Умець не «выгараць»

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Усе, хто ведае Валерыя Рыжых, могуць адзначыць у яго такія выдатныя якасці, як нераўнадушная жыццёвая пазіцыя, уменне заставацца актыўным, заўважаць поспехі іншых і не шкадаваць добрага слова для іх, пры гэтым быць патрыётам сваёй справы і ўстановы. Яго арганізатарскія здольнасці, уменне сканцэнтравацца і зарадзіць энергіяй іншых – сапраўдны талент. Гэта прызнаюць былыя калегі з сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы, дзе ён доўгі час выкладаў геаграфію і быў дырэктарам навучальнай установы. Валерый Усеваладавіч задаволены тым, што яго месца на кіраўніцкай пасадзе заняла ініцыятыўны і граматны кіраўнік Аксана Лось, якая працягвае добрыя напрацаваныя традыцыі і шмат што зрабіла для таго, каб школа займела адметны імідж.

1-11-2w

У сярэдняй школе № 2 Валерыя Рыжых заўсёды сустракаюць з радасцю. З гэтай навучальнай установай у Валерыя Усеваладавіча звязаны многія гады жыцця. Пры яго кіраўніцтве школу вызначалі шматлікія інавацыйныя праекты. У ліку іх – адкрыццё аднаго з першых у рэспубліцы педагагічнага класа. Такі адукацыйны праект прыцягваў увагу калег, і школа была на слыху ў краіне. Якой жа радасцю для Валерыя Усеваладавіча стаў працяг гэтай справы. З верасня 2015 года ў рамках профільнага навучання ў адпаведнасці з дагаворам з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка на базе сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы зноў стаў працаваць педагагічны клас. Адзінаццацікласнікі займаюцца па спецыяльнай праграме ўжо другі год, у гэтым навучальным годзе набраны і дзясяты спецыялізаваны педагагічны клас. Валерый Усеваладавіч настолькі зацікаўлена ставіцца да гэтага педагагічнага праекта, што часта наведвае школу, мае сяброўскія стасункі з вучнямі.

– Гэта моцная харызматычная асоба, – гаворыць класны кіраўнік адзінаццатага педагагічнага класа Таццяна Гаўрыленка. – Ён валодае прамоўніцкім майстэрствам, у чым заўсёды пераконваемся, калі Валерый Усеваладавіч выступае на ўрачыстасцях, якія праводзяцца ў нашай школе. Мне падабаецца тое, што вучняў педагагічнага класа ён пазнае на вуліцы, заўсёды пацікавіцца іх поспехамі, не кажучы ўжо пра тое, што ніколі не адмовіць прыйсці па нашым запрашэнні на мерапрыемствы, якія праводзяцца ў нашым класе. Ён не менш за нас, цяперашніх педагогаў, праяўляе інтарэс да асабістага лёсу кожнага вучня, дапамагае нам у выхаваўчай рабоце, сваім вопытам, аўтарытэтам падымае прэстыж прафесіі педагога. Вучням падабаецца з ім мець зносіны. Валерый Усеваладавіч заўсёды эмацыянальны, мэтанакіраваны, педагог, які не «выгараў», што, бывае, здараецца з нашымі калегамі. На працягу доўгай педагагічнай практыкі і кіраўніцкай дзейнасці ён не згубіў сваёй энергіі, аптымізму, патрыятызму, вернасці сваёй навучальнай установе. Усяму гэтаму ў яго можна павучыцца і педагогам, і вучням. Валерый Усеваладавіч як бы куратар нашага педагагічнага праекта, мае высокі выхаваўчы патэнцыял. У мінулым навучальным годзе мы правялі нямала гучных выхаваўчых мерапрыемстваў, фестываляў, конкурсаў. На ўсе запрашалі Валерыя Усеваладавіча. Ён як ідэйны натхняльнік нашых задум.

Здымак, дзе Валерый Рыжых з вучнямі педагагічнага класа Лізаветай Гаўрыленка, Уладзімірам Гарановічам, Лізаветай Лабун, зроблены ў дзень правядзення жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі, дзе вучні педкласа прадстаўлялі сваю прэзентацыю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *