАЧ

Адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. З нядаўняга часу гэтае аб’яднанне ўзначаліў Юрый Ларычэў, які доўгі час працаваў у сферы адукацыі. Папярэдні старшыня аб’яднання прафсаюзаў Стаўбцоўшчыны Галіна Лукашэвіч цяпер займае гэтую ж пасаду, толькі ў Капыльскім раёне.

У сувязі з новым назначэннем узнікла патрэба перагледзець склад савета аб’яднання, што і было вынесена на парадак дня работы.

Асноўным жа на разгляд актывістаў прафсаюзных арганізацый розных галін было вынесена такое пытанне: «Аб комплексе мер па рэалізацыі прафсаюзнымі арганізацыйнымі структурамі Стаўбцоўскага раёна «Асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады».

Па гэтым пытанні Юрый Ларычэў зрабіў невялікае паведамленне, дзе сумеў адзначыць пераканаўча важныя вехі ў паступовым развіцці нашай краіны, якія засвядчаюць аб дасягненнях. Напрыклад, прывёў такую статыстыку. Беларусь уваходзіць у ТОП-50 краін свету з высокім узроўнем развіцця. Па індэксе, які характарызуе ўзровень жыцця, граматнасці, адукацыі і даўгалецця сярод 188 дзяржаў свету, Беларусь перамясцілася з 68-га месца ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015 годзе. Такое паступовае развіццё характэрна для краін з сацыяльна арыентаванай эканомікай. Нават у складанай для рэспублікі чацвёртай пяцігодцы валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэце пакупніцкай здольнасці вырас з 15,4 тысячы долараў ЗША ў 2010 годзе да 17,7 тысячы долараў ЗША ў 2015 годзе. Прынятая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года ставіць галоўнай задачай далейшае павышэнне якасці жыцця насельніцтва нашай краіны. Дасягненне гэтай мэты, як адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, будзе асноўвацца на такіх прыярытэтах: інвестыцыі, занятасць, экспарт, інфарматызацыя, моладзь. Базісам, на якім будзе будавацца гэтая работа, з’яўляюцца: разняволенне дзелавой ініцыятывы; пашырэнне формаў дзяржаўнай падтрымкі суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу; зніжэнне інфляцыі і працэнтных ставак; стварэнне паўнацэннага фінансавага рынку; фінансавае аздараўленне рэальнага сектара эканомікі; сацыяльная накіраванасць бюджэтных расходаў; эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне.

Па-ранейшаму ў прыярытэце ўвагі дзяржавы застаецца паляпшэнне дэмаграфічнага патэнцыялу краіны і ўмацаванне здароўя нацыі.

Прэзідэнт надае важнасць шматпрофільнай рабоце прафсаюзаў. Галоўным пытаннем для прафсаюзаў застаецца занятасць людзей, стварэнне эфектыўных рабочых месцаў з дастойнай аплатай і ўмовамі працы.

Ва ўнісон патрабаванням кіраўніка дзяржавы на пасяджэнні савета сур’ёзна было разгледжана пытанне стварэння прафсаюзных арганізацый на ўсіх прадпрыемствах, у тым ліку і прыватнай формы ўласнасці, дзе колькасць працоўных складае больш за 20 чалавек. Як прыклад наладжвання такой работы быў прыведзены факт стварэння ў нашым раёне новай прафсаюзнай арганізацыі на прыватным прадпрыемстве «СлаўАўтаЛюкс». У раёне ёсць і іншыя арганізацыі такой формы ўласнасці, перад якімі ставіцца задача мець прафсаюз для абароны інтарэсаў працаўнікоў.

Пасяджэнне савета дало магчымасць калегіяльна абмеркаваць і іншыя надзённыя пытанні. У ліку іх – правядзенне рэспубліканскіх акцый, падрыхтоўка святкавання надыходзячых ражджэственскіх і навагодніх святаў, арганізацыя экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці, падпіскі на прафсаюзныя выданні. Не абышлі ўвагай актывісты прафсаюзнага руху раёна і такое важнае пытанне, як адказнасць пры заключэнні калектыўных дагавораў, былі агавораны канкрэтныя моманты стварэння гэтых лакальных юрыдычных дакументаў.

У нашым раёне 116 пярвічных прафсаюзных арганізацый розных галін і сфер вытворчасці, якія аб’ядноўваюць 12 826 членаў прафсаюза, у тым ліку 2049 чалавек з ліку моладзі ва ўзросце да 31 года.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 

І ШЧЫРЫЯ РАСКАЗЫ, І ПЕСНІ

Педагогі з многіх раёнаў Міншчыны сабраліся ў Навасвержанскай сярэдняй школе. Тут быў праведзены абласны семінар-практыкум для выхавацеляў груп падоўжанага дня на тэму «Прымяненне метадаў актыўнага навучання ва ўзаемадзеянні сям’і і школы».

Адзначалася, што ў школе актыўна працуе бацькоўскі камітэт, які дапамагае вырашаць многія пытанні. У адным русле, зладжана дзейнічаюць педагог-арганізатар і настаўнікі-прадметнікі. Актыўнасць праяўляюць бацькі навучэнцаў, як Сяргей і Таццяна Мураўёвы. Сям’я Віталія і Таццяны Шпілеўскіх паказала прысутным на семінары графічную схему радаслоўнай у выглядзе зялёнага дрэва з галінкамі, дзе змешчаны фотаздымкі. Іх дачка Ліяна ўпэўнена расказала аб сваіх родных у некалькіх пакаленнях.

Падзялілася думкамі аб штодзённых клопатах шматдзетная маці, прадстаўленая да ўзнагароды ордэнам Маці, Ганна Анфалава. У іх сям’і выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Бацька, Віталій Анфалаў, – унук непаўналетняга вязня фашысцкіх канцлагераў Антонія Мікалаевіча Тацея. Цікавыя біяграфіі, красамоўныя прыклады вялікай выхаваўчай ролі сем’яў, дзе памятаюць і цэняць сувязь пакаленняў.

Падкрэслівалася, што ў старадаўнім паселішчы паміж людзьмі розных канфесій няма рознагалоссяў. Моцныя ў грамадстве народныя традыцыі, якія падтрымліваюцца работнікамі Дома культуры. Так зараджаюцца паважлівыя адносіны да старэйшага пакалення. А значыць і да баявых і працоўных традыцый, да шматвекавой гісторыі месца свайго нараджэння. Усе кампаненты здаровага грамадства, закладзеныя ў сям’і, у дзіцячым садзе, замацоўваюцца належным школьным выхаваннем.

І яшчэ падкрэслівалася на семінары важная дэталь. Крыніцай многіх карысных ведаў для маладых пакаленняў стаў афіцыйны грамадскі інтэрнэт-сайт «Новы Свержань. Беларусь», старонкі якога папулярныя і пазнавальныя. Ён уяўляе сабой летапіс гісторыі і расказ аб цяперашнім часе Новага Свержаня. Камп’ютарныя тэхналогіі вядуць нас у будучае.

А цяпер аб самым яркім аздабленні праграмы семінара – канцэртным выступленні вучняў перад гасцямі школы, педагогамі, бацькамі, бабулямі і дзядулямі.

Падчас канцэрта здавалася, што выступаюць сапраўды адораныя малыя артысты. Песні, дэкламацыі, сцэнкі, танцы былі адточаныя і бездакорныя. Апладысменты школьным артыстам гучалі шчырыя і гарачыя. Усеагульнае захапленне выклікаў трэцякласнік Алёша Лебедзь, які адкрыў канцэрт і быў яго вядучым.

Асноўная нагрузка ў падрыхтоўцы гэтага выступлення дасталася вопытным педагогам пачатковых класаў М. І. Кураш, А. П. Тапеха, М. І. Уласік, Ж. І. Шарапа, а таксама С. І. Лапкоўскай, як настаўніку музыкі і педагогу дадатковай адукацыі.

Удзельнікі семінара цікавіліся гісторыяй гэтага мастацкага калектыву. А расказаць было што. Ансамбль народнай песні, сфарміраваны з вучняў Навасвержанскай школы, атрымаў ласкавую назву «Кропелька». Кіруюць ансамблем і вядуць мастацка-творчую работу з навучэнцамі педагогі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Лідзія і Аляксандра Варывоцкія.

Перад пачаткам навучальнага года навасвержанскія школьнікі вярнуліся з паездкі ў эстонскі горад Пярну, дзе праходзіў міжнародны фестываль славянскіх культур «Светач». Наш калектыў заняў прызавое трэцяе месца ў намінацыі «Ансамблі», па катэгорыі: без узроставых абмежаванняў. Яркую зорачку фестывалю – ансамбль «Кропелька» з сельскай беларускай школы – узнагародзілі ганаровым дыпломам. Ансамбль атрымаў падзячнае пісьмо ад пасла Рэспублікі Беларусь у Эстоніі за ўклад у развіццё этнакультурных сувязяў. Асобна адзначаны былі вучаніцы чацвёртага класа школы Варвара Гарэлых і Аліна Бурлачэнка. За сольнае выкананне песень на фестывальным канцэрце іх узнагародзілі дыпломамі і памятнымі крыштальнымі кубкамі.

Пасля праслуханага канцэрта, на сваім рабочым пасяджэнні госці выказалі шчырую падзяку дырэктару школы Івану Хвалею, а таксама яго намесніку па выхаваўчай рабоце Наталлі Лось за жывое ўвасабленне тэмы семінара. Адзначаны і ўвесь творчы калектыў педагогаў школы.

Можна ўпэўнена сказаць, што трывалы саюз школы з сям’ёй і грамадскімі аб’яднаннямі будзе прыносіць станоўчыя вынікі ў выхаванні падрастаючага пакалення.

Аляксей ПАЛЯНСКІ,старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Навасвержанскага сельсавета



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *