Бяспечныя канікулы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

З 24 кастрычніка па 7 лістапада на тэрыторыі раёна праходзіць абласная прафілактычная акцыя па папярэджанні дарожна-транспартнага траўматызму сярод дзяцей – «Бяспечныя канікулы».

З пачатку года на дарогах раёна з удзелам непаўналетніх зарэгістраваны тры дарожна-транспартныя здарэнні. Усе тры адбыліся ў перыяд летніх канікулаў. Пацярпелі трое дзяцей, якія былі дастаўлены ў бальніцу.

1 чэрвеня ў 19.40 на дваровай тэрыторыі ў Стоўбцах быў учынены наезд на чатырохгадовае дзіця, якое нечакана выбегла на праезджую частку з-за прыпаркаванага транспартнага сродку (у двары дзіця знаходзілася з маці, аднак яна не заўважыла, як сын выбег на дарогу). 13 чэрвеня ў 09.45 на вуліцы Чыгуначнай у Новым Свержані нечакана стала перабягаць праезджую частку вуліцы 15-гадовая непаўналетняя і трапіла пад аўтамабіль. Аналагічны выпадак здарыўся ў Новым Свержані 21 жніўня ў 10.40 на вуліцы Трактарнай – на дарогу нечакана выбег хлопчык васьмі гадоў.

Лічбы статыстыкі і канкрэтныя прыклады сведчаць, што дзеці-пешаходы і дзеці-веласіпедысты з’яўляюцца найбольш неабароненай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху. Сярод распаўсюджаных памылак дзяцей, якія трапляюць у здарэнні, – пераход праезджай часткі ў неўстаноўленым месцы, непадпарадкаванне сігналам святлафора, нечаканы выхад з-за транспартнага сродку ці іншай перашкоды, а таксама знаходжанне на праезджай частцы без суправаджэння дарослых.

Памятаць аб правілах дарожнага руху і быць уважлівымі павінны не толькі дзеці, а і іх бацькі, якія кіруюць транспартнымі сродкамі і перавозяць у якасці пасажыраў дзяцей да 12-ці гадоў без дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, адпаведных росту і вазе дзіцяці. Дапускаецца перавозка дзяцей ва ўзросце да 12-ці гадоў без выкарыстання такіх прыстасаванняў, калі рост дзіцяці перасягае 150 сантыметраў, а таксама ў аўтамабілі-таксі. Забараняецца перавозіць дзяцей на пярэднім сядзенні аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прыстасаванняў, адпаведных росту і вазе дзіцяці, спінка якіх развернута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.

Бацькам неабходна перыядычна нагадваць дзіцяці асноўныя правілы бяспечных паводзін на дарозе. Тлумачце, што ў экстрэмальнай сітуацыі вадзіцелю складана затармазіць пры з’яўленні чалавека на дарозе. У вячэрні час дарога тоіць у сабе масу непрыемнасцяў, і небяспека ўчыніць наезд на пешахода значна павялічваецца ў параўнанні са светлым часам сутак.

Настойліва рэкамендуем бацькам абазначыць сваіх дзяцей на дарозе спецыяльнымі святлоадбівальнымі элементамі – флікерамі. Дзіця ў цёмнай вопратцы можна заўважыць пры бліжнім святле фараў на адлегласці 25 метраў, у светлай вопратцы – на адлегласці да 40 метраў, а з флікерам, прымацаваным на адзенне, пешаход «свеціцца» за 130 – 140 метраў.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *