Працоўныя калектывы падтрымалі абавязаных

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Радаснай навіной можна назваць тое, што днямі раённай камісіяй па справах непаўналетніх прыняты два станоўчыя рашэнні – аб вяртанні ў дзве сям’і чатырох дзяцей пасля паспяховай рэалізацыі індывідуальнага плана рэабілітацыі гэтых сем’яў.

У цэлым у раёне за дзевяць месяцаў бягучага года вернуты на выхаванне ў свае шэсць біялагічных сем’яў дзевяць дзяцей. Аднак ёсць і адваротная статыстыка: 17 дзяцей адабраны згодна з Дэкрэтам № 18 з дзевяці сем’яў, у 14-ці бацькоў.

Як адзначае намеснік старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, траіх бацькоў (у адносінах да чатырох дзяцей) суд пазбавіў бацькоўскіх правоў. Гэтыя грамадзяне не прынялі ніякіх мер для таго, каб захаваць самае каштоўнае – сям’ю.

Сярод станоўчага, што напрацавана ў раёне ў ходзе рэалізацыі Дэкрэта № 18, варта вылучыць адносіны працоўных калектываў да абавязаных асоб. Яны не толькі прымаюць іх у сэнсе работнікаў, а і вызначаюцца актыўным удзелам у рэалізацыі індывідуальных планаў у інтарэсах захавання для дзяцей сям’і.

Так, ужо шмат разоў дэманструе падобную зацікаўленасць цэнтральная раённая бальніца, куды, дарэчы, рэгулярна накіроўваюць абавязаных асоб для працаўладкавання. Адзін з апошніх прыкладаў – кіраўніцтва бальніцы настаяла на праходжанні абавязанай асобай лячэння ад алкагольнай залежнасці, забяспечыла яе больш аплатнай работай, дало магчымасць падзарабіць на перыяд замены водпускаў і т. п. У выніку, жанчына ўжо не з’яўляецца абавязанай асобай, яна – як усе, добрая работніца і матуля, у сям’ю якой вернута дзіця. Умацоўвае гэтую сям’ю здаровы лад жыцця маці, падспор’ем служыць і яе стабільны заробак.

Энергазбыт, раённыя электрасеткі, райаграпрамэнерга, а таксама Вішнявецкі сельвыканкам аказалі вялікую дапамогу з падключэннем электрычнасці ў жылы дом адной з абавязаных асоб у Вязаўцы (электрычнасць была даўно адключана за неаплату). Дзякуючы падтрымцы і ўзаемаразуменню з боку ўсіх службаў, дачка абавязанай асобы вярнулася ў сям’ю.

Праявіў нераўнадушны падыход і СЖК «Налібакі»: абавязаная асоба, маці траіх дзяцей, за сродкі гаспадаркі прайшла антыалкагольнае лячэнне і была пераведзена на больш аплатную работу. Гаспадарка сумесна з Налібацкім сельвыканкамам дапамаглі ёй з рамонтам печы, а Стоўбцыгаз – замяніў старую газавую пліту і балон да яе на новыя.

– У гэтым годзе мы нядрэнна працуем у плане вяртання дзяцей у сем’і, – падсумоўвае Наталля Хвасько.

– Пра ўдзел суб’ектаў гаспадарання вы ўжо расказалі. А як бацькі – абавязаныя асобы ўдзельнічаюць у гэтым працэсе?

– Большасць бацькоў задумваюцца і пераасэнсоўваюць сваё жыццё не праз чатыры-пяць месяцаў пасля адабрання дзяцей, а адразу, з першых дзён, з першага месяца. Яны баяцца страціць сваіх дзяцей, і гэтыя бацькоўскія пачуцці штурхаюць іх да цвярозага ладу жыцця, навядзення парадку ў доме, думак пра будучае сваіх дзяцей.

– Значных праблем у плане рэалізацыі Дэкрэта № 18 у раёне на даны момант няма?

– Можна сказаць і так. На месцах ёсць дакладнае веданне патрабаванняў Дэкрэта № 18, каардынацыя дзейнасці з боку сельвыканкамаў, агульная зацікаўленасць. Суб’ектамі гаспадарання, як падкрэслівалася вышэй, праводзіцца вялікая работа. Разам з тым, іншым разам ад іх своечасова не паступае ў камісію інфармацыя аб праведзеных мерапрыемствах, хоць у індывідуальных планах рэабілітацыі сем’яў прапісваюцца ўсе тэрміны. Спадзяюся на сумесную плённую работу ў інтарэсах дзяцей і ў далейшым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *