Калі ў сям’і зазвінеў «сацыяльны званочак»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

З мэтай прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці і выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» на Стаўбцоўшчыне праходзіць прафілактычная акцыя «Сям’я без насілля».

Падчас акцыі рэйдавая група ў складзе прадстаўнікоў міліцыі, камісіі па справах непаўналетніх, пажарнай службы, тэрытарыяльнага цэнтра і іншых суб’ектаў прафілактыкі наведвае сем’і. У поле зроку трапляюць нядобранадзейныя сем’і, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. На гэты раз рэйдавая група працавала ў Новым Свержані. Да яе далучылася і педагог сацыяльны Навасвержанскай сярэдняй школы Алена Мастоўская.

Бліжэй да сямі вечара заязджаем у адну са шматдзетных сем’яў, аднак дома нікога не аказалася. Суседзі па пад’ездзе падказваюць, што матуля пасля працы на заводзе паехала па бульбу (запас на зіму), а ўсе трое яе дзяцей-школьнікаў знаходзяцца ў Доме культуры. Балазе, установа культуры суседнічае з домам.

Рэйдавая група пераканалася – дзетвара ў Навасвержанскім доме культуры сапраўды пры справе. Падлеткі гулялі ў фае ў настольны тэніс. У актавай зале ішла репетыцыя святочнай праграмы да Дня маці. Дзеці спявалі, сцэнку паказвалі. Адну з роляў у ёй іграў сямікласнік Улад.

Хлопец добра знаёмы – ён не так даўно знаходзіўся ў прытулку. Работа па рэабілітацыі гэтай сям’і вялася на працягу паўгода. За гэты час матуля прайшла антыалкагольнае лячэнне, працаўладкавалася. Каб больш зарабіць, яна бярэ падпрацоўку, пазней вяртаецца. «Мама ўжо дома!» – радасна паведамляе нам падлетак. У кватэры, куды ён прыбяжыць пасля заняткаў у драматычным гуртку, чыста, акуратна. Цяпер у іх з матуляй – добрая будучыня.

Мастацкі кіраўнік Дома культуры Марыя Ажгірэвіч, акружаная дзетварой, зазначае:

– Дзецям у нас цікава, яны прыходзяць з ахвотай. Усіх іх, напрыклад, задзейнічалі ў сцэнцы. Гурткі працуюць з 16 да 20 гадзін.

Пазней яшчэ раз вяртаемся па першым адрасе, каб сустрэцца са шматдзетнай матуляй і даведацца, якія ў сям’і ёсць праблемы. На даны момант яна збірае дакументы на атрыманне адраснай дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі. Да новага навучальнага года на трох школьнікаў было выдаткавана па 30 рублёў. У гэтай сям’і яшчэ двое дзяцей – навучэнцы каледжа, таму любая падтрымка не бывае лішняй.

– Звяртайцеся ў тэрытарыяльны цэнтр па гуманітарную дапамогу, – прапануе матулі псіхолаг гэтай установы Іна Сенько.

У сям’і вырашаць неабходна і іншыя злабадзённыя праблемы.

– Гасіце запазычанасць па камунальных плацяжах, няхай і невялікімі сумамі, – чарговы раз нагадвае матулі педагог сацыяльны Алена Мастоўская: – У сувязі з тым, што новы навучальны год толькі пачаўся і ўжо акрэсліў свежую праблему, з выхаваўчым ухілам, пастарайцеся пагутарыць з сынам наконт паводзін у школе.

Наша суразмоўца рэагуе на гэта адэкватна, з усведамленнем сваёй адказнасці за кожнае з пяцярых дзяцей.

– Гэта радуе і ўсяляе надзею, што план рэабілітацыі гэтай сям’і, як і яшчэ трох на тэрыторыі Навасвержанскага сельсавета, дзе дзеці прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы, будзе поўнасцю рэалізаваны на працягу вызначаных Дэкрэтам № 18 шасці месяцаў, – падсумоўвае інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Марта Кардзіс.

Невялікая, але станоўчая дынаміка зафіксавана ў няпоўнай сям’і з двума дзецьмі, якая на тэрыторыі сельсавета пражывае зусім нядаўна. Да гэтага яна жыла ў розных месцах нашага раёна, а пераезд да бабулі адбыўся пасля не вельмі прыемнага выпадку: у жніўні бягучага года малодшае дзіця, дзяўчынка чатырох гадоў, з-за недагляду дарослых выпала з акна дома на пятым паверсе. Можна лічыць гэта цудам, бо сёння яна бегае і цудоўна шчабеча ў бабуліным доме, і стан яе здароўя, пасля зробленых сучасных абследаванняў, не выклікае ніякіх трывог. Матуля дзяўчынкі, якой на той момант пагражала адабранне дзяцей з сям’і згодна з Дэкрэтам № 18, ужо зрабіла першыя і важныя крокі да перамены жыцця: прайшла курс антыалкагольнага лячэння, уладкавалася на працу. Старэйшаму сыну, які ходзіць у чацвёрты клас, цяпер блізка да школы. І дзіцячы садок, куды матуля неўзабаве аддасць дачку, недалёка. Матуля наведалася ў школу і сама – на бацькоўскі сход. Яе кантакт са школай, сельвыканкамам падкрэслівае і тое, што па іх рэкамендацыі ў доме аператыўна былі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Аднак пра такое супрацоўніцтва пакуль нельга сказаць у адносінах да яшчэ адной няпоўнай сям’і з Новага Свержаня, дзе маці гадуе трое дзяцей. Прызнанне іх у сацыяльна небяспечным становішчы адбылося нядаўна. Трывожным «званочкам» паслужыла запазычанасць за электраэнергію. Выяўлены і не зусім спрыяльныя бытавыя ўмовы для пражывання дзяцей. Матуля пры азнаямленні з планам рэабілітацыі сям’і выказала адмову падпісаць яго. Членаў рэйдавай групы яна сустрэла пытаннем: «Якія да мяне прэтэнзіі, калі мае дзеці накормлены і адзеты?» Яны ўсе разам сядзелі за сталом, займаліся.

– Галоўнае для гэтай сям’і на даны момант – выйсці з сацыяльна небяспечнага становішча, каб яно непрыкметна не перарасло ў іншы статус, які больш траўміруе дзяцей, калі спатрэбіцца іх адабранне з сям’і і змяшчэнне на дзяржаўнае забеспячэнне, – тлумачыць інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Марта Кардзіс. – Для гэтага матулі неабходна неадкладна звярнуцца ў цэнтр занятасці, каб займець пастаянную работу і стабільны даход, хутчэй разлічыцца з даўгамі за электраэнергію. Калі іх не пагасіць, рана ці позна ў доме будзе адключана святло.

У ходзе рэйду бацькам, якія дапусцілі пэўную сямейную нядобранадзейнасць, – заўвагі і патрабаванні, парады псіхолага, а дзецям – падарунак у выглядзе расфарбоўкі на надзвычай важную тэму – правілаў дарожнага руху.

У рэйдзе ўдзельнічалі: Марта КАРДЗІС, інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі; Іна СЕНЬКО, псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *