У хлопцаў – аптымістычны настрой

Нумары Раённыя навіны

Па добрай традыцыі на Стаўбцоўшчыне прайшоў Дзень прызыўніка. Настрой у прызыўнікоў перад службай дзелавы, крыху ўсхваляваны, а першыя адпраўкі маладога папаўнення ў войска прызначаны ўжо на 16 лістапада.

– У гэты асенні прызыў адабраны для праходжання тэрміновай ваеннай службы 50 прызыўнікоў. Маладыя людзі накіроўваюцца служыць у розныя воінскія часці Рэспублікі Беларусь, пачынаючы ад сіл спецыяльных аперацый і заканчваючы інжынернымі войскамі, – адзначае начальнік групы прызыву раённага ваеннага камісарыята Аляксей Луцэвіч.

Як правіла, асеннія прызывы выгадна адрозніваюцца ад вясенніх і – у першую чаргу – за кошт дастатковасці рэсурсаў, магчымасці выбіраць. З іншага боку, і прызыўнікі таксама больш падрыхтаваныя, многія – са статусам дыпламаванага спецыяліста. У сёлетнім чэрвені яны атрымалі дыплом і ўжо паспелі паспрабаваць сябе ў прафесіі на першым месцы працы, звальняцца з якога прыходзіцца па вельмі важнай прычыне – у сувязі з выкананнем свайго канстытуцыйнага доўгу.

4-4-11-5z

Пра канкрэтныя асаблівасці гэтага прызыву расказаў Аляксей Луцэвіч:

– Трое прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй будуць служыць паўтэрміну, шэсць месяцаў, таму што закончылі ВНУ з ваеннай кафедрай. 10 прызыўнікоў будуць служыць у рэзерве. Такое права прадастаўлена маладым людзям са складаным сямейным становішчам, каштоўным спецыялістам у вобласці культуры і мастацтваў, спецыялістам сельскагаспадарчага профілю, патрэбу ў якіх мае прадпрыемства і звярнулася з адпаведным хадайніцтвам.

Адзін з асноўных крытэрыяў адбору прызыўнікоў – стан здароўя. Калі многія з іх плануюцца да адпраўкі ў сілы спецыяльных аперацый, то гэта красамоўна гаворыць пра ідэальнае здароўе гэтых маладых людзей. Тыя, у каго медыцынская камісія выявіла пэўныя абмежаванні, будуць праходзіць тэрміновую службу ў воінскіх часцях, у якіх нагрузка адпавядае ступені іх годнасці.

Перад тым як раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў уручыў прызыўнікам павесткі, члены раённай прызыўной камісіі, на чале якой намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, пагутарылі з кожным прызыўніком, пацікавіліся іх настроем і планамі на будучае. Адметна тое, што некаторыя праяўляюць жаданне застацца пасля тэрміновай службы на кантрактную.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *