Упушчэнні і парушэнні заканадаўства

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай Стаўбцоўскага раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны», выканання патрабаванняў заканадаўства ў філіяле «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».

У ходзе праверкі выяўлены парушэнні правілаў пажарнай бяспекі. Так, работнікамі філіяла дапускаецца курэнне ў не адведзеным для гэтага месцы, работнікі адміністрацыйна-бытавога корпуса не валодаюць правіламі прымянення пярвічных сродкаў пажаратушэння. На вонкавым баку дзвярэй вытворчых і складскіх памяшканняў адсутнічаюць указальнікі катэгорыі па выбухова-пажарнай і пажарнай небяспецы. Парушэнні правілаў пажарнай бяспекі маюць месца і ў гандлёвым павільёне «Бройлер», размешчаным па вуліцы Магістральнай у Стоўбцах. У прыватнасці, персанал павільёна не валодае правіламі прымянення сродкаў пажаратушэння, размешчаныя ў гандлёвай зале парашковыя вогнетушыцелі не абсталяваны раструбамі.

У ходзе праверкі выканання філіялам ППР «Бройлер» патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва ўстаноўлена, што ў дзейнасці філіяла дапускаюцца парушэнні. Так, ёмістасці для збору адходаў, размешчаныя паблізу адміністрацыйна-бытавога комплексу, знаходзяцца ў тэхнічна няспраўным стане, патрабуюць пафарбоўкі, не абсталяваны накрыўкамі, на іх адсутнічае маркіроўка з указаннем віду адходаў.

Філіялам не праводзіцца па меры неабходнасці рамонт вытворчых і санітарна-бытавых памяшканняў, аконныя блокі гаража не ўтрымліваюцца ў чысціні. Не арганізавана раздзельнае захоўванне асабістага і спецыяльнага адзення работнікаў гаража і ўчастка апрацоўкі транспарту.

Парушаюцца патрабаванні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства і ў гандлёвым павільёне «Бройлер». На ганку гандлёвага павільёна відаць выбоіны ў плітачным пакрыцці, ракавіна для мыцця рук персаналу ў пакоі прыёму ежы не абсталявана сродкамі для дэзынфекцыі. Ёмістасць для ўборкі вітрын не мае выразнай маркіроўкі. На апрацоўчай дошцы для нарэзкі каўбасных вырабаў ёсць расколы, у памяшканні для захоўвання харчовай прадукцыі дапускаецца сумеснае знаходжанне нехарчовых тавараў. На аб’екце дапускаецца гандаль харчовай прадукцыяй з парушэннем цэласнасці ўпакоўкі, а таксама прадаюцца тавары без этыкетак з інфармацыяй аб даце вырабу, тэрміне прыдатнасці, умовах захоўвання.

Філіялам парушаюцца патрабаванні заканадаўства аб захаванасці ўласнасці. Так, на пляцоўцы, на якой размешчаны артэзіянскія свідравіны, а таксама на прылеглай тэрыторыі на адкрытых пляцоўках складзіраваны будаўнічыя матэрыялы, у тым ліку дошкі, брусы, сэндвіч-панэлі, жалезабетонныя вырабы, якія працяглы час не выкарыстоўваюцца. Пры гэтым належная ахова ўказаных матэрыялаў ад уздзеяння атмасферных ападкаў, у тым ліку ва ўмовах нізкай тэмпературы і павышанай вільготнасці паветра, не забяспечана, што прыводзіць да іх разбурэння, страты карысных якасцяў. Меры для належнага ўкрыцця будаўнічых матэрыялаў ці іх перамяшчэння ў ізаляванае памяшканне з боку адказных службовых асоб філіяла не прымаюцца.

У ходзе праверкі выканання патрабаванняў заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй устаноўлена, што кадравай службай філіяла ППР «Бройлер» дапускаюцца выпадкі нясвоечасовага афармлення абавязацельстваў дзяржаўных службовых асоб па захаванні антыкарупцыйных абмежаванняў.

Выяўлены неадзінкавыя факты прадастаўлення неабгрунтаваных ільгот работнікам філіяла, што знайшло адлюстраванне ва ўказанні ў табелях уліку рабочага часу скажоных звестак аб фактычным адпрацаваным часе і наступным яго зацвярджэнні дзяржаўнымі службовымі асобамі, у выніку чаго работнікам неабгрунтавана налічвалася і выплачвалася заработная плата. Згодна са звесткамі, што ўтрымліваюцца ў аўтаматызаванай сістэме «Пасажырапаток», А. у 07.53 у пятніцу, 31.10.2014, выбыў у Рэспубліку Літва. Вяртанне гэтага работніка ажыццёўлена ў суботу, 01.11.2014, у 19.53. Пры такіх абставінах у гэты дзень А. фактычна не мог знаходзіцца на рабочым месцы. Аднак, у адпаведнасці з табелем уліку рабочага часу за кастрычнік, гэты дзень адзначаны 8 адпрацаванымі гадзінамі. Аналагічным чынам дапушчана ўказанне ў табелі ўліку рабочага часу скажоных звестак аб фактычна адпрацаваным часе А. 23.01.2015, які ў рабочы час знаходзіўся за межамі Рэспублікі Беларусь. У выніку дзеянняў асоб, якія склалі і падпісалі ўказаныя табелі ўліку рабочага часу, нягледзячы на парушэнне патрабаванняў працоўнага заканадаўства, работніку філіяла былі незаконна прадастаўлены прывілеі, а канкрэтна – налічана заработная плата за неадпрацаваны час, у сувязі з чым ППР «Бройлер» прычынены матэрыяльныя страты.

У адпаведнасці з абз. 3 ч. 1 арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2015 г. № 305-3 «Аб барацьбе з карупцыяй», прадастаўленне дзяржаўнай службовай асобай неабгрунтаваных ільгот і прывілей фізічным асобам з’яўляецца правапарушэннем, што стварае ўмовы для карупцыі. Згодна з абз. 7 ч. 1 арт. 25 Закона, правапарушэннем, што стварае ўмовы для карупцыі, з’яўляецца наўмыснае прадастаўленне дзяржаўнай службовай асобай няпоўнай ці несапраўднай інфармацыі.

У ходзе праверкі выяўлены факты, што з’яўляюцца ўмовай для карупцыйных праяў пры выкарыстанні транспарту і гаруча-змазачных матэрыялаў, прызначаных для забеспячэння дзейнасці ППР «Бройлер», а таксама выкарыстання работнікамі маёмасці філіяла ў асабістых мэтах.

У рамках праверкі выяўлены недахопы ў арганізацыі работы камісіі па ажыццяўленні закупак тавараў, работ і паслуг, а іменна – у неправядзенні штогадовай замены адной трэці саставу камісіі і яе старшыні.

У ходзе праверкі выканання філіялам ППР «Бройлер» патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян устаноўлена, што ў дзейнасці філіяла маюць месца парушэнні патрабаванняў заканадаўства, якія прад’яўляюцца да парадку вядзення кнігі заўваг і прапаноў, вядзення справаводства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама незахавання патрабаванняў заканадаўства, што прад’яўляюцца да пісьмовых зваротаў юрыдычных асоб.

Так, у пракуратуру паступіў пісьмовы зварот філіяла ППР «Бройлер» аб аказанні садзейнічання па спагнанні з ААТ «Птушкафабрыка «Гарадок» пратэрмінаванай запазычанасці. У парушэнне патрабаванняў заканадаўства, пячаць філіяла «ППР «Бройлер», што завярае подпіс кіраўніка, у звароце адсутнічала, што паслужыла адной з падстаў для вяртання звароту без разгляду. У другім звароце ў пракуратуру ад філіяла па гэтым жа пытанні не быў прыкладзены поўны пакет дакументаў, неабходных для падрыхтоўкі іскавай заявы. Гэта паслужыла падставай для пакідання хадайніцтва філіяла «ППР «Бройлер» без разгляду і вяртання прыкладзеных да яго дакументаў.

У дзейнасці філіяла маюць месца парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя, у тым ліку ў сферах абыходжання з адходамі, аховы атмасфернага паветра і выкарыстання водных рэсурсаў. Так, тэрыторыя, прылеглая да адміністрацыйна-бытавога корпуса, засмечана бытавымі адходамі, а каля аб’екта, што будуецца паблізу вёскі Ждановічы, – адходамі будаўнічых матэрыялаў. Філіялам «ППР «Бройлер» улікі адносна аховы атмасфернага паветра, выкарыстання водных рэсурсаў не вядуцца, інвентарызацыя і ўлік аб’ектаў расліннага свету не праводзяцца, чым парушаюцца патрабаванні заканадаўства.

Па выніках праверкі пракуратурай раёна кіраўніцтву філіяла ППР «Бройлер» унесены адпаведныя акты рэагавання, накіраваныя на ўхіленне ўказаных парушэнняў, прычын і умоў, якія ім спрыяюць.

Пракуратура Стаўбцоўскага раёна

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *