Надаць Стаўбцоўшчыне прыгажосці

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

3-25-10-26d

ПАРАДАК ТАМ, ДЗЕ ЁСЦЬ ІНІЦЫЯТЫВА

З 1-га кастрычніка на Стаўбцоўшчыне працягваецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Усе прадпрыемствы і арганізацыі раёна падключыліся да выканання мерапрыемстваў, вызначаных на перыяд месячніка.

У Стоўбцах ужо прайшоў не адзін суботнік. У мінулую пятніцу на ўборцы апалага лісця і смецця вакол лесапасадак на ўездзе ў горад, уздоўж вуліцы Мінскай, працавалі работнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, цэнтральнай раённай бальніцы. Тэхніку выдзеліла ДЭУ № 62. Напярэдадні шчыравалі ў парках «Дружба народаў» і імя Леніна, на плошчы Бессмяротнасці вучні трох гарадскіх школ.

Усіх прыспешвае не толькі канкрэтнае заданне месячніка (ніхто не адмяняў на перыяд месячніка і традыцыйныя на працягу года адзіныя санітарныя дні ў другі і чацвёрты чацвяргі месяца), а і непрадказальная восень. Сіноптыкі абяцалі змену надвор’я – на дождж і мокры снег.

Маніторынг выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі ажыццяўляе раённая камісія ў складзе начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіны Радзіон, начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Сарокі, начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Яўгена Кандратовіча, урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталлі Рык і іншых спецыялістаў.

20 кастрычніка падчас аб’езду мікрараёна Акінчыцы было ўстаноўлена, што заставалася неабкошанай вуліца А. Кашавога, у тым ліку і пешаходная дарожка на ёй. На ўездзе ў мікрараён сустракае куча галля. Быльнёг узвышаецца над пустыром акурат за Акінчыцкім лясніцтвам і на «трохвугольніку» побач з музейнай сядзібай. Засмечана абочына прасёлкавай дарогі, якая звязвае вуліцы Коласаўскую і Інтэрнацыянальную. Асобныя жыльцы вуліцы А. Кашавога выносяць усё непатрэбнае ў гаспадарцы на нейтральную тэрыторыю – з тыльнага боку ўчастка, які прымыкае да ляснога масіву. Да канца не наведзены парадак на месцы пустога зямельнага ўчастка і аднаго з пустых дамоў па вуліцы Сянкевіча (даручана Стаўбцоўскаму ўчастку Валожынскага філіяла ДП «Мінаблпаліва»).

Сцяной стаіць пустазелле вакол меліярацыйнага канала па вуліцы Зялёнай (даручана хлебапрыёмнаму прадпрыемству, Стаўбцоўскаму ўчастку «Белуторчармет»). Каля пешаходнага моста не прыбрана смецце. Не абкошана абочына ўсцяж ад вуліцы 17 Верасня да вуліцы Шчорса. У зарослым стане і пустыры уздоўж вуліцы Магістральнай, па вуліцы Гагарына, за помнікам Ф. Э. Дзяржынскаму і інш.

Зразумела, што абкошванне пачарнелага, з выспелым насеннем пустазелля – гэта работа, якая выконваецца наўздагонку, як своечасова не зробленая ўчора ці нават заўчора, а вось свежае патрабаванне, якое дыктуе восень, – уборка апалага лісця, вулічнага змёту і т. п. Падчас аб’езду высветлілася, што некаторыя арганізацыі імкнуцца справіцца да надыходу зімы не толькі з бягучымі праблемамі, а і ажыццявіць кардынальныя праекты добраўпарадкавання. Да прыкладу, цэнтральная раённая бальніца з дапамогай ДБТ № 7 гэтымі днямі пашырыла пляцоўку пад асфальтаваную аўтастаянку побач са сваёй установай. Атрымалася зручна для наведвальнікаў, прыгожа – для іміджу горада, перспектыўна – для гарадской інфраструктуры.

Як сведчыць рэчаіснасць, ініцыятыўнасць можа праяўляцца на розных узроўнях. Так, старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва «Вера» Дзмітрый Паўлянок, нядаўна абраны на гэтую пасаду, пачаў дзейнічаць з самага злабадзённага – навядзення парадку на кантэйнернай пляцоўцы. Апошняя відазмянілася, у тым ліку дзякуючы агароджы з металапрофілю.

У цэлым станоўча змяніўся выгляд шматпавярховага жылога мікрараёна ў Стоўбцах. Пустыры вакол дамоў «выскубены» мотакосамі і, здаецца, ад гэтага пабольшала вакол прасторы. Аднак дзе-нідзе яшчэ не сабраны паперкі, вецер носіць іншае смецце. Недакошанымі засталіся ўчасткі ўздоўж пешаходнай дарожкі ад будаўнічай пляцоўкі да вуліцы Маторабудаўнікоў.

Пакуль нявыкананы мерапрыемствы і адносна навядзення парадку ў мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы «Паўночны-2». Так, на вуліцах Рэспубліканскай, Някрасава, якія, дарэчы, добра праглядаюцца з аўтадарогі рэспубліканскага значэння, пустазелле вымахала ледзьве не ў метр вышынёю. Чамусьці не лічаць патрэбным прыбіраць яго і ўладальнікі зямельных участкаў, якія вядуць будаўніцтва.

НА ЗДЫМКАХ: пешаходная дарожка па вуліцы Івянецкай прываблівае акуратнасцю і маладымі насаджэннямі; меліярацыйны канал уздоўж вуліцы Зялёнай хаваецца ў бур’яне; жылец вуліцы А. Кашавога захламіў тэрыторыю, прылеглую да ляснога масіву; на вуліцы Мінскай трэба наводзіць парадак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ГЛАДКІ АСФАЛЬТ –НА ДВА РАЁНЫ

Завершаны работы па асфальтаванні аўтадарогі Наквасы – Вялікае Сяло – Целяшэвічы – Рубяжэвічы, якая злучае два суседнія раёны – Дзяржынскі і Стаўбцоўскі. На дзяржынскім участку дарогі працавала ДРБУ № 210, на стаўбцоўскім – ДРБУ № 135.

Стаўбцоўскім дарожнікам выпаў рамонт участка працягласцю 2,6 км паблізу Рубяжэвічаў. Раней ён быў у гравійным выкананні, таму неабходна было ажыццявіць значны аб’ём работ. Як падкрэсліў дырэктар ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі, на працягу трох тыдняў работнікі розных майстарскіх участкаў прадпрыемства займаліся падрыхтоўкай асновы пад асфальтабетон, абочынамі і непасрэдна асфальтаваннем. Ужо асвоена 300 тысяч дэнамінаваных рублёў, што на 50 тысяч рублёў перасягае выдаткаваныя на гэты аб’ект сродкі. Фінансаванне прадугледжана за кошт так званага транспартнага збору з карыстальнікаў транспарных сродкаў.

На даны момант для поўнага завяршэння работ і здачы аб’екта ў эксплуатацыю засталіся апошнія штрыхі: падмесці праезджую частку і нанесці дарожную разметку, устанавіць дарожныя знакі.

Паводле апошніх даных, на балансе ДРБУ № 135 знаходзіцца 765 км дарог мясцовага значэння. Двойчы на год, восенню і вясною, арганізуюцца іх агляды. Сёлета асенні агляд праходзіць акурат гэтымі днямі, з 24 па 28 кастрычніка. Акрамя таго, раз у кварал КУП «Мінскаблдарбуд» наладжвае выязны савет дырэктараў – з аб’ездам дарог, якія знаходзяцца на ўтрыманні 27-мі дарожных арганізацый Мінскай вобласці. Падобнае мерапрыемства праходзіць якраз сёння, і ў яго маршрут трапілі дарогі трох раёнаў, у тым ліку і Стаўбцоўскага. Работнікі ДРБУ № 135 рыхтаваліся да гэтага аб’езду, падчас якога дарогі традыцыйна ацэньваюцца рознабакова, у комплексе – ад стану праезджай часткі да абочын, дарожных знакаў і т. п.

 

СУБОТНІКІ ПРАХОДЗЯЦЬ НА МОГІЛКАХ

Набліжаюцца восеньскія Дзяды, а разам з імі значна актывізуецца работа па навядзенні парадку на могілках.

Да прыкладу, у мінулую суботу прайшоў суботнік у Халаімаўшчыне, дзе неабходна было выразаць на могілках кустоўе, старыя дрэвы. Вішнявецкі сельскі Савет прыкладна чатыры гады таму навёў парадак на гэтых могілках, агарадзіў іх, а цяпер вось пачалі ўзнімацца новыя парасткі. У гэтай вёсцы, дзе фактычна засталіся адны бабулі, на працу выйшлі мужчыны з піламі, сякерамі.

– Людзі самі арганізаваліся, і гэта нават не мясцовыя жыхары, а прыехалі разам са сваімі сем’ямі дзеці тых, чые продкі знайшлі на халаімаўскіх могілках вечны спачын, – з прыемнасцю адзначае старшыня Вішнявецкага сельвыканкама Ніна Гурыновіч. – Бацькі сваім прыкладам паказалі моладзі, як трэба даглядаць гэтыя святыя месцы. На чале працоўнай каманды быў стараста і арганізатар суботніка Валерый Пачкоўскі.

У Раёўшчыне могілкі падтрымліваюцца ў добрым стане дзякуючы Тамары Кожыч. Тамара Анатольеўна працуе сацыяльным работнікам, але і на грамадскую работу знаходзіць час. У Раёўшчыне, дзякуючы ёй, суботнікі праходзяць своечасова, без напаміну, і – вельмі важна – вяскоўцы не пакідаюць непрыбранымі нават тыя магілы, да якіх даўно ніхто не прыходзіць. Заўсёды дагледжаныя могілкі – у Савонях і Мархачоўшчыне, дзе старастамі абраны Алена Гоцкая і Часлава Душкевіч. Да слова, сёлета Часлава Валянцінаўна размяняла восьмы дзясятак, аднак па-ранейшаму застаецца ў гушчыні вясковага жыцця, не можа прайсці раўнадушна міма любога факта, аднавяскоўца, калі яму патрэбна дапамога.

– Шчасце, што ў нашых вёсках жывуць такія актыўныя людзі, – дзеліцца Ніна Гурыновіч і акрэслівае іншыя праблемы, якія нярэдка ўзнікаюць у рабоце з людзьмі: – Стараста – гэта грамадская нагрузка, а не аплатная работа. Людзі, якія згаджаюцца быць старастамі, бяруць на сябе частку агульных для ўсіх вяскоўцаў клопатаў. На жаль, не ўсе да канца ўсведамляюць і тое, што могілкі з’яўляюцца месцам грамадскага захавання, у сувязі з чым грамадзяне павінны аказваць пасільную дапамогу ў іх добраўпарадкаванні. І вельмі крыўдна бывае, калі вяскоўцы ігнаруюць запрашэнне выйсці на суботнік, кажуць: «Няхай могілкамі займаецца стараста – яму за гэта плаціць сельскі Савет».

Свядомасці, на жаль, не заўсёды хапае і ў іншых пытаннях. Напрыклад, на могілках у Вішняўцы (адных з самых вялікіх з дзевяці могілак на тэрыторыі Вішнявецкага сельсавета, дзе вядуцца пахаванні памерлых жыхароў з дзесяці населеных пунктаў, у тым ліку з памежных, з Нясвіжскага раёна – Петухоўшчыны і Навасёлак), спілавалі з дапамогай альпініста дрэва, а галлём завалілі суседнія магілы… Наглядальнік за парадкам на могілках не прадугледжаны, таму прыйшлося прыбіраць яго ўсім разам падчас суботніка. Папраўлялі сітуацыю работнікі сельвыканкама, мясцовага Дома культуры.

З прадастаўленнем тэхнікі для вывазу з могілак смецця традыцыйна ідуць насустрач ААТ «Жацерава», ААТ «Вішнявецкі-агра». Іх кіраўніцтва разумее, што падтрыманне парадку на могілках – гэта агульная задача.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *