Можа давядзецца ўключаць «фотафініш»

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

У матчы перадапошняга, 25-га тура чэмпіянату Беларусі ў другой лізе, каманда «Нёман-Агра» ў Калінкавічах з лікам 1:0 перамагла мясцовую «Вертыкаль».

Яшчэ нядаўна калектыў з Калінкавіч прэтэндаваў на тое, каб пацясніць стаўбчан па выніках сезона ў пяцёрцы мацнейшых. Аднак серыя няўдач абумовіла вертыкальны рух гэтай каманды ўніз ад вяршынь турнірнай табліцы. І цяпер рэальнай перспектывай становіцца для іх месца з шостага па восьмае.

А вось нашы нёманцы спадзяюцца на майстэрства і шанцунак, каб завяршыць турнір рэспубліканскага рангу ў ліку прызёраў. З баявым настроем яны выйшлі на поле стадыёна ў Калінкавічах. Хоць і не маглі не трымаць у памяці, што ў жніўні ў Стоўбцах разграмілі гэтага саперніка з лікам 6:0, але ж расслабляцца было нельга. Футбалісты «Нёмана-Агра» пачалі з рашучага наступу. І прыкладна на 15-й хвіліне Дзмітрый Даўбейка адкрыў лік. У далейшым гульня вялася жыва, з выгаднымі момантамі для абедзвюх камандаў. Аднак лік 1:0 на карысць стаўбчан не змяніўся. Гэта цалкам задавальняла наш калектыў, які ўмелымі дзеяннямі адстаяў перамогу.

Цяпер асаблівую цікавасць выклікала тое, як згулялі нашы асноўныя сапернікі, асабліва вынік сустрэчы ў Маладзечне. А там гаспадары поля ўступілі ФК «Клецк» з лікам 0:2. Футбольны клуб «Асіповічы» згуляў унічыю з «Рагачовам-МК» – 1:1.

Перад апошнім турам турнірнае становішча акрэслілася наступным чынам. Загадзя вядомы пераможца спаборніцтваў ФК «Хваля» набраў 57 ачкоў. На другім месцы «Асіповічы» – 45 ачкоў, у «Маладзечна-ДЮСШ-4» – 43, а ў «Нёмана-Агра» і «Клецка» па 42 ачкі. І такая адметнасць футбольнага календара: завяршаюць турнір паядынкамі паміж сабой усе зацікаўленыя прэтэндэнты на прызавыя месцы. У Клецк прыязджае каманда з Асіповічаў, а «Нёман-Агра» прымае «Маладзечна-ДЮСШ-4». Зразумела, што гульні будуць бескампраміснымі, ніхто не захоча ўступаць, каб заняць месца «пад сонцам».

І тут можна ўжо пралічваць варыянты. Зразумела, падняць каманду на прызавы п’едэстал можа толькі перамога. Рашаючы матч на стадыёне «Юнацтва» адбудзецца сёння. Будзем шчыра «хварэць» за нашых!

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *