З пошты “Праменя”

На сувязі - рэдакцыя Нумары

АМЕРЫКАНЦАМ СПАДАБАЛАСЯ ДЗЕРАЎНАЯ

У кастрычніку мы сустракалі ў нашай школе прадстаўнікоў Цэнтра па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый і клуба для англамоўных з горада Мінска. Усяго завітала ў школу 11 гасцей. Гэта кіраўнік клуба для англамоўных Валянціна Голубева, кіраўнік экскурсіі Вольга Аттас і дзевяць чалавек, якія прадстаўлялі розныя краіны свету: Галандыю, ЗША, Вялікабрытанію і Беларусь.

Навучэнцамі нашай школы была падрыхтавана прывітальная праграма на беларускай і англійскай мовах. З вялікім задавальненнем госці азнаёміліся са школай. Кіраўніцтва запрасіла гасцей у кабінет гісторыі, дзе ім быў прапанаваны наш беларускі чай з дамашняй выпечкай. І адначасова ўсе разам з цікавасцю праглядзелі відэафільм пра аграгарадок Дзераўная. Сустрэча з навучэнцамі і настаўнікамі школы адбылася ў музеі «Стаўбцоўшчына літаратурная», дзе спачатку была праведзена экскурсія на беларускай і англійскай мовах, а затым нашы навучэнцы мелі магчымасць паразмаўляць з гасцямі на англійскай мове.

Словы ўдзячнасці пакінулі госці ў кнізе водгукаў наведвальнікаў музея. Вось вытрымкі з іх запісаў: «Дзякуй за цудоўную экскурсію па школе. Мне сапраўды спадабаліся вашы прэзентацыі. Вельмі ўражаны вашым музеем і тым, як усе размаўляюць на англійскай мове», – так выказаўся госць з Галандыі Крыс Андэрсан. Прадстаўнік Вялікабрытаніі Тэрры запісаў: «Самае запамінальнае і цікавае наведванне. Прыгожая зямля, населеная прыгожымі людзьмі». Госць з ЗША Ханна таксама выказала словы ўдзячнасці: «Цудоўнае наведванне вашай школы. Вялікі дзякуй за прыём і гасціннасць. Вашы навучэнцы таленавітыя і іх чакае паспяховае будучае» .

У гэты дзень госці наведалі мясцовы касцёл, стадыён «Меліяратар».

Вельмі прыемнае такое меркаванне, выказанае шчыра, ад гасцей з замежжа. Сапраўды, наш народ, маляўнічыя краявіды робяць самае добрае ўражанне ў многіх, хто сюды прыязджае ўпершыню. І асабліва радуе, што выдатныя водгукі аб нашай сельскай школе.

Юлія ПУГАЧ, член аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт»Дзераўнянскай СШ

 

Я ЖЫВУ ДЛЯ ТАГО, КАБ…

У рамках VI педагагічнага марафону «Развіццё педагагічнай культуры: традыцыі і інавацыі» ў Горкаўскай сярэдняй школе адбыўся Дзень работніка сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Праходзіў ён у форме ток-шоу «Как прекрасен этот мир». Вядучай яго была педагог сацыяльны Л. А. Гіраеўская. Як дапамагчы падлетку заглянуць у сябе, адчуць сябе асобай, асэнсаваць свае мэты і сэнс жыцця, сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю – на ўсе гэтыя важныя пытанні стараліся даць адказ педагогі сацыяльныя ўстаноў адукацыі раёна, вучні-старшакласнікі, урач-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы С. М. Карэлін, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А. С. Шыдлоўская, урач-валеолаг РЦГіЭ, загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» В. С. Кажамяка, настаяцель храма Іаана Прадцечы вёскі Вішнявец іерэй Генадзій Кійко, эксперт клуба «Сем Я» А. М. Гоцкая, інвалід-калясачнік М. М. Шарамет.

Гучалі філасофскія прытчы пра сэнс жыцця, праходзілі дзелавая гульня «На што патраціць жыццё» і прэзентацыя слайдаў з незакончанымі думкамі, на якія патрэбна знайсці адказ, зачытвалі вытрымкі з сачыненняў школьнікаў аб праблемах сучаснага маладога пакалення, ішла размова аб канфліктах паміж бацькамі і дзецьмі, госці адказвалі на пытанні падлеткаў, а ў выніку быў намаляваны вусны партрэт сучаснага маладога чалавека ў ідэале.

На працягу сустрэчы юныя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці радавалі прысутных сваім талентам.

Рэфлексійным момантам з’явіўся адказ школьнікаў на пытанне: «Я жыву для таго, каб…». На памяць аб сустрэчы кожны ўдзельнік атрымаў паштоўку з пажаданнямі.

Яніна ДУШКЕВІЧ

 

АДНАЎЛЯЛІ ЛЕС РАЗАМ

Пракуратура Мінскай вобласці прыняла ўдзел у акцыі «Адновім лясы разам!», арганізаванай Міністэрствам лясной гаспадаркі.

У выхадны суботні дзень калектыў супрацоўнікаў пракуратуры выехаў у квартал Калодзішчанскага лясніцтва Бараўлянскага спецлясгаса Мінскага раёна, дзе ажыццяўляў пасадку сеянцаў сасны.

Прадстаўнікі лясгаса забяспечылі ўдзельнікаў акцыі пасадачным матэрыялам і прыладамі працы, расказалі аб ахове лясоў і лесааднаўленні. Вільготная глеба і тэмпературны рэжым выдатна спрыялі стварэнню новага лесу. Усяго лес адноўлены на плошчы 1,5 гектара.

У гэты пагодлівы восеньскі дзень пракуроры Міншчыны ўнеслі свой уклад у агульную справу пераадолення наступстваў урагану, які пранёсся па вобласці мінулым летам, і атрымалі задавальненне ад працы на свежым паветры.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ, старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *