Адметнасць інтэр’ера – кветкі

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

8-21-10-22w

Сталовая ААТ «Радзіма Якуба Коласа», размешчаная ў аграгарадку Любкаўшчына, не спыняе работу круглы год. Справа ў тым, што акрамя працаўнікоў сельгаставарыства работнікі сталовай абслугоўваюць і вучняў мясцовай школы.

– З ранняй вясны і да позняй восені мы кормім людзей, якія заняты на масавых палявых работах, – расказвае загадчыца сталовай Іна Рымашэўская. – Стараемся дагадзіць нашым наведвальнікам, праяўляючы свае кулінарныя здольнасці. Прадукты завозім заўжды свежыя. Мясную прадукцыю пастаўляе Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат, малочную прывозім са сталіцы. Заказваем крупяныя і макаронныя вырабы ў мясцовым магазіне сельгаставарыства. Меню разнастайнае, а для школьнікаў – асобнае.

У сталовай пастаянна працуюць чатыры чалавекі. Акрамя загадчыцы, гэта павары Аксана Усс і Таццяна Проць. Дзяўчаты маладыя, увішныя. Стараецца і рабочая па кухні Ірына Барташэвіч. Ірына Міхайлаўна адпрацавала звыш двух дзесяцігоддзяў аператарам на свінагадоўчай ферме і вось ужо восем гадоў, як рупіцца ў харчблоку.

Адметнасцю інтэр’ера абедзенай залы з’яўляюцца кветкі, якія радуюць вока наведвальнікаў і ўдала ўпісваюцца ў агульную кампазіцыю. Ініцыятарам і дызайнерам на працягу дванаццаці гадоў з’яўляецца Іна Міхайлаўна, якая сцвярджае, што кветкі, якіх не бывае многа, ствараюць утульную дамашнюю абстаноўку, выклікаюць пазітыўны настрой, павышаюць апетыт. Іх тут дзясяткі відаў, і калекцыя штогод разрастаецца – прыбаўляюцца новыя. Гаршкі з пакаёвымі раслінамі стаяць не толькі на сталах, а і на падлозе. Асобныя з іх выраслі да такіх памераў, што стварылі сапраўдны зялёны аазіс.

– Некаторыя нам падарылі, іншыя купляем самі, абменьваемся з аматарамі, – працягвае размову загадчыца. – Кветкі – мая слабасць. Люблю іх бязмежна. У мяне і ў хаце пакаёвых шмат, і на падворку растуць. Пачала вырошчваць іх пасля таго, як атрымалі з мужам жыллё, і да гэтай пары не магу спыніцца.

Даглядаюць кветкі работнікі сталовай разам. Паліваюць, перасаджваюць, падкормліваюць. Адным словам, таксама сталі апантанымі кветкаводамі. Наведвальнікаў сталовай, якія прыходзяць сюды паснедаць, заўжды сустракае не толькі кветкавы рай, а і цёплыя ўсмешкі яе работнікаў. І, зразумела, чакаюць смачныя абеды.

На здымках: запрашаюць падсілкавацца павары Аксана Усс і Таццяна Проць; у абедзенай зале; загадчыца сталовай Іна Рымашэўская і рабочая па кухні Ірына Барташэвіч прадстаўляюць калекцыю кветак.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *