На абароне правоў спажыўцоў

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

Патрабаванні актаў заканадаўства адносна забеспячэння якасці харчовай сыравіны і прадуктаў і іх бяспекі для здароўя чалавека, правілаў гандлю, парадку прыёму наяўных грашовых сродкаў абавязковыя для выканання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць гандлёвую дзейнасць.

Аднак вынікі праведзеных Камітэтам дзяржаўнага кантролю ў асобных раёнах маніторынгаў спажывецкага рынку несуцяшальныя – пры агульным станоўчым насычэнні гандлёвых аб’ектаў таварамі пытанні іх якасці, цаны і арганізацыі продажу з’яўляюцца надзённымі.

Як і раней, аб’екты рознічнага гандлю не выконваюць патрабаванне заканадаўства адносна абавязку прадаўца перадаць пакупніку тавар ва ўпакаваным выглядзе без узяцця за ўпакоўку дадатковай платы. Значная колькасць суб’ектаў гаспадарання ігнаруюць гэтае патрабаванне, бяруць плату за ўпакоўку такіх тавараў, як яйкі, садавіна-агароднінная прадукцыя, сухафрукты, кандытарскія вырабы, расфасоўваючы іх загадзя ў платныя пакеты. А вось даведаецца аб гэтым пакупнік толькі з чэка, паколькі на цэнніках такая інфармацыя адсутнічае. Пры гэтым у магазінах усё ж былі бясплатныя пакеты, але «знайшліся» яны толькі падчас візітаў спецыялістаў дзяржкантролю.

Па-ранейшаму з’яўляюцца актуальнымі факты рэалізацыі пратэрмінаванай прадукцыі. Напрыклад, у адным з магазінаў Смалявіцкага райспажыўтаварыства пакупнікам прапаноўвалася ажно 12 найменняў харчовых тавараў уласнай вытворчасці з тэрмінам прыдатнасці, які закончыўся. Больш таго, адсутнічала магчымасць ідэнтыфікацыі яшчэ 9 найменняў кулінарнай прадукцыі ўласнай вытворчасці, на якую не быў указаны час прыгатавання ў заборных лістах, што не дазваляла вызначыць, як даўно гэтыя прадукты ляжаць на прылаўку.

У другім магазіне гэтага ж райспажыўтаварыства пры рэалізацыі мясных паўфабрыкатаў не захоўвалася заканадаўства аб тэхнічным фарміраванні і стандартызацыі (атрыманы ў ахалоджаным стане фарш быў замарожаны ў магазіне), санітарныя нормы і правілы (калоды для разрубу мяса па заканчэнні работы не былі пасыпаны соллю), а прадукты для рэалізацыі (апельсіны, грэйпфруты) страцілі таварны выгляд.

Неабходна таксама акцэнтаваць увагу пакупнікоў на выпадках, якія пачасціліся: прыхоўванне тавару і завышэнне цэн.

Да прыкладу, у магазіне Капыльскага райспажыўтаварыства пры наяўнасці цэнніка на грэчку вытворчасці Расійскай Федэрацыі па 3,19 руб. за 800 г прадавалася грэчка беларускай вытворчасці ААТ «Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў», якая каштуе 1,8 руб. за кілаграм. Пры гэтым указанай на цэнніку расійскай грэчкі ў наяўнасці не было. Відавочны факт завышэння цэн. Больш таго, як выявілася, беларуская грэчка паступіла на гэты аб’ект гандлю намнога раней імпартнай і, нягледзячы на больш нізкую цану (танней амаль у два разы), па дакументах прададзена не была. Ніводнага пачка!

У магазіне Смалявіцкага райспажыўтаварыства пры наяўнасці цэнніка 0,62 руб. на моркву, што знаходзілася ў гандлёвай зале, на складзе знаходзілася аналагічная прадукцыя па 0,45 руб., у чым таксама відавочнае завышэнне цэн ці ўкрыццё тавару ад пакупнікоў.

Па-ранейшаму маюць месца выпадкі правядзення рэкламы алкагольных напіткаў і піва з мэтай стымулявання іх рэалізацыі, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» забараняецца. Так, у магазіне «Еўраопт» г. Смалявічы на стэлажах разам з таварам, які рэалізуецца па рэкламных акцыях, былі размешчаны гарэлка і піва (умовы акцыі да гэтых напіткаў не прымяняліся). З гэтага відавочна ці ўвядзенне спажыўцоў у зман, ці правядзенне забароненых рэкламных акцый.

Такое становішча спраў, па ацэнцы Камітэта дзяржкантролю, з’яўляецца вынікам адсутнасці належнага кантролю за работай гандлёвых аб’ектаў з боку раённых цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, службовых асоб і райвыканкамаў, райспажыўтаварыстваў і суб’ектаў гаспадарання, а таксама несумленных адносін непасрэдна саміх прадаўцоў да выканання службовых абавязкаў.

Па ўсіх указаных фактах Камітэт дзяржкантролю прыме самыя жорсткія меры па пакаранні вінаватых. Кантроль за станам спажывецкага рынку будзе прадоўжаны.

Разам з тым хацелася б звярнуцца да пакупнікоў: пры наведванні гандлёвых аб’ектаў не заставайцеся абыякавымі, калі выяўляюцца парушэнні заканадаўства. Пакідайце адпаведныя запісы ў кнігах заўваг і прапаноў, а таксама паведамляйце ў тэрытарыяльныя органы кіравання гандлем. Толькі агульнымі намаганнямі мы навядзём належны парадак у гэтым пытанні.

Аддзел кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *