Участковы і дэпутат – у адной асобе

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Хто, як не ўчастковы інспектар міліцыі, дакладна ведае, што адбываецца ў населеным пункце, на той ці іншай вуліцы, а парою і ў асобна ўзятай сям’і?

Ва ўсім гэтым у поўнай меры кампетэнтны маёр міліцыі Павел Карніцкі, на абслугоўванні якога знаходзіцца адзін з самых складаных у раёне адміністрацыйных участкаў. Тэрыторыя Рубяжэвіцкага сельсавета – гэта, акрамя населеных пунктаў, 36 садовых таварыстваў. З усімі старшынямі і членамі таварыстваў ва ўчастковага наладжаны цесны кантакт. Уладальнікам дачаў гэта дапамагае адчуваць бяспечнасць сваю і сваёй маёмасці.

Паўла Карніцкага звязвае з гэтай тэрыторыяй і яе жыхарамі не толькі міліцэйская служба. Сам ён нарадзіўся ў вёсцы Запольцы, у якой і цяпер пражываюць яго бацькі – маці Леакадзія Станіславаўна і бацька Зянон Іосіфавіч. У 1995 годзе закончыў Акадэмію фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь, пасля чаго малады чалавек, фізічна моцны і загартаваны, выбраў службу ў міліцыі. Пачынаў участковым інспектарам у горадзе Стоўбцы, а з мая 1996 года (акурат 20 гадоў!) з’яўляецца нязменным ўчастковым інспектарам на тэрыторыі Рубяжэвіцкага (колішняга Засульскага) сельсавета.

На сваёй тэрыторыі ўчастковы інспектар Павел Карніцкі цесна ўзаемадзейнічае са старшынёй сельвыканкама Алай Стралкоўскай, дырэктарамі ААТ «Каганец» Пятром Малахавым і ААТ «Рубяжэвічы» Андрэем Атрушкевічам, кіраўніком сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула» Уладзімірам Радзевічам, дырэктарамі школ. Разам яны знаходзяць агульную мову і шукаюць шляхі вырашэння ўзнікшых праблем. Іх у вясковых жыхароў бывае нямала – дома, на рабоце або на вуліцы, паміж суседзямі, таму ўчастковы інспектар – адзін з першых, да каго нясуць людзі свае хваляванні і трывогі, у каго просяць дапамогі і абароны.

З 2003 года людзі аказваюць свайму ўчастковаму давер і абіраюць яго дэпутатам Рубяжэвіцкага сельскага Савета. Ён і яго сям’я жывуць сярод людзей, заўсёды на вачах. Доўгі час жылі ў доме, выдзеленым ААТ «Каганец», а ў 2012 годзе завяршылі будаўніцтва ўласнага дома, дзе амаль усё Павел Зянонавіч зрабіў сваімі гаспадарлівымі рукамі. Жывуць дружна вялікай сям’ёй – жонка Святлана (загадчыца Засульскага сельскага дома культуры), сын-школьнік Дзмітрый і дачка Надзея з мужам Дзмітрыем. Маладая пара не так даўно парадавала бацькоў унучкай Арынай… У вольны ад службы час гаспадар любіць заняцца добраўпарадкаваннем двара і прылеглай тэрыторыі.

Кіраўніцтва райаддзела міліцыі пры падвядзенні вынікаў работы ўчастковых неаднойчы заахвочвала Паўла Карніцкага за паспяховае нясенне службы. У калектыве ён служыць прыкладам, для маладых супрацоўнікаў – настаўнікам.

Юлія БЕЛАВУСАВА,начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *