Клопаты сяльчан

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

СТАРАННЫ РАБОТНІК

У Анатолія Сцефаноўскага нялёгкая праца – расціць хлеб. З раніцы да позняга вечара ён шчыруе ў полі. Асноўная аперацыя, на якой пастаянна заняты Анатолій Мікалаевіч – унясенне мінеральных угнаенняў. Летась атрымаў новы «Беларус -1221». Хутка бегае па палетках яго трактар, рассяваючы мінеральныя тукі і абагачаючы глебу неабходнымі для росту раслін мікраэлементамі. Варта згадаць, што адзін размеркавальнік тукаў дбайны працаўнік сабраў сваімі рукамі і паспяхова яго выкарыстоўвае. Зараз Анатолій Мікалаевіч шчыруе на адвозцы зялёнай масы з кукурузнага поля. Рупіцца механізатар і на падрыхтоўцы глебы, ён лічыцца адным з лепшых аратых. Старанны работнік прыехаў у таварыства з Казахстана і вось ужо адзінаццаць гадоў працуе ў гаспадарцы. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена яго работай. Дарэчы, у сям’і Сцефаноўскіх пяцёра дзяцей – тры хлопцы і дзве дзяўчыны.

4-21-10-22u

 

НЕ ЗДАЮЦЬ ПАЗІЦЫЙ

Па-ранейшаму ладзяцца справы ў ТАА «СЖК «Налібакі». Работнікі малочных цэхаў працуюць з плюсам і з пачатку года надаілі 6739 тон малака, што на 376 тон больш, чым у адпаведным перыядзе летась. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана 6418 кілаграмаў малака. Лепшыя паказчыкі маюць жывёлаводы МТФ «Церабейнае» і «Целяхі» – 6676 і 6427 кілаграмаў. Сярод аператараў машыннага даення вылучаюцца Святлана Рынкевіч (МТФ «Церабейнае») і Алена Гаптар (МТФ «Пруды»), якія надаілі ад кожнай каровы сваёй групы адпаведна па 6863 і 6788 кілаграмаў малака.

 

ПЛЁН РУПНАСЦІ

На жывёлагадоўчых фермах ААТ «Радзіма Якуба Коласа» за дзевяць месяцаў бягучага года вырашчана 487,3 тоны мяса ялавічыны. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе бычкоў склалі 605 грамаў. Лепшага паказчыка ў рабоце дасягнула цялятніца Таццяна Белая, якая працуе на МТК «Пагарэлае». Гадаванцы ў яе групе штодзень прыбаўлялі па 841 граму, што на 23 грамы больш, чым летась. Таццяна Уладзіміраўна рупіцца на комплексе сёмы год, а раней працавала на свінагадоўчай ферме. Хутка асвоілася на новым месцы, сумленна працуе і мае адпаведны вынік.

 

ДЛЯ ПРАФСАЮЗНАГА АКТЫВУ

Старшыні прафсаюзных камітэтаў сельгаспрадпрыемстваў раёна на чале са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамарай Калошыч прынялі ўдзел у семінары-вучобе, які адбыўся ў Маладзечне. Такія мерапрыемствы праводзяцца кожны год, з мэтай папоўніць веды прафсаюзнага актыву па некалькіх накірунках дзейнасці прафсаюзных пярвічак. У прыватнасці, у сферы калектыўна-дагаворнага рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносін, асаблівасцях ажыццяўлення грамадскага кантролю за прытрымліваннем наймальнікамі працоўнага заканадаўства і калектыўных дагавораў, заканадаўства па ахове працы.

Падвёў вынікі семінара старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч, які падкрэсліў, што прафсаюзы павінны актыўна ўдзельнічаць у выкананні задач, пастаўленых V Усебеларускім народным сходам. Варта падкрэсліць, што Стаўбцоўскай раённай арганізацыяй прафсаюза работнікаў АПК распрацаваны і будзе ўвасоблены ў жыццё комплекс мер па рэалізацыі асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 – 2020 гады.

 

ЗАХАВАЦЬ СТАНДАРТЫ

На базе трох сельскагаспадарчых філіялаў ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс» абласной мабільнай групай праводзіўся маніторынг пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, навядзення парадку на тэрыторыях машынных двароў, прытрымлівання патрабаванняў аховы працы, транспартнай і пажарнай бяспекі. У складзе групы разам са спецыялістамі з усіх раёнаў працавалі і прадстаўнікі ад нашага раёна – начальнік раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду Мікалай Канкаловіч і галоўны спецыяліст райсельгасхарча па ахове працы Людміла Магер. Пасля аб’езду гаспадарак, які выявіў шэраг недахопаў, адбылася калегія з дэманстрацыяй фотаздымкаў і іх каментарыем. Па акрэсленых вышэй пытаннях выступіў начальнік абласной інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік. Асноўная ўвага скіроўвалася на строгае прытрымліванне правілаў пры пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Да 1 лістапада гэтая работа павінна быць выканана ў адпаведнасці з прынятымі стандартамі. У прыватнасці, ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць у якасці падпорак пад машыны драўляныя калоды. У рабоце калегіі браў удзел намеснік начальніка Галоўнай інспекцыі дзяржтэхнагляду Рэспублікі Беларусь Аляксандр Маеўскі.

 

РАСКІСЛЯЮЦЬ ГЛЕБУ

Вапнаванне глебы ў гаспадарках сёлета неабходна правесці на 2644 гектарах. Працаўнікамі ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», дзе створаны звенні па вывазцы і ўнясенні даламітавай мукі, гэтая работа праведзена больш як на 2046 гектарах. Вадзіцелі і механізатары папрацавалі няблага і завяршылі вапнаванне глебы на пяці сельгаспрадпрыемствах – ААТ «Каганец», «Шашкі», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Налібакі Агра» і СФГ «Сула».

Унясенне «даламіткі» ў глебу робіцца з мэтай нармалізаваць яе кіслотнасць, а таксама абагаціць такімі мікраэлементамі, як калій і магній, якія павялічваюць аддачу ўнесеных тукаў. Як і летась, адначасова з вапнай у двух сельгаставарыствах – «Вішнявецкі-агра» і «Агранёманскі» уносяцца ў глебу і дэфекаты – аналаг даламітавай мукі, які застаецца пасля перапрацоўкі цукровых буракоў.

 

ЗНІШЧАЮЦЬ ПУСТАЗЕЛЛЕ

Гліфасаты – пестыцыды шырокага спектра дзеяння, з’яўляюцца сродкам ачышчэння палёў ад пустазелля, які найбольш выкарыстоўваецца. Сёлета літаральна ўсе сельгаспрадпрыемствы, дзякуючы атрыманым з раённага бюджэту за рэалізаванае малако і мяса надбаўкам, цэнтралізавана закупілі пестыцыды і выканалі даведзеныя планы па ўнясенні гліфасатаў. ААТ «Рочавічы» і «Налібакі Агра» ў два і паўтара раза адпаведна перавыканалі гэтыя планы. Усяго гліфасатутрымліваючыя рэчывы ўнесены на плошчы 12 993 гектары, што складае 108,3 працэнта: на 1550 гектарах – пад цукровыя буракі і на 350 – пад лён.

 

УНОСЯЦЬ АРГАНІКУ

Сельгаспрадпрыемствы раёна гэтымі днямі закладваюць падмурак будучаму ўраджаю – на палеткі вывозяцца і ўносяцца арганічныя ўгнаенні. Самае галоўнае зараз – заараць «вітамінаў урадлівасці» максімальную колькасць. З гэтай задачай паспяхова спраўляюцца ў ААТ «Жацерава». Тут нарыхтавана і вывезена каля 23 тысяч тон арганічных угнаенняў, унесена іх звыш дзевяці тысяч тон. З раскідвальнікамі арганікі парупіліся механізатары Пётр Краўчанка і Сяргей Бандаровіч. Сельгаставарыству дапамаюць угнойваць глебу работнікі райаграсэрвіса – працуюць пяць адзінак тэхнікі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *