Дзяцей адабралі ў нарказалежных

Нумары Соцыум Увага - дзецям

image_pdfimage_print

Бяда ў сям’ю прыйшла адтуль, адкуль яе не чакалі. Спачатку думалі, што гэта ўсё так – забава, асабістая справа за дзвярыма асобна ўзятага інтэрнацкага пакоя… Таму і ўтойвалі, усяляк адмаўлялі яе сімптомы. Магчыма, і самі не ўяўлялі памеру бяды, не верылі ў тое, што яна насцігне менавіта іх і заявіцца, канешне ж, без стуку і папярэджання. Знешне і сапраўды мала што выклікала падазрэнне.

Разам з тым, выгляд у гэтай бяды быў злавесны, каварна-цягучы, які бывае ў прыродзе перад навальніцай, стыхіяй. Усе мы ведаем, што іншым разам стыхія таксама нясе з сабою непапраўнае, здольнае сказвацца праз гады, дзесяцігоддзі і нават праз усё жыццё чалавека. Імя ў гэтай разбуральнай «стыхіі» – наркотыкі. Неардынарнасць сітуацыі яшчэ ў тым, што пагрозу сям’і, у якой гадуецца двое малалетніх дзяцей, нясуць абое бацькоў. І бацька, і маці дзяцей пакутуюць ад наркатычнай залежнасці.

Адзін сын нарказалежных бацькоў ужо ходзіць у школу, другі наведвае дзіцячы сад. Ад кіраўніцтва школы ў раённую камісію па справах непаўналетніх паступіла хадайніцтва (падобныя хадайніцтвы былі накіраваны таксама цэнтральнай раённай бальніцай, райаддзелам міліцыі) аб прызнанні гэтых дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. З гэтай сям’ёй раней праводзілася работа, аднак такая прапанова ўзнікла пасля таго, як у адзін з дзён кастрычніка абое бацькоў у стане наркатычнай комы былі дастаўлены ў аддзяленне рэанімацыі…

Наколькі гэты іх публічны «адхадняк» у сценах бальніцы быў страшны, некіруемы, на мяжы з праяўленнем злавесных інстынктаў, могуць «намаляваць» стаўбчане, якія ў гэты час па стане свайго здароўя аказаліся сярод пацыентаў аддзялення, ды і не толькі яны. Наш горад невялікі, і любая інфармацыя разносіцца ў ім з хуткасцю ветру. Пасля бурных і драматычных сцэн пацыенты, якія стаяць не адзін год на ўліку з сіндромам залежнасці ад апіоідаў, выпісаліся з рэанімацыі пад распіску, у ёй галава сям’і пазначыў – «адмаўляемся ад лячэння». Аднак перад нарказалежнымі бацькамі паўстала, згодна з патрабаваннямі Дэкрэта № 18, рэальная пагроза змяніць статус бацькоў на абавязаных асоб.

Бацька дзяцей аператыўна стаў на ўлік у службу занятасці. Даўно ён нідзе не працаваў, хоць мае запатрабаваную будаўнічую спецыяльнасць. За наркотыкі не раз быў асуджаны да турэмнага зняволення. Матуля дзяцей працуе ў адной з арганізацый і, між іншым, мае добрую характарыстыку. На працягу паўтара года ў яе хапіла сілы волі жыць без наркотыкаў. Для дзяцей у сям’і ёсць усе неабходныя бытавыя ўмовы. З гэтым дапамагла і спагадлівая бабуля, якая, прызнаецца, ваявала сваімі сіламі супраць нарказалежнасці блізкіх ёй людзей. Напярэдадні вызначальнага для іх пасяджэння раённай камісіі яны звярнуліся да ўрача-нарколага – з просьбай прайсці лячэнне ад наркатычнай залежнасці.

– Ім гэта сапраўды вельмі неабходна, і ўжо даўно неабходна, але тое, што бацькі «закруціліся» і адчулі праблему толькі тады, як школа пачала збіраць дакументы на адабранне дзяцей, не магло кардынальна паўплываць на рашэнне камісіі адносна задавальнення хадайніцтва, – падкрэслівае намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько.

Адабранне дзяцей з сям’і, максімальны тэрмін якога – шэсць месяцаў, не перашкаджае, а павінна стаць стымулам для бацькоў хутчэй пачаць лячэнне і даказаць – у першую чаргу, сабе, – што здольны збавіцца ад шкоднай звычкі і весці здаровы лад жыцця. У рэспубліканскім спецыялізаваным цэнтры ўжо прызначаны дзень іх шпіталізацыі. Пасля праходжання лячэння бацька будзе афіцыйна працаўладкаваны. Разам з жонкай ім трэба будзе кампенсаваць дзяржаўныя выдаткі на ўтрыманне іх дзяцей.

Для членаў раённай камісіі, якім прыходзіцца разбірацца ў розных праблемах сямейнай нядобранадзейнасці, падобная сітуацыя была яўна нязвычная. «Упершыню ў раёне прычынай адабрання непаўналетніх дзяцей з сям’і стала не алкагольная, а наркатычная залежнасць бацькоў. І гэта не можа не насцярожваць», – звяртае ўвагу старшыня камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Тэма ўжывання наркотыкаў, спайсаў апошнім часам набывае неверагодную злабадзённасць, у тым ліку і ў нашым раёне. Больш таго, з маладзёжнага асяроддзя яна ўжо прарастае глыбей, пранікае ў ячэйку грамадства – сям’ю і паражае яе, як нябачная інфекцыя. Якімі будуць дзеці з такіх сем’яў – пакуль сказаць цяжка, аднак на прыкладзе гэтай сям’і можна меркаваць, што бясследна наўрад ці што праходзіць. Калі ў дашкольніка яшчэ можа зусім цьмянае ўяўленне пра лад жыцця бацькоў, іх звычкі, то ў старэйшага сына-школьніка – цалкам усвядомленае разуменне. Не дай Бог паўтарыць ім у будучым памылкі бацькоў!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *