Падзеі і здарэнні

Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам на мінулым тыдні шлюбаў не зарэгістравана, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі чацвёра маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Назар Вайцэхоўскі, Мікіта Булах, Данііл Алонса’Пэрэс і Аляксей Калевіч.

Зямны шлях закончыўся для 17-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці тыдзень, на шчасце, прайшоў без вогненных здарэнняў. У раёне працягваецца пажарна-прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх у жыллёвым фондзе «За бяспеку разам».

Міліцыяй зарэгістраваны 124 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, у дзвюх з іх устаноўлены падазраваемыя. У Ніўным з салона аўтамабіля, прыпаркаванага на вуліцы Новай, украдзены ноўтбук. Планшэт разам з зарадным прыстасаваннем прапалі з жылога дома ў Ператоках. Жыхар Новай Вёскі, які разбудоўвае свой дом, не далічыўся больш за 20 рулонаў уцяпляльніку і ветраахоўнай плёнкі.

Пракуратурай раёна праведзены аналіз злачынстваў, звязаных з нанясеннем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Па выніках выяўленых парушэнняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства (пры вынясенні следчымі прадстаўленняў аб ухіленні парушэнняў закона) вынесена патрабаванне ў адрас кіраўніцтва раённага аддзела Следчага камітэта.

Суд абмежаваў у волі на тры гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу 20-гадовага жыхара Новага Свержаня, які набываў і захоўваў без мэты збыту наркатычныя сродкі. За крадзеж маёмасці прыгавораны да года выпраўленчых работ з утрыманнем 15 працэнтаў заробку 27-гадовы жыхар Мархачоўшчыны. 31-гадовы мінчанін, раней судзімы, які кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане, пазбаўлены волі на два гады і на пяць гадоў – права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, у яго канфіскаваны аўтамабіль «Мазда-626».

ДАІ выявіла 174 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяць п’яных вадзіцеляў і трое вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 52 недысцыплінаваныя пешаходы і веласіпедысты. Зафіксавана 11 дарожна-транспартных здарэнняў. Усе – без пацярпелых. З 24 кастрычніка па 7 лістапада праходзіць прафілактычная акцыя «Бяспечныя канікулы».

Санітарнай службай знята з рэалізацыі 21,3 літра алкагольных напіткаў у магазіне ПДСУП «Гасцінічны комплекс «Цэнтр» (Заямнае) са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Вінаватыя прыцягнуты да адказнасці.

«Хуткая» атрымала 200 выклікаў, 11 з іх было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *