Агляд рэдакцыйнай пошты

На сувязі - рэдакцыя Нумары

image_pdfimage_print

pisma3009НЕ БЫВАЕ МАЛЫХ АХВЯРАВАННЯЎ

Хачу падзякаваць усім прыхаджанам кафедральнага сабора святой праведнай Ганны, стаўбчанам і жыхарам раёна – усім, хто не праходзіць без удзелу міма скарбонкі, якая стаіць на тэрыторыі перад уваходам у храм. У яе збіраюцца ахвяраванні для дзяцей, якія маюць анкалагічныя захворванні. Такім чынам, мы становімся ўдзельнікамі агульнай справы міласэрнасці: па кропельцы дабрыні з розных гарадоў свету прыходзіць — такая патрэбная дапамога цяжка хворым дзеткам. На нашых вачах здзяйсняецца немагчымае па чалавечых мерках і цудоўнае ў планах Божых.

Сапраўдны цуд адбыўся у кастрычніку. Як звычайна я адкрыла скрынку для ахвяраванняў, каб адправіць чарговы перавод тым, хто ў ім мае неадкладную патрэбу. Я ніяк не чакала ўбачыць такую вялікую суму ахвяравання. У выніку пяцёра хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца на лячэнні ад раку, атрымалі па 50 рублёў на іх асабістыя рахункі.

У бальніцы горада Гродна, дзе чакаюць сардэчнага цяпла дзеткі, ад якіх адмовіліся бацькі, і хворыя дзеці, з нашага прыхода адпраўлена вялікая партыя падгузнікаў і гігіенічных сродкаў.

Удзелам у справах міласэрнасці мы рушым стэрэатып, што ў наш час у людзях не засталося нічога чалавечнага, што мы забыліся пра такія паняцці, як узаемавыручка, любоў да бліжняга, дабрыня і прыстойнасць. Хіба мы маем права прайсці міма, калі наша ахвяра можа выратаваць жыццё дзіцяці?! Не бывае малых ахвяраванняў. Любая наша дапамога набліжае на адзін крок дзіця да запаветнай мары – стаць здаровым! Як важна, каб гэтая дапамога была своечасовай.

Міру вам і благаславенняў Божых!

Таццяна ІГУМНАВА,бібліятэкар кафедральнага сабора святой праведнай Ганны

 

ВЫКАЗВАЮЦЬ ШЧЫРЫЯ ПАЧУЦЦІ

Нас радуе, што ў школах раёна актыўна працуюць гурткі «Юны карэспандэнт». Аб гэтым сведчыць рэдакцыйная пошта. Пачытаем пісьмы вучняў.

Дзіяна Шуцько, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3, расказвае аб навінах сваёй установы адукацыі. У прыватнасці, піша пра конкурс вясёлых і знаходлівых: «Нумары ўдзельнікаў былі захапляльнымі і вельмі цікавымі. Гумарысты падрыхтавалі арыгінальныя тэатралізаваныя паказы, не забыўшыся пры гэтым і пра песні. Жартавалі больш пра школу, пра жыццё вучняў і настаўнікаў. Каманда СШ № 3 атрымала грамату «За актыўны ўдзел». Журы пажадала ўдзельнікам працягваць жартаваць, але, вядома ж, асцярожна».

Таццяна Шакаль, член гэтага ж аб’яднання, разважае, якім павінен быць ідэальны настаўнік: «Ён павінен быць добрым, але строгім, і пры гэтым – падабацца дзецям. Настаўнік павінен даваць добрыя веды. Ставіць адзнакі за веды, а не «пад свой настрой». Мая любімая настаўніца Таццяна Тадэвушаўна Пярова. Яна вядзе ў мяне біялогію, гэты прадмет з’явіўся ў нас толькі ў гэтым годзе, але многія ўжо паспелі палюбіць біялогію».

Валерыя Кудзін, таксама член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3, так уяўляе сабе ідэальнага настаўніка: «Для мяне такі ідэал – Карына Яўгенаўна Кротава. Яна вельмі добрая, уважлівая, а галоўнае – можа добра і правільна растлумачыць складаны матэрыял. Выкладае яна ў нас гісторыю. Яна настолькі цікава падае новыя тэмы, што нават самаму непаспяховаму вучню стане цікава».

Дар’я Сушко, Ксенія Канавалава, Альбіна Пяткевіч з гэтай жа школы прысвяцілі свае радкі родным мамам.

Член гуртка «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ Юлія Пугач разважае пра здаровы лад жыцця, патрэбу ў правільным харчаванні. Надзея Трасцянка лірычна расказвае пра грыбны сезон. Максім Прыгожы таксама дзеліцца сваімі ўражаннямі ад наведвання лесу.

Дзіяна Бычкевіч уклала свае патрыятычныя пачуцці, апісваючы родны аграгарадок Дзераўная: «У Дзераўной ёсць вуліцы, назвы якіх звязаны з мясцовымі людзьмі і падзеямі. Вось вуліца Панамарова. Аркадзь Мікалаевіч Панамароў – былы дырэктар Дзераўнянскай сярэдняй школы, камандзір партызанскай брыгады «Спартак» у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго імя носіць і піянерская дружына нашай школы. На вуліцы Калгаснай знаходзіцца помнік землякам, якія аддалі свае жыцці падчас вайны за наша шчаслівае дзяцінства. Вучні нашай школы ўзялі шэфства над гэтым святым для нас месцам. На жаль, у Дзераўной застаўся толькі адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Гэта Аляксандр Іванавіч Жарскі, былы дырэктар нашай школы. Цяпер яму 94 гады, мы наведваем яго, так як ён мае такі шаноўны ўзрост. Вуліца Ваньковіча таксама звязана з канкрэтным чалавекам, які праславіў сваю малую радзіму добрымі справамі і годным жыццём. Раман Леапольдавіч быў знакамітым на ўсю краіну бульбаводам. На гэтай вуліцы знаходзіцца старадаўні касцёл. Сама я жыву на вуліцы Меліяратараў. Калі сонечным днём я іду па вуліцы, то любуюся хараством наваколля і адчуваю сябе шчаслівым чалавекам».

У гэтага аўтара ёсць і вершаваныя творы. Пажадаем і Дзіяне, і іншым юным карэспандэнтам нашай газеты творчасці і натхнення.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

БАГАЧ

Нездарма кажуць, што восень – багатая пара. Прырода гэтай парой прыбіраецца ў пазалоту, а людзі завяршаюць уборку ўраджаю. І калі запоўнены клеці і скляпы, калі прыбраны агароды, людзі ладзяць свята «Багач».

Вось і ў Шашкоўскай школе ўжо завершаны апошнія асеннія работы на прышкольным агародзе, сабраны багаты ўраджай садавіны і гародніны, зроблены значныя запасы на зіму. А таму самы час святкаваць.

У мінулую суботу вучні нашай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы працы і сацыяльнага педагога Ірыны Уладзіміраўны Радзіон падрыхтавалі яркае і шыкоўнае свята «Багач».

У прыгожа аздобленай залатой лістотай зале сабраліся вучні ад пятага да восьмага класа. Акрамя падрыхтаваных настаўніцай вясёлых загадак пра восень, цікавых прыказак і прымавак пра гэтую пару года, рабяты прынялі ўдзел у конкурсе «Асенні карагод». Кожны клас рыхтаваў да свята сваю адметную візітку, асенні букет, і прыдумваў касцюм для каралевы Восені. Журы няпроста было ацаніць канкурсантаў! Фантазіі і майстэрству дзяцей не было межаў. І вазы з гарбузоў, і кошыкі, і самадзельныя карзінкі – усё знайшло сваё прымяненне. А калі пачалася дэманстрацыя касцюмаў, то ў журы разбягаліся вочы ад прыгажосці, якую стварылі дзеці. Адных толькі караляў з рабіны, грэцкіх арэхаў, каштанаў было столькі, што хапіла нават на падарункі і для членаў журы. І як ні дзіўна, але вызначыліся на конкурсе самыя малодшыя ўдзельнікі – пяцікласнікі. Яны не толькі падрыхтавалі некалькі асенніх убораў, але і падмацавалі свае фантастычныя касцюмы прыгожым танцам.

Завяршылася свята ўсеагульным чаяваннем з салодкай выпечкай. І кароннай стравай стаў пірог з яблыкамі са школьнага саду.

Алеся КАЛКОЎСКАЯ, член аб’яднання па інтарэсах «Каласкі»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *