Узаемадзеянне

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

РАССЛЕДАВАННЕ НА ЎЗРОЎНІ СОЦЫУМУ

Па выніках дзевяці месяцаў 2016 года на тэрыторыі раёна назіраецца рост злачыннасці ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта стала прычынай разгляду работы асобных сельвыканкамаў на раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў.

– Прафілактычная работа вядзецца згодна з зацверджанай раённым выканаўчым камітэтам Комплекснай праграмай, у рамках закона «Аб прафілактыцы», – зазначыла старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева. – У чэрвені бягучага года прайшла комплексная адпрацоўка сельсавета работнікамі міліцыі. Грамадзян, якія ўчыняюць сямейна-бытавыя скандалы ў стане алкагольнага ап’янення, запрашалі на савет грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі, наведвалі іх па месцы жыхарства разам з участковым інспектарам міліцыі. Вялікая работа, у першую чаргу з боку школы, вядзецца з сем’ямі, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Асноўная прычына прызнання дзяцей у такім становішчы – алкагольная залежнасць бацькоў.

У Наваколасаўскім сельсавеце, аб праведзенай рабоце ў якім таксама ішла размова на пасяджэнні раённай камісіі, праблемай становіцца наркаманія. Пры гэтым усе чатыры злачынствы на працягу 2016 года ўчынены раней судзімымі, якія сёлета вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. «Гутарым з патэнцыяльнымі парушальнікамі закона, папярэджваем іх аб магчымым накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Для гэтага дастаткова тройчы з’явіцца ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, – расказвае старшыня Наваколасаўскага сельвыканкама Дзмітрый Каршункоў. – Аднак гэтыя людзі вядуць, як правіла, закрыты лад жыцця».

– Адносна кожнага факта бытавога і іншага п’янства сельвыканкамам неабходна праводзіць на сваім савеце грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі ўнутранае расследаванне, у якім трэба выяўляць прычыны і прымаць адэкватныя прафілактычныя меры, – падсумаваў абмеркаванне намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і звярнуў увагу на работу камісій па барацьбе з п’янствам на прадпрыемствах: – Эфект ад іх будзе толькі тады, калі яны пачнуць працаваць галосна.

З размовы відавочна, што старшыні сельвыканкамаў хацелі б валодаць аператыўнай абстаноўкай на тэрыторыях сельсаветаў, таму і прагучала пажаданне райаддзелу міліцыі – своечасова інфармаваць аб стане крымінагеннай абстаноўкі, наладзіць паміж участковымі інспектарамі і сельвыканкамамі больш цесны абмен інфармацыяй. На агульную думку, эфектыўнасці прафілактычнай рабоце надала б дастаўка ўчастковымі інспектарамі тых, хто ўчыняе правапарушэнне ў стане алкагольнага ап’янення, да ўрача-нарколага.

Урач-нарколаг цэнтральнай раённай бальніцы Сяргей Карэлін адзначыў, што яго дзейнасць ажыццяўляецца ў цесным кантакце з участковымі інспектарамі, дзякуючы чаму захоўваецца станоўчая тэндэнцыя адносна ізаляцыі асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, у лячэбна-працоўны прафілакторый. «Аднак пакуль у нас няма належнага ўзаемадзеяння з сельвыканкамамі адносна прафілактыкі наркаманіі, якая з’яўляецца вялікай праблемай», – удакладніў Сяргей Карэлін.

Як адзначыла метадыст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Грамыка, значная ўвага прафілактыцы наркаманіі надаецца ва ўстановах адукацыі. Сярод вучняў праводзіцца ананімнае анкетаванне на ўжыванне спайсаў, перад імі выступаюць на гэтую тэму работнікі міліцыі і медыкі, праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, у тым ліку ў шосты школьны дзень, і т. п. Вырашана дадаткова паказаць відэафільм «Искушение дъявола» старшакласнікам школы № 3 г. Стоўбцы.

На глебе п’янства распаўсюджана яшчэ адна сацыяльная праблема – суіцыды. Як адзначыла ўрач-псіхіятр ЦРБ Алена Рыжыкава, на Стаўбцоўшчыне за дзевяць месяцаў бягучага года зарэгістравана дзевяць фактаў суіцыдаў і 21 факт – парасуіцыдаў. Часцей за ўсё ідуць на такія адчайныя крокі мужчыны з сельскай мясцовасці з-за сямейна-бытавых праблем, наяўнасці даўгоў і т. п. У прафілактычных мэтах цэнтральнай раённай бальніцай была састаўлена так званая група рызыкі, і тым, хто трапіў у яе, рэкамендавалі наведаць урача-нарколага. Але ж праблема ў тым, што гэтыя людзі да ўрача-нарколага не «даходзяць».

Умацаваць псіхічнае здароўе насельніцтва прызвана і псіхалагічная служба. Спецыяліст-псіхолаг працуе ў тэрытарыяльным цэнтры (апошнім часам тэлефон псіхалагічнай дапамогі ўказваецца на зваротным баку «жыровак»). Як сведчыць рэчаіснасць, людзі баяцца расказваць аб сваіх праблемах, прасіць дапамогі нават у тых, з кім побач жывуць, працуюць. У сувязі з гэтым вырашана нацэліць на адпаведную работу ў працоўных калектывах ідэалагічны актыў раёна. Важна, каб да ўсіх была даведзена інфармацыя і аб існуючых відах дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, зварот за якой у крытычны момант можа аказацца выратавальнай саломінкай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

У АДКАЗЕ ЗА БЯСПЕКУ ДЗЯЦЕЙ

На тэрыторыі раёна ў перыяд з 17 кастрычніка па 11 лістапада праводзяцца мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх у жыллёвым фондзе «За бяспеку разам».

Райаддзел міліцыі нагадвае бацькам аб выкананні сваіх бацькоўскіх абавязкаў, у прыватнасці, звязаных з бяспекай малалетніх дзяцей, а таксама аб прадугледжанай законам крымінальнай адказнасці.

З артыкула 159 Крымінальнага кодэкса:

Свядомае пакіданне без дапамогі асобы, якая знаходзіцца ў небяспечным для жыцця і здароўя стане і пазбаўлена магчымасці прыняць меры да самазахавання з-за маленства, старасці, захворвання або ў выніку сваёй бездапаможнасці, у выпадках, калі віноўны меў магчымасць аказаць пацярпеламу дапамогу і быў абавязаны аб ім клапаціцца, – караецца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў са штрафам ці без штрафу.

З артыкула 165 КК:

Неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга асобай, на якую такія абавязкі ўскладзены па службе, або асобай, якая выконвае гэтыя абавязкі згодна са спецыяльным даручэннем ці добраахвотна прыняла на сябе такія абавязкі, якія пацягнулі нанясенне малалетняму па неасцярожнасці менш цяжкага цялеснага пашкоджання, пры адсутнасці прыкметаў службовага злачынства, – караецца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады (займацца пэўнай дзейнасцю) са штрафам, ці выпраўленчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.

Тыя ж дзеянні, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць малалетняга ці нанясенне яму цяжкага цялеснага пашкоджання, – караюцца ад абмежавання да пазбаўлення волі.

Руслан ХАРУТА,намеснік начальніка райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *