Нарыхтоўка кармоў

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ЗАБЯСПЕЧЫЦЬ СЫТНУЮ ЗІМОЎКУ

Сельгаспрадпрыемствы раёна нарыхтавалі 78 169 тон кармавых адзінак травяных кармоў, што складае звыш 87 працэнтаў да запланаванага. Яны маюць: 9758 тон сена, 104 492 – сенажу (22 967 тон у палімернай упакоўцы) і 156 405 тон сіласу. Справіліся з заданнем чатыры гаспадаркі – ААТ «Рубяжэвічы», «Жацерава», «Вішнявецкі-агра» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

«Зялёнае жніво» ў гаспадарках практычна завершана. У параўнанні з мінулагоднім вынікам на ўмоўную галаву жывёлы прыпадае на 6,49 цэнтнера кармавых адзінак больш. Варта адзначыць, што ўсе гаспадаркі па гэтым паказчыку спрацавалі з плюсам.

 

ПА НОВАЙ МЕТОДЫЦЫ

Сярэднераённая ўраджайнасць цукровых буракоў сёлета чакаецца ў межах 400 цэнтнераў з гектара. Гэта неблагі паказчык. І менавіта пры такой ураджайнасці цукровыя буракі рэнтабельныя.

Як расказвае начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарча Барыс Барысевіч, цукровыя буракі – таварная культура, і даволі прыбытковая, калі яе шчыра даглядаць. Напрыклад, у ААТ «Вялікі Двор» сёлета ўраджайнасць дасягне шасцісот цэнтнераў. У наступным годзе цукровых буракоў будзе пасеяна 3100 гектараў. Насенне будзе заказана па новай методыцы, прапанаванай Гарадзейскім цукровым камбінатам. Некаторымі гаспадаркамі яна апрабавана ўжо сёлета. Сэнс новага метаду заключаецца ў наступным. Цукровы камбінат забяспечвае буракасейныя сельгаспрадпрыемствы гібрыдамі ў прапорцыі не менш за 20 працэнтаў ранніх буракоў, да 40 – высокацукрыстых, астатнія – высокаўраджайныя. Пры гэтым без указання назвы гібрыду.

– Цукровыя буракі – каліелюбівая культура, – падкрэслівае Барыс Барысавіч. – Для таго каб атрымаць высокую ўраджайнасць нават у засушлівае надвор’е, трэба ўнесці пад іх вырошчванне з восені максімальную колькасць калійных угнаенняў. Амаль на тысячы гектараў мінеральныя ўгнаенні ўжо ўнесены. Заправіць глебу арганікай таксама трэба ў летне-асенні сезон.

 

УЗВОДЗЯЦЦА ТРАНШЭІ

У сельгаставарыствах раёна працягваецца будаўніцтва новых сянажна-сіласных траншэй з жалезабетонных канструкцый для нарыхтоўкі травяных кармоў і якаснага іх захоўвання. Выконваецца пастаўленая губернатарам вобласці задача, каб на кожным сельгаспрадпрыемстве такія аб’екты былі ўзведзены, бо многія сянажныя ямы з-за даўнасці іх будаўніцтва становяцца для гэтага непрыдатнымі. Летась з дзяржаўнай падтрымкай пабудавана 44 новыя сянажна-сіласныя траншэі, сёлета – шэсць. У наступным годзе плануецца ўзвесці яшчэ як мінімум дваццаць дзве. Усяго на тэрыторыях жывёлагадоўчых фермаў налічваецца 135 такіх вытворчых аб’ектаў, старых і новых, умяшчальнасцю звыш 262 тысяч тон.

 

ВАЖКІЯ ПАЧАТКІ

У ААТ «Шашкі» пятнаццаць з засеяных кукурузай 248 гектараў адвялі пад уборку на зерне, якога намалочваюць па 127 цэнтнераў на круг. На ўсёй плошчы высявалі сарты айчыннай селекцыі, насенне купілі на мазырскім кукурузакалібравальным заводзе. Убіраць кукурузу на зерне даручылі вопытнаму камбайнеру Валерыю Калею. Валерый Бярнардавіч вызначыўся на жніве і мае лепшы паказчык сярод калег па намалотах збожжа. Дарэчы, кіраўніцтвам гаспадаркі сёлета набыта новая кукурузная жняярка.

– Мы задаволены ўраджайнасцю кукурузы, – гаворыць галоўны аграном Святлана Талстая. – Атрымалі з кожнага гектара больш як па 355 цэнтнераў зялёнай масы, што дазволіла пакласці ў траншэю больш за восем тысяч тон сіласу. Забяспечаны неблагі паказчык дзякуючы своечасоваму правядзенню ўсіх тэхналагічных аперацый: у аптымальныя тэрміны пасеялі, шчыра даглядалі пасевы і з уборкай справіліся. Асаблівую ўвагу ўдзялілі ўчастку, які вырошчвалі на зерне: выбралі добры папярэднік, унеслі неабходную колькасць угнаенняў, падкармілі.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *