Музыка душы

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У мінулую нядзелю Маладзечанскі Палац культуры гасцінна расчыніў дзверы перад удзельнікамі і гледачамі светлага, прыгожага мерапрыемства – першага фестывалю духоўных песнапенняў «Музыка душы маёй». Ён прайшоў у рамках рэспубліканскай акцыі «Маладзечна – культурная сталіца Беларусі 2016 года» і быў арганізаваны Маладзечанскай епархіяй і Маладзечанскім Палацам культуры пры падтрымцы мясцовага раённага выканаўчага камітэта.

Уступным словам музычнае свята адкрыў Прасвяшчэннейшы Павел, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі. Уладыка адзначыў, што Царква заўсёды з вялікай увагай адносілася да пытанняў культуры. Добрая музыка аказвае жыватворны ўплыў на выхаванне душы чалавека. І наадварот, пэўныя стылі сучаснай музыкі могуць дэзарыентаваць чалавека ў духоўных і маральных каштоўнасцях. Таму фестываль «Музыка душы маёй» праводзіцца для таго, каб паказаць прыгажосць духоўных песнапенняў, папулярызаваць ідэі маральнасці ў пакаленнях, захаваць беларускую спадчыну ў царкоўнай творчасці і даць магчымасць кожнаму сваёй душой дакрануцца да цудоўнага.

7-29j

На фестываль прыбылі свяшчэннаслужыцелі благачынняў, дэлегацыі прыходаў епархіі, гэты цудоўны вечар прысвяцілі сваёй душы жыхары Маладзечна розных узростаў. Прыгожыя дэкарацыі сцэны ва ўтульнай зале, атмасфера свята і ўрачыстасці з благаславеннем епіскапа стварыла непаўторна цёплы, светлы, прыемны настрой у кожнага.

У фестывалі прынялі ўдзел 14 харавых калектываў з Мінскай вобласці і г. Мінска. Гэта былі прыхадскія хоры храмаў Маладзечанскай епархіі, мастацкія калектывы са званнямі дзяржаўных музычных устаноў, у рэпертуары якіх гучала духоўная музыка. Стаўбцоўскае благачынне на фестывалі прадстаўляў народны вакальны ансамбль «Берагіня» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Першапачаткова ў калектыве спявалі выкладчыкі Стаўбцоўскай школы мастацтваў. Склад ансамбля застаўся той жа, толькі некаторыя ўдзельнікі яго працуюць на іншых пасадах. Заснавальнік і нязменны кіраўнік мастацкага калектыву Тамара Барэхава цяпер з’яўляецца педагогам Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага вучылішча. Ірына Пазняк займае пасаду начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама. Ірына Карніцкая і Алена Бохан выкладаюць у Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў. На фестывалі духоўнай музыкі ў Маладзечне ў конкурсную праграму «Берагіні» былі ўключаны руская народная песня «Вьюн над водой» у апрацоўцы манахіні Іуліяніі Дзянісавай і песня «Маміна сэрца» на музыку Тамары Барэхавай, словы Васіля Жуковіча. Гледачы вельмі прыязна ўспрынялі выдатнае выкананне гэтых твораў удзельнікамі калектыву, так як і журы. Ансамбль «Берагіня» адзначаны дыпломам.

Цырымонію ўзнагароджання ўдзельнікаў фестывалю ў розных намінацыях правялі епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, клірык Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора протадыякан Мікалай Аўсіевіч, член саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, старшыня цыклавой камісіі «Спевы акадэмічныя» Маладзечанскага музычнага каледжа Наталля Шыбко, дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока, якая выказала спадзяванне, што гэты фестываль, які так паспяхова прайшоў, стане традыцыйным.

Падарункам для ўдзельнікаў музычнага свята стала выступленне высокапрафесійнага музычнага калектыву – хору Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска пад кіраўніцтвам рэгента Віталія Сабалеўскага. Гледачы не адзін раз прасілі спевакоў выканаць нумары на «біс» і, нарэшце, удзячныя, віталі артыстаў, устаўшы з крэслаў. Сапраўды, узвышаная цудоўная музыка ўносіць мір у душы і робіць іх больш прыгожымі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *