ВУЧЭННІ ДАПАМАГАЮЦЬ ЗЛАДЖАНАСЦІ
Выратавальнікі Стаўбцоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі тактыка-спецыяльныя вучэнні на базе цэнтральнай раённай бальніцы.
Згодна з тактычным праектам, умоўны пажар адзначаны на пятым паверсе тэрапеўтычнага корпуса. На момант узнікнення пажару ў аддзяленні знаходзіліся пацыенты, медперсанал і наведвальнікі. Супрацоўнікі бальніцы неадкладна і зладжана спрацавалі ў гэтай сітуацыі – выклікалі выратавальнікаў па нумары 101 і прыступілі да эвакуацыі хворых.
Выратавальнікі, якія прыбылі да месца ўмоўнага пажару, абследавалі ўсе памяшканні ўстановы, у ходзе чаго выявілі пацярпелых, якія былі паспяхова эвакуіраваны і перададзены работнікам хуткай дапамогі. Умоўны пажар быў ліквідаваны. У цэлым у ходзе вучэнняў пажарныя аварыйна-выратавальныя падраздзяленні, кіраўніцтва і персанал раённай бальніцы паказалі кампетэнтнасць у гэтых пытаннях і добрую вывучку.
Завяршыліся вучэнні прафілактычнай гутаркай з персаналам бальніцы з разборам недахопаў, якія ўзніклі ў працэсе заняткаў.
Пр
АКТЫВІСТЫ БЕЛАРУСКАЙ МАЛАДЗЁЖНАЙ
У раёне завяршылася акцыя «Моладзь – за бяспеку!» Актывістамі Стаўбцоўскага раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных зроблена нямала добрых і карысных спраў.
Так, дзяўчынкі і хлопчыкі з клуба юных выратавальнікаў-пажарных ДУА «Аталезскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа» не засталіся абыякавымі да праблем адзінокіх і адзінока пражываючых жыхароў сваёй мясцовасці.
– Мы ўжо не першы раз аказваем шэфскую дапамогу жыхарам Аталезі на прысядзібных участках, дваровых тэрыторыях, – заўважае кіраўнік клуба Алена Цярэшка. – Састарэлыя людзі рады, што дапамога ідзе менавіта ад дзяцей. Такім чынам, у іх ёсць магчымасць пагутарыць з моладдзю, пацікавіцца планамі на будучае.
Акрамя таго, маладыя людзі з клубаў юных выратавальнікаў-пажарных самі жывуць, захоўваючы бяспеку, і вучаць гэтаму іншых. Сваім сябрам яны расказалі пра правілы бяспечных паводзін, дзейнасць Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, у тым ліку і пра дзейнасць раённага аддзялення. У гэтай рабоце значнае месца адводзіцца разнастайным конкурсам, сустрэчам, імправізаваным шоу, турысцкім злётам. І пацвярджэннем гэтага служыць відэафільм аб рабоце арганізацыі, прапанаваны для прагляду. Не застаўся без увагі і мабільны дадатак «МНС Беларусі: дапамога побач», які сёння з’яўляецца сапраўдным дапаможнікам для тых, хто імкнецца жыць, захоўваючы бяспеку.
– Падобныя сустрэчы патрэбны для нас, падлеткаў, – выказваецца вучаніца Старасвержанскай школы Надзея Санкевіч. – Напрыклад, для сябе я вырашыла, што абавязкова стану членам гэтай арганізацыі.
У раённым Цэнтры культуры, дзе прайшоў заключны этап акцыі «Моладзь – за бяспеку!», сабраліся самыя актыўныя члены раённага аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Дарэчы, праграма мерапрыемства дазволіла не проста назіраць і слухаць, а самім быць актыўнымі ўдзельнікамі таго дзейства, якое адбывалася на сцэне. Жадаючых запрашалі конкурсы, віктарыны, танцы, весялілі гумарэскі і песні. Адзін з гасцей мерапрыемства, 13-гадовы Ілья, прызнаўся: «Сам па сабе я чалавек актыўны, аднак да актыўнасці членаў БМГАВП мне яшчэ далёка. Асабліва ўразіў «феерверк» конкурсаў. Мы з сябрамі хацелі б прыняць удзел у злёце юных выратавальнікаў-пажарных у наступным годзе.
– Акцыя завяршаецца, – падсумоўвае інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей, – але дзейнасць Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных працягваецца. І мы заўсёды рады новым сябрам і новым ідэям!
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
«НЕКАРЭКТНАЯ» РЭКАНСТРУКЦЫЯ
Кантрольная праверка ДУ «Стаўбцоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат» паказала, што ўсе прапанаваныя да ўхілення мерапрыемствы адносна павышэння ўзроўню пажарнай бяспекі выкананы згодна з тэрмінамі.
Аднак вынікі пазапланавых праверак, якія закранулі аб’екты будаўніцтва на тэрыторыі раёна, не былі такімі аптымістычнымі. Адміністрацыйны працэс распачаты ў адносінах да адказнай асобы цэнтральнай раённай бальніцы пасля праверкі аб’екта будаўніцтва «Рэканструкцыя будынка стаматалагічнага аддзялення УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» пад інтэрнат» у г. Стоўбцы, вуліца Вечаркевіча, 19″, дзе выяўлены шэраг парушэнняў рэжымнага характару. Да прыкладу, дапускалася курэнне па-за спецыяльна адведзеным месцам, адсутнічала нарматыўная колькасць пярвічных сродкаў пажаратушэння, не быў укамплектаваны належным чынам пажарны шчыт.
У ходзе праверкі аб’екта будаўніцтва «Рэканструкцыя складскіх памяшканняў пад склад-магазін па вуліцы Набярэжнай, 2-в, г. Стоўбцы» выяўлена пяць парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі, у тым ліку не быў прадстаўлены адкарэкціраваны камплект дакументацыі на рэканструюемы будынак. Не былі прадстаўлены на момант праверкі паказчыкі пажарна-тэхнічных характарыстык на матэрыял падвясной столі, адсутнічаў разлік катэгорый адносна выбуховапажарнай і пажарнай небяспекі сумежнага вытворчага памяшкання, а таксама не была пацверджана вогнеахоўная апрацоўка драўляных крокваў і латаў будынка.
Усе зафіксаваныя недахопы неабходна выпраўляць на стадыі будаўніцтва, каб пазней аб’екты можна было ўвесці ў эксплуатацыю без дадатковых заўваг і нараканняў.
Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях