Маніторынг. Які імідж прадпрыемстваў

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

2-112e

Як наводзяць парадак на сваіх і прылеглых тэрыторыях прадпрыемствы горада, які іх санітарны стан і, адпаведна, культура вытворчасці, імідж?

Гэтае пытанне мы высвятлялі разам з памочнікам урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццянай Пархімовіч падчас маніторынгу суб’ектаў гаспадарання. Інфармацыя тым больш актуальная, паколькі праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. На месцах работа часцей за ўсё вядзецца сістэмна, на належным арганізацыйным узроўні, з разуменнем важнасці акрэсленых задач.

Стаўбцоўскае хлебапрыёмнаепрадпрыемства

Хлебапрыёмнае прадпрыемства сустракае міні-будаўнічай пляцоўкай. Сваімі сіламі вядзецца абсталяванне аўтастаянкі прыкладна на 15 машынамесцаў. «Для паркоўкі транспартных сродкаў нашых работнікаў, кліентаў», – тлумачыць галоўны інжынер Іван Таль. Аўтастаянка надасць завершаны выгляд уваходнай групе прадпрыемства і, безумоўна, папрыгажэе, набудзе ўпарадкаванасць і вуліца Зялёная.

На хлебапрыёмным, адным са старэйшых прадпрыемстваў раёна, большасць будынкаў патрабуе рамонту, абнаўлення. Таму гэтыя работы – такі падыход кіраўніцтва прадпрыемства – фактычна не спыняюцца. Яшчэ не выветрыўся пах лаку ў адміністрацыйным будынку, а ўжо пачаты рамонт вагавой.

У памяшканнях, якія раней займала адміністрацыя, створаны бытавыя памяшканні, аснашчаныя ўсім неабходным. Новая плітка, свежыя шпалеры, сучасныя гардэробныя шафы, электрабытавыя прыборы, сродкі дэзынфекцыі і гігіены, у тым ліку аднаразовыя ручнікі. У абедзенны перапынак работнікі з задавальненнем карыстаюцца халадзільнікам, мікрахвалевай печчу, электрачайнікам. Усе яны экіпіраваны спецадзеннем па сезоне. Іх рабочыя месцы забяспечаны сродкамі аховы, укамплектаваны абноўленымі медыцынскімі аптэчкамі. У душавой наладжваецца выцяжка.

Прыемна прайсці і па тэрыторыі прадпрыемства, якая займае вялікую плошчу і пастаянна патрабуе ўборкі. Чыстыя ўсе чатыры кантэйнерныя пляцоўкі. Кантэйнеры пафарбаваны і падпісаны, для іх, як раней рэкамендавала санітарная служба, набыты накрыўкі.

Высвятляецца, што падчас месячніка на прадпрыемстве кожную суботу – суботнік. Работы вядуцца і за бетоннай агароджай, на прылеглай тэрыторыі. Вясною тэрыторыя прадпрыемства была аздоблена дэкаратыўнымі насаджэннямі туй. Гэтымі асеннімі днямі на дагледжаных клумбах дацвітаюць барвовымі фарбамі хрызантэмы.

– Можна і трэба падтрымліваць парадак, у сувязі з чым у маштабах прадпрыемства зацвердзілі свой план добраўпарадкавання, – дзеліцца Іван Таль. Згодна з планам, у бліжэйшай перспектыве – стварэнне асобнай пляцоўкі для захоўвання металалому.

Стаўбцоўскі ўчастак ААТ «Белуторчармет»

Сучасны выгляд і ў Стаўбцоўскага ўчастка ААТ «Белуторчармет». З густам аформлены яго адміністрацыйны будынак. Тэрыторыя абкошана. Парадак адразу кідаецца ў вочы, таму што за абазначанымі зонамі складзіравання ўзвышаюцца груды чорнага і каляровага лому, іншых відаў другасных рэсурсаў. Калі ўсё гэта не прыбіраць, то на месцы прадпрыемства, якое займаецца выключна нарыхтоўкай, узнікне суцэльная звалка. А так – яго хоць на выстаўку адпраўляй. Паўсюдна па тэрыторыі – інфармацыйна-папераджальныя знакі. Устаноўлены кантэйнерныя пляцоўкі, сметніцы. «Для нас з-за спецыфікі вытворчасці адна з праблем – падцяканне з машын масла на асфальтавае пакрыццё», – заўважае інжынер па нарыхтоўцы Сцяпан Скурат. Відавочна, што культуры вытворчасці тут надаецца асаблівая ўвага.

– Біч для большасці прадпрыемстваў – рамонт асфальтабетоннага пакрыцця. Гэты від работ стрымлівае неабходнасць значнага фінансавання, – дадае Таццяна Пархімовіч. На гэта Сцяпан Скурат адказвае, што ў планах прадпрыемства на 2017 год значыцца капітальны рамонт цвёрдага пакрыцця на іх участку.

Не так даўно на ўчастак была набыта пральная машына-аўтамат для мыцця спецадзення. Прадугледжана, што работнікі могуць рабіць гэта і самі, без дапамогі прыбіральшчыцы. Тут жа і душавая, пакой для прыёму ежы з неабходным кухонным абсталяваннем, туалет. Клопат пра здароўе работнікаў праяўляецца і ў тым, што прадпрыемствам пералічаны сродкі цэнтральнай раённай бальніцы на прышчэпкі супраць грыпу сваім работнікам. І прывіцца, дарэчы, выказала жаданне большая частка гэтага невялікага дружнага калектыву. Валеолаг Ала Шыдлоўская выдала рэкамендацыі адносна здаровага ладу жыцця, санітарна-асветніцкай работы ў калектыве.

ЗАТ «ПрэміяАгра»

Пра тое, што напярэдадні нашага прыезду на гэтым прыватным прадпрыемстве прайшоў суботнік, было відавочна без каментарыяў. На прылеглай тэрыторыі, уздоўж бетоннай агароджы, – свежыя сляды ад грабляў, кучы нагрэбенага апалага лісця.

– Наводзім парадак, але сродкаў на ўсё не хапае. Складскія памяшканні, якія прапануем у арэнду, апошнім часам не прыносяць даходу. Так, пафарбавалі агароджу, замянялі вокны ў будынку станцыі тэхабслугоўвання. Нам патрэбен у першую чаргу рамонт асфальтавага пакрыцця, – бачыць праблему кіраўнік Аляксандр Варашкевіч. – З-за дэфіцыту сродкаў змаглі абнавіць толькі асобныя палосы, па якіх рухаецца транспарт.

На тэрыторыі прадпрыемства, якая займае каля трох гектараў, ёсць і іншыя нявырашаныя пытанні. Рэкамендацыі санітарнай службы былі звязаны найперш з упарадкаваннем кантэйнерных пляцовак, вызначэннем пляцоўкі для захоўвання металалому. Патрэбна больш якасная ўборка тэрыторыі і памяшканняў. Пажаданне было выказана і адносна бытавых памяшканняў: на прадпрыемстве яны ёсць, хоць і не поўнасцю аснашчаны ўсім неабходным, аднак узнікла адчуванне, што настылымі памяшканнямі наўрад ці хто карыстаецца.

НА ЗДЫМКАХ: сучасны выгляд у Стаўбцоўскага ўчастка ААТ «Белуторчармет»; у бытавым памяшканні ўчастка; зоны складзіравання шынаў і лому на ўчастку; альтанка вабіць у абедзенны перапынак работнікаў хлебапрыёмнага прадпрыемства; перад хлебапрыёмным прадпрыемствам хутка будзе аўтастаянка.

Маніторынг прадпрыемстваў раёна працягнецца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *